Прафарыентацыя, кадры, навука

- 16:36Актуально, На парадку дня

У рамках рабочай паездкі на Брэстчыну міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец наведаў Пінск.

Першым пунктам візіту стаў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж, які на працягу 77 гадоў рыхтуе кадры для перапрацоўчай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Штогод установа выпускае больш за 300 высокакваліфікаваных спецыялістаў для айчыннага аграпрамысловага комплексу ў галіне машын і апаратаў харчовых вытворчасцей, тэхналогій захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны, заатэхніі і ветэрынарнай медыцыны. З 2007 года на базе каледжа дзейнічае Пінскі філіял Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Большая частка педкалектыву ўстановы — яе выпускнікі. На дзённай і завочнай форме вучыцца каля 1,1 тысячы чалавек. Сёлета 21 выпускнік атрымаў дыплом з адзна­кай. Праблем з наборам абітурыентаў і размеркаваннем маладых спецыя­лістаў няма дзякуючы мэтанакіраванай праф­арыентацыйнай рабоце са школамі рэгіёна і цеснаму ўзаемадзеянню з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Педагогам каледжа ёсць кім і чым ганарыцца. Па выніках мінулага навучальнага года прадстаўнікі ўстановы заваявалі 42 дыпломы ў конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню, у тым ліку творчых і спартыўных. Тры выкладчыкі і адзін навучэнец адзначаны прэміямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Сярод прыярытэтаў — інавацыі

Актыўна развіваецца валанцёрскі рух. Летась былі сфарміраваны 12 вытворчых студэнцкіх атрадаў, адзін з якіх перамог у абласным фестывалі студатрадаў. Трэба адзначыць, што студатрадаўцы каледжа штогод уваходзяць у тройку лідараў Брэст­чыны.

Шмат увагі ўдзяляецца навукова-даследчай дзейнасці. Так, навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў распрацоўваюць новыя рэцэптуры мясных і малочных прадуктаў, рыхтуюць доследныя ўзоры ў лабараторыях і паспяхова прэзентуюць іх на штогадовым рэспубліканскім конкурсе, арганізаваным Інстытутам мясамалочнай прамысловасці.

Ва ўстанове дзейнічае анатамічны музей, які папаўняецца спецыяльнымі прэпаратамі, што выкарыстоўваюцца ў якасці наглядных дапаможнікаў пры вывучэнні ветэрынарных дысцыплін. 

Моладзь Піншчыны мае ўсе магчымасці для атрымання даступнай і якаснай адукацыі, прафесійнага станаўлення, рэалізацыі сябе як асобы і грамадзяніна.

Андрэй Іванец.

Сярод прыярытэтаў — інавацыйная дзейнасць. Пінскія выкладчыкі паспяхова рэалізавалі рэспубліканскі праект па ўкараненні тэхналогіі мабільнага навучання ў адукацыйны працэс ПТНУ і ССНУ, вынікам якога сталі прадметныя блогі на платформе Google. Сёння ў каледжы працуюць над рэспубліканскім эксперыментальным праектам па апрабацыі методыкі ацэнкі педагагічнай эфектыўнасці сучасных адукацыйных тэхналогій у выкладанні вучэбных дысцыплін прафесійнага кампанента.

Наладжана міжнароднае супрацоўніц­тва з ССНУ аграрнага профілю Украіны і Расіі. Акрамя таго, пінскія навучэнцы займаюцца ў рэсурсных цэнтрах Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага ПТК.

Установа ганарыцца выпускнікамі, многія з якіх сталі прадаўжальнікамі сямейных дынастый працаўнікоў АПК, навукоўцамі і кіраўнікамі буйных прад­прыемстваў.

Па выніках работы за 2020 год каледж занесены на гарадскую і абласную дошкі гонару, а па выніках мінулага прызнаны лепшай ССНУ вобласці. Дырэктар установы Мікалай Вакульчык — сёлетні ўладальнік ганаровага звання “Чалавек года Брэстчыны” ў галіне адукацыі.  

Міністр адукацыі азнаёміўся з матэ­рыяльна-тэхнічнай базай каледжа, умовамі арганізацыі адукацыйнага працэсу і выставай-прэзентацыяй спецыяльнасцей, пабываў у лабараторыях “Мікрабіялогія малака і малочных прадуктаў” і “Тэхнахімічны кантроль малака і малочных прадуктаў”, наведаў музейны пакой баявой славы Піншчыны і “Беларускую хатку”, абмеркаваў з кіраўніц­твам установы актуаль­ныя пытанні развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Падтрымаць адораных

Пра напрамкі развіцця вышэйшай адукацыі размова ішла ў Палескім дзяржаўным універсітэце, у структуры якога 5 факультэтаў і 12 кафедраў і галіновых лабараторый, а таксама 15 філіялаў кафедраў на прадпрыемствах. У ПалесДУ вучыцца больш за 3 тысячы студэнтаў па 18 спецыяльнасцях.   

Асноўны акцэнт — на выкананні навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і тэхналагічных работ, аказанні навукова-тэхнічных паслуг. Для камерцыялізацыі вынікаў навуковай дзейнасці ва ўніверсітэце дзейнічаюць інавацыйныя падраз­дзяленні і навукова-тэхналагічны парк. 

Міністр адукацыі з цікавасцю азнаёміўся з работай лабараторыі “Лонгітудынальныя даследаванні”, экспазіцыямі лабараторый “Інжынірынгавы цэнтр” і “Інжынірынг і дызайн экаасяроддзя”, навукова-метадычным і медыка-біялагічным забеспячэннем падрыхтоўкі спартсменаў у алімпійскіх відах спорту, а таксама сустрэўся з саветам маладых навукоўцаў ПалесДУ.

Андрэй Іванец адзначыў, што асаблівую ўвагу варта ўдзя­ляць якаснай падтрымцы адораных студэнтаў, выяўленню сярод іх патэнцыяльных выкладчыкаў і навукоўцаў, замацаванню маладых педагогаў, падрыхтоўцы навуковых кадраў, інавацыйным распрацоўкам з улікам перспектыўных патрэб эканомікі, дзейнасці органаў студэнцкага самакіравання, сеткаваму ўзаемадзеянню УВА, павышэнню адказнасці арга­нізацый — заказчыкаў кадраў.

Падводзячы вынікі паездкі, міністр падкрэсліў, што развіццё рэгіёнаў — адна з прыярытэтных задач, вырашыць якую без сістэмы адукацыі немагчыма. “Мола­дзь Піншчыны мае ўсе магчымасці для атрымання даступнай і якаснай адукацыі, прафесійнага станаўлення, рэалізацыі сябе як асобы і грамадзяніна. У раёне захавана і добра развіваецца сетка ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія адыгрываюць важную ролю ў пад­рыхтоўцы кадраў для рэгіянальнага рынку працы”, — падсумаваў Андрэй Іване­ц.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.