Прафарыентацыя: тэорыя, практыка, інавацыі

- 11:46Навіны рэгіёнаў

Навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам “Прафесійная арыентацыя і самавызначэнне навучэнцаў: тэорыя, практыка, інавацыі” сабрала зацікаўленых спецыялістаў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел 160 педагагічных работнікаў з Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцей, Мінска, а таксама Эстоніі і Казахстана.

Канферэнцыя пачалася пленарным пасяджэннем, на якім былі прадстаўлены цікавыя даклады.Першы спікер метадыст упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі А.А.Бяльніцкая расказала аб арганізацыі прафесійнай арыентацыі навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання. Алена Аляксандраўна звярнула ўвагу прысутных на тое, што сучасныя сацыякультурныя ўмовы, інавацыйнае развіццё эканомікі, працэс інфарматызацыі дыктуюць новыя патрабаванні да якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. У сістэме адукацыі гэта знайшло адлюстраванне ў рэалізацыі профільнага навучання і пошуку шляхоў удасканалення прафарыентацыі навучэнцаў. Рэтраспектыўны аналіз развіцця сістэмы прафарыентацыі і профільнага навучання з пачатку 90-х гадоў паказвае: у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі былі апрабаваны розныя шляхі вырашэння праблемы падрыхтоўкі навучэнцаў да ўсвядомленага выбару прафесіі; вырашэнне пастаўленых задач прадугледжвае інтэгратыўны падыход да распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння і кансалідацыю намаганняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу; мэтавыя арыенціры профільнага навучання і прафарыентацыйнай работы збліжаюцца.

Па словах спецыяліста, адной з асаблівасцей профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў нашай краіне з’яўляецца яго прафесійная арыентаванасць. Профільнае навучанне прадугледжвае не толькі вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, але і правядзенне факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці. Гэта патрабуе сістэмнай работы настаўніка па прафарыентацыі вучняў сродкамі вучэбнага прадмета. На жаль, нярэдка прафарыентацыя і вывучэнне прадмета ўспрымаюцца як дзве адасобленыя сферы дзейнасці. Аднак у адукацыйным працэсе яны могуць гарманічна спалучацца. І такая інтэграцыя дае станоўчыя вынікі.

Удзельнікам канферэнцыі было вельмі цікава даведацца аб тым, як арганізавана прафарыентацыйная работа ў іншых краінах. Таццяна Аляксандраўна Дзібоу, аспірант і лектар Талінскага ўніверсітэта, кар’ерны інфаспецыяліст, расказала, што ў Эстоніі навыкі па кар’ерным планаванні з’яўляюцца адной з ключавых кампетэнцый дзяржаўнай стратэгіі “Навучанне ўсё жыццё”, а таксама замацаваны ў дзяржаўным Законе аб адукацыі. Роля каардынатара развіцця кар’ернага планавання аддадзена мэтаваму фонду Innove. Падчас рэалізацыі праграмы фонду “Развіццё сістэмы кар’ерных паслуг” была забяспечана падрыхтоўка кар’ерных спецыялістаў, выдадзены метадычныя і інфармацыйныя матэрыялы, распрацаваны партал па планаванні кар’еры, а таксама адкрыты 17 павятовых інфармацыйна-кансультацыйных цэнтраў Rajaleidja. Кар’ерныя паслугі цэнтраў Rajaleidja бясплатныя для моладзі ва ўзросце ад 7 да 26 гадоў і ўключаюць у сябе прадастаўленне кар’ернай інфармацыі і кар’ернага кансультавання. Кар’ерныя паслугі ў асноўным атрымліваюцца падчас індывідуальнай і групавой работы з выкарыстаннем спецыяльна распрацаваных тэматычных сшыткаў.

Акрамя цэнтраў Rajaleidja, прафарыентацыйная работа вядзецца ў гімназічных класах і прафесійных вучылішчах у рамках кар’ернага навучання, якое з’яўляецца абавязковым прадметам у прафесійных установах Эстоніі і прадметам па выбары ў гімназіях. Таксама прафарыентацыйныя паслугі аказваюць цэнтры па пабудове кар’еры ва ўстановах вышэйшай адукацыі, пры прафесійных установах адукацыі, у павятовых аддзелах дэпартамента рынку працы, дзе адкрыты інфармацыйныя пакоі.

Аб праектах і праграмах, накіраваных на ранняе далучэнне школьнікаў да інфармацыйных тэхналогій, расказаў А.А.Ахрыменка, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР. Аляксей Аляксандравіч адзначыў, што ў нашай краіне праблема недахопу кадраў у ІТ-галіне мае тэндэнцыю росту. Нямала падлеткаў сёння хоча працаваць у ІТ-сферы, аднак многія абітурыенты, паступаючы ва УВА, не арыентуюцца ў шырокай прасторы спецыяльнасцей і прафесій у гэтым кірунку. Неабходна ўдзяляць шмат увагі прафарыентацыі, знаёміць будучых абітурыентаў з сучаснымі тэхналогіямі, праводзіць розныя адукацыйныя мерапрыемствы. Вырашэнню гэтай задачы спрыяюць праекты і праграмы, накіраваныя на работу са школьнікамі. Так, у Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР створана Акадэмія інфарматыкі для школьнікаў. Таксама па ініцыятыве кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій стартаваў сумесны адукацыйны праект па навучанні школьнікаў 2—6 класаў навыкам праграмавання ў асяроддзі Scratch.

Аб шляхах аптымізацыі прафарыентацыі вучняў на педагагічныя прафесіі на прыкладзе работы Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна расказала Вольга Анатольеўна Вітко, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы. Школа цесна супрацоўнічае з БДПУ імя Максіма Танка і ўжо зрабіла 18 выпускаў педагагічных класаў. У мінулым навучальным годзе была арганізавана работа педкласа і педгрупы. На базе школы рэалізоўваецца праект “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Прафарыентацыйная работа ў школе пачынаецца з настаўніка, бо вырашальнае значэнне мае асоба педагога. Вольга Анатольеўна падкрэсліла важнасць стварэння псіхалагічна камфортных умоў для педагогаў, умоў для павышэння кваліфікацыі, маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Значная роля ў прафарыентацыі адводзіцца класным кіраўнікам, якія цесна працуюць не толькі з навучэнцамі, але і з іх бацькамі. Традыцыйнымі ў школе сталі дні прафарыентацыі на педпрафесіі, піяр-акцыі. Арганізавана дзейнасць мабільнай валанцёрскай групы “Добры дзень, настаўнік”. Навучэнцы аказваюць дапамогу педагогам-ветэранам, віншуюць са святамі, складаюць зборнік успамінаў педагогаў. Найбольш цікавым і эфектыўным спосабам прафарыентацыі ў школе лічацца пробы дзяцей сябе ў ролі настаўніка. Павышэнню цікавасці навучэнцаў да педагагічнай прафесіі спрыяюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Дысцыплінуе і арганізоўвае вядзенне партфоліа “Я педагог”, дзе фіксуюцца вынікі вучэбнай і педагагічнай дзейнасці.

Работа канферэнцыі прадоўжылася ў рамках трох секцый: “Тэарэтычныя і кіраўніцкія аспекты прафарыентацыйнай работы”, “Прафарыентацыйная работа ва ўстанове адукацыі”, “Прафарыентацыя як умова паспяховай сацыялізацыі асобы ў сучасным грамадстве”. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі шырокае кола пытанняў і прадставілі эфектыўныя формы і метады прафарыентацыйнай работы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.