У рамках ІІ Нацыянальнага чэмпіянату прайшлі і першыя спаборніцтвы JunіorSkіlls Belarus. Сусветны рух JunіorSkіlls скіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да свету прафесій і ўдасканаленне сістэмы прафарыентацыйнай работы, на такіх спаборніцтвах дзеці і падлеткі робяць свой першы крок да прафесійнага выбару. Выхаванцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі спаборнічалі ў такіх кампетэнцыях, як “Мабільная робататэхніка”, “Прамысловая робататэхніка”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Прататыпаванне”, “Нейрапілатаванне”, “Сістэмнае адміністраванне” і “Інжынерны дызайн CAD”. Каардынатарам руху JunіorSkіlls у Беларусі з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Як паведаміў дырэктар С.М.Сачко, па выніках адборачных этапаў у JuniorSkills Belarus — 2016 прыняло ўдзел больш за 80 канкурсантаў з усёй Беларусі. Такія масавыя кампетэнцыі, як “Мабільная робататэхніка”, “Сістэмнае адміністраванне”, прадстаўлены ў дзвюх узроставых групах: 10—13 і 14—17 гадоў. Новыя і прагрэсіўныя кампетэнцыі “Нейрапілатаванне” і “Прамысловая робататэхніка” былі прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе вельмі маштабна. Прыемна адзначыць, што рэгіёны нашай краіны адгукнуліся на прапанову Міністэрства адукацыі паўдзельнічаць у першым спаборніцтве JunіorSkіlls Belarus. Каманды рэгіёнаў былі прадстаўлены ў многіх кампетэнцыях, у тым ліку ў сферы высокатэхналагічных, навукаёмістых галін навукі і тэхнікі, дзе прадугледжваліся даволі складаныя заданні. Але гэта не спыніла нашы рэгіёны, а, наадварот, прыдало падрыхтоўцы канкурсантаў яшчэ большы драйв. Надалі папулярнасць спаборніцтву, павысілі актыўнасць, ініцыятыву, творчы запал канкурсантаў калектыў Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай і інавацыйнай творчасці, а таксама рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй, установы агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на базе якіх і фарміраваўся касцяк каманд. Творчае натхненне, байцоўскі дух і высокі вынік паказалі ўсе ўдзельнікі чэмпіянату JunіorSkіlls, і гэта пры тым, што заданні былі на ўзроўні інжынерных ведаў, але яны аказаліся даступнымі для нашых юных талентаў.
***
Самая вялікая па колькасці каманда на спаборніцтве JunіorSkіlls з Мінска — 22 удзельнікі, якія задзейнічаны ва ўсіх 8 кампетэнцыях. У арганізацыі і падрыхтоўцы юных канкурсантаў вялікая заслуга належыць кіраўніцтву Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў асобе яго дырэктара Г.Л.Шкляр і педагогаў установы. Вячаслаў Мікалаевіч Вінцэк адзін з іх. Ён працуе ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі больш за 20 гадоў, вядзе гурткі па аўтамадэляванні, загадвае кабінетам агульнатэхнічнага мадэлявання, а нядаўна стаў выконваць абавязкі і кіраўніка аддзела. Характэрная рыса педагога — любоў да дзяцей, уменне перадаць выхаванцам сваё майстэрства і жаданне спаборнічаць, калі можна паказаць усё тое, чаму навучыўся. Такія папулярныя сярод моладзі конкурсы, як “ТэхнаІнтэлект”, “Таленты ХХІ стагоддзя”, выхаванцам Вячаслава Мікалаевіча добра вядомыя, і яны з іх заўжды вяртаюцца з узнагародамі. Таму да ўдзелу ў руху JunіorSkіlls яны прыйшлі, як кажуць, у поўнай баявой гатоўнасці. Ужо ў мінулым годзе пачалася падрыхтоўка да спаборніцтва, і асабліва па такіх новых кампетэнцыях, як “Нейрапілатаванне”, “Прататыпаванне”, “Прамысловая робататэхніка”, пра якія пачулі ўпершыню і рыхтаваліся амаль з нуля: з падбору педагогаў, навучэнцаў, з пошуку спонсараў, адкрыцця новых гурткоў для падрыхтоўкі да гэтага конкурсу. Да пошуку педагогаў па навучанні дзяцей адпаведнай кампетэнцыі падключылі УВА, прадпрыемствы, фірмы, дзе ёсць неабходная тэхніка і спецыялісты, якія ёю валодаюць. Напрыклад, навучыць асновам прататыпавання немагчыма без 3D-прынтараў, таму трэба мець і такую тэхніку, і адпаведныя кадры. Палац наладзіў адносіны з рознымі арганізацыямі, якія прадставілі кансультантаў для правядзення спецыяльных заняткаў па прататыпаванні. Усе гэтыя веды вельмі спатрэбіліся на чэмпіянаце. Згодна з заданнем, у кампетэнцыі “Прататыпаванне” трэба было прадэманстраваць веданне асноў чарчэння, уменне “чытаць” чарцёж, працаваць у 3D-праекцыі і ажыццяўляць друк, ведаць устройства 3D-прынтара, умець праводзіць частковую зборку і ажыццяўляць яго настройку.
Дзеці ў гэтай кампетэнцыі выступалі ў дзвюх узроставых групах: 10—13 і 14—17 гадоў. Лягчэй было падабраць дзяцей старэйшага ўзросту, яны праходзяць у старшых класах чарчэнне, а многія з іх маюць вопыт выступлення ў падобных спаборніцтвах. Выбар выпаў на Мікалая Штылёва і Глеба Кавалёва, аднакласнікаў з сярэдняй школы № 37, якія выдатна паказалі сябе ў аўтамадэльным спорце, неаднойчы перамагалі на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, з’яўляюцца вельмі дысцыплінаванымі, адказнымі хлопцамі, якія імкнуцца творча сябе развіваць. У малодшую ўзроставую групу было цяжэй знайсці канкурсантаў. Сярод кандыдатаў вылучылі Аліну Лазута, якая вучыцца ў гімназіі № 174 у 5 класе, і невыпадкова. Дзяўчынка з маленства праяўляла інтарэс да тэхнікі, мадэлявання, цяпер займаецца ваджэннем радыёкіруемых мадэляў, трасамадэлізмам, спартыўнай гімнастыкай і нават любіць паяць і пілаваць. Сярод канкурсантаў пяцікласнік Ілья Бурко, чэмпіён нашай краіны ў малодшай узроставай катэгорыі па радыёкіруемых мадэлях з гімназіі № 36. У палацы перад нацыянальным чэмпіянатам былі арганізаваны спецыяльныя зборы, дзе педагогі праводзілі работу з дзецьмі па пытаннях арганізацыі рабочага месца, па аснашчэнні яго інструментамі і матэрыяламі, правілах правядзення спаборніцтва, па пытаннях тэхнікі бяспекі. Былі арганізаваны гурткі часовага фарміравання, звязаныя з падрыхтоўкай канкурсантаў па новых кампетэнцыях. Адметна, што ў мерапрыемствах па падрыхтоўцы канкурсантаў прымалі ўдзел выкладчыкі нашых універсітэтаў, у тым ліку БДПУ імя Максіма Танка. З пералічаных кампетэнцый некалькі былі масавымі, і для іх лягчэй за ўсё было выбраць удзельнікаў. Напрыклад, “Сістэмнае адміністраванне”. Высветлілася, што ў навучальных установах Мінска гурткоў па гэтым кірунку даволі шмат, таму было з каго выбіраць. Сістэмнае адміністраванне — галіна камп’ютарных тэхналогій, якая ўключае ў сябе шырокі спектр ведаў і навыкаў і патрабуе ад спецыялістаў пастаяннага прафесійнага росту. Змест заданняў па гэтай кампетэнцыі пацвярджаў, што ўдзельнікі павінны мець інжынерныя веды. Спачатку канкурсанты павінны былі выканаць зборку камп’ютара з прадстаўленых кампанентаў. На сабраным камп’ютары трэба было ўстанавіць аперацыйную сістэму Windows, размясціць неабходныя файлы на дыску D; устанавіць MS Office і антывіруснае праграмнае забеспячэнне. Акрамя таго, неабходна было падрыхтаваць да работы другі камп’ютар, выявіць і ліквідаваць яго праграмныя няспраўнасці, устанавіць неабходныя праграмы. У далейшым неабходна было стварыць сетку і выкарыстаць прынтар для раздрукоўкі інфармацыі. Школьнікі паказалі сябе як сапраўдныя камп’ютаршчыкі. Яны вучыліся гэтаму ў сваіх гімназіях, а ў падрыхтоўцы да чэмпіянату ім дапамагалі навучэнцы Мінскага радыётэхнічнага каледжа. Кампетэнцыя “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” таксама вельмі развітая ў Мінску і вельмі папулярная сярод нашых школьнікаў. Згодна з заданнем, трэба было наладзіць БПЛА, які здольны функцыянаваць у ручным і ў праграмным (аўтаномным) рэжыме кіравання для выканання задач. У ліку тэставых заданняў былі “Пасадка на дакладнасць”, дзе неабходна было пасадзіць лятальны апарат на абмежаваную пляцоўку. “Палёт па трасе” прадугледжваў палёт апарата па паветранай трасе праз тры абручы, размешчаныя на рознай вышыні. У “паветраных гонках” трэба было зрабіць розныя паветраныя канфігурацыі. У гэтай кампетэнцыі выступілі Арсеній Штундзер, Канстанцін Гаручка і Міхаіл Кулінковіч.
Кампетэнцыя “Мабільная робататэхніка” таксама масавая. У ёй добра выступілі выхаванцы гімназій №№ 40, 174, 192 Мінска, дзякуючы выдатнай падрыхтоўцы на базе сваіх навучальных устаноў і вопытным педагогам, сярод якіх Ігар Уладзіміравіч Шарамет і Андрэй Алегавіч Зіневіч. Яны вядуць гурткі мабільнай робататэхнікі ў навучальных установах і прывіваюць інтарэс да робатаў сваім выхаванцам.
Акрамя 7 кампетэнцый, на конкурснай пляцоўцы ў Футбольным манежы была прадстаўлена таксама дэманстрацыйная кампетэнцыя “Мехатроніка”, якая арганізавана пры актыўным удзеле міжнароднай фірмы Festo. Госці чэмпіянату змаглі назіраць, як складаюцца робататэхнічныя канструкцыі, а жадаючыя маглі іх самастойна праграмаваць.
Сапраўды, развіццё руху JunіorSkіlls дазволіла ўнесці ў сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі новыя сучасныя напрамкі тэхнічнай творчасці, і пры гэтым не забыты традыцыйныя, якія з’яўляюцца базавымі. JunіorSkіlls падказаў, куды трэба рухацца далей, якія выбіраць формы і метады прафарыентацыйнай работы і як прыцягваць нашых дзяцей да творчасці. У Футбольным манежы былі арганізаваны інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі “Усе грані прафесіі”, на якіх нашы дзеці і падлеткі маглі пазнаёміцца з той ці іншай прафесіяй. Магчыма, гэтыя веды змогуць у будучыні паўплываць на іх жыццёвы шлях, звязаны з рабочым калектывам.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.