Прафарыентацыя — інтэрактыўна і цікава

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Набыццё запатрабаванай прафесіі, цікавы вольны час і ўсебаковая самарэалізацыя. Усё гэта прапануюць моладзі ва ўстановах прафесійнай адукацыі Магілёўшчыны.

Сёння кожная ўстанова гэтага профілю эфектыўна функцыянуе і дынамічна развіваецца. Галоўныя арыенціры ў іх дзейнасці — аналіз і прагноз дынамікі структуры занятасці. Сярод ключавых задач — фарміраванне аптымальнага балансу патокаў абітурыентаў па ўзроўнях адукацыі ў адпаведнасці з перспектывамі развіцця рынку працы, найбольш поўнае забеспячэнне патрэбы эканомікі ў кваліфікаваных кадрах.

— Сёлета свае дзверы для абітурыентаў расчыняць 25 устаноў прафесійна-тэхнічнай і ся­рэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць каля 2700, а ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай — 2560 маладых лю­дзей. З улікам маніторынгу рынку працы рэгулярна абнаўляецца пералік спецыяльнасцей. У 2021 го­дзе прафесійныя ліцэі і каледжы плану­юць ажыццяўляць падрыхтоўку па 38 спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і 35 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У адпаведнасці з запытамі прадпрыемстваў і арганізацый, сёлета адновіцца набор па 9 кваліфікацыях. Сярод іх — “электрамеханік па ліфтах”, “кантралёр якасці”, “аператар швей­нага абсталявання” і іншыя, — паведаміў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійна-тэхнічнай адукацыі МДАІРА В.Г.Талсціхін.

Па яго словах, вялікая ўвага ў кожнай навучальнай установе ­ўдзяляецца арганізацыі прафарыентацыйнай работы, папулярызацыі прафесійнай адукацыі сярод мола­дзі. Прычым у апошні час упор робіцца на выкарыстанне сучасных, інтэрактыўных форм прафарыентацыі.

— Гэта выкарыстанне інфармацыйных, гульнявых тэхналогій у ходзе размовы з вучнямі выпускных класаў школ. У нашай вобласці паспяхова функцыянуе абласны прафарыентацыйны партал, на якім кожны навучэнец можа знайсці любую інфармацыю і аб прафесіях, і аб установах прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, у найбліжэйшы час мы плануем запусціць тэматычны YouTube-канал, на якім будуць выходзіць выпускі, прысвечаныя ўсім прафесійным навучальным установам, — расказаў Валерый Георгіевіч.

Нядаўна ў ходзе выставы-прэзентацыі навучэнцы школ Магілёва маглі наглядна азнаёміцца з усімі бакамі адукацыйнага працэсу ва ўстановах ПТА. На прэзентацыйных пляцоўках прадстаўнікі навучальных устаноў арганізавалі зносіны з патэнцыяльнымі абітурыентамі ў інтэрактыўнай форме: не толькі расказвалі аб спецыяльнасцях, але і прапаноўвалі паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах, прафесійных пробах.

Увагу ўсіх наведвальнікаў прыцягвала пляцоўка Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. МДЭПТК без перабольшання адна з самых паспяховых прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Сёння гэты каледж уяўляе сабой своеасаблівы інавацыйны вучэбны комплекс сучаснага тыпу, які ўключае ў сябе тры віды ўстаноў: ПТА, ССА і Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пералік спецыяльнасцей ва ўстанове вельмі разнастайны і пастаянна абнаўляецца. Так, сёлета тут адкрываюць набор па прафесіях агента па абслугоўванні аўтамабільных перавозак; аператара ЭВМ і выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ; агента рэкламнага.

Якаснае навучанне па запатрабаваных спецыяльнасцях і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома заўсёды гарантуе сваім навучэнцам Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Гэта шматпрофільная, шматузроўневая ўстанова, арыентаваная на інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя працоўныя кадры для сферы гандлю і грамадскага харчавання. Тут рэалізуюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Пералік спецыяльнасцей у нас рознабаковы. Таксама мы ўдзяляем значную ўвагу не толькі якасці навучання, а і ўсебаковаму развіццю здольнасцей дзяцей. Вопытныя педагогі імкнуцца раскрыць патэнцыял кожнага навучэнца. І ў гэтым кірунку ёсць значныя вынікі. Нашы навучэнцы — пастаянныя пераможцы разнастайных творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў і спартакіяд. Асабліва ганарымся поспехамі навучэнцаў у руху WorldSkills, — расказала дырэктар каледжа В.М.Страхалет.

Падчас выставы ўсе ўстановы прафесійнай адукацыі годна прадстаўлялі сябе. Цікавыя майстар-класы дэманстраваліся на пляцоўках Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага кале­джа, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва, Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага, Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 і інш.

— Такія інтэрактыўныя пляцоўкі адкрываюць шырокія магчымасці для прафарыентацыі. Зносіны ў нефармальнай атмасферы, майстар-класы і наглядныя прэзентацыі дазваляюць цалкам раскрыць перад абітурыентамі грані кожнай прафесіі, — падкрэсліў В.Г.Талсціхін.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.