Будучыя прадстаўнікі рабочых прафесій на Міншчыне працягваюць спаборнічаць за лідарскія пазіцыі ў адборачных турах абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus. Вызначыліся лепшыя ў кампетэнцыях “Дызайн адзення” і “Зварачныя работы”.
Конкурсныя мерапрыемствы па кампетэнцыі “Дызайн адзення” адбыліся ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. Удзел у іх прынялі майстрыхі, якія ў мінулым навучальным годзе сталі пераможцамі ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Швачка”. Гэта Вікторыя Мароз, навучэнка 3 курса Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Вікторыя атрымлівае ў каледжы прафесію швачкі-краўца. Другая ўдзельніца спаборніцтва Карына Раманчук вучыцца на 3 курсе ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы галіновых тэхналогій і атрымлівае прафесію швачкі-цырульніка.
Дзяўчаты выконвалі тры модулі заданняў на працягу конкурснага дня. Спачатку з аднолькавых прадастаўленых загатовак ім патрэбна было вырабіць жаночую сукенку згодна з эскізам, потым дэкарыраваць выраб і прэзентаваць яго экспертнай групе. Судзілі ўдзельніц конкурсу выкладчыкі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа і начальнік вытворчага філіяла кампаніі “Фармэль”. Эксперты ацэньвалі не толькі якасць і дызайн адзення, якое атрымалася ў выніку, але таксама і тэхналагічную паслядоўнасць пры яго стварэнні, правільнасць выканання прыёмаў пры апрацоўцы вырабу, арганізацыю рабочага месца і ўменне карыстацца швейным абсталяваннем, выкананне правіл аховы працы і пажарнай бяспекі.
“Заданні для дзяўчат былі даволі складаныя, бо вучацца яны не на дызайнераў, а на швачак. Гэта памежныя прафесіі, і ўсё ж розныя, — расказвае член журы выкладчык Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Наталля Мікалаеўна Сафончык. — Аднак дзяўчаты выканалі іх годна. Трэба адзначыць, што з пашывам сукенкі лепш справілася Вікторыя, а дэкарыраваць і прадставіць сваю работу лепш удалося Карыне”.
Пераможцай адборачнага этапу стала Карына Раманчук. Дзяўчыне давялося старанна рыхтавацца да конкурсу, бо зараз у каледжы яна займаецца па іншай спецыяльнасці — “Цырульнік”. Карына разам з выкладчыкамі ўспамінала заняткі па швейным майстэрстве, адпрацоўвала складаныя прыёмы, чытала літаратуру аб дызайне. Карына прызналася, што і выбар прафесіі, і яе згода на ўдзел у конкурсе абумоўлены яе жаданнем дарыць людзям прыгажосць, каб яны часцей усміхаліся.
Лепшага зваршчыка вызначалі ў Жодзіне. 10 навучэнцаў і 2 выпускнікі, прадстаўнікі 11 устаноў адукацыі вобласці, уступілі ў барацьбу ў адборачным туры абласнога этапу па кампетэнцыі “Зварачныя работы”. За дзве гадзіны хлопцам давялося прадэманстраваць сваё майстэрства і выканаць па чарцяжы зборку і зварку кантрольных злучэнняў пры дапамозе розных відаў зваркі.
Ацэньвалі хлопцаў эксперты-практыкі — супрацоўнікі прадпрыемства “БелАЗ”. Яны звярталі ўвагу на тэхналагічную паслядоўнасць выканання заданняў, якасць зваркі і веданне правіл бяспекі на працоўным месцы.
Першае месца падзялілі паміж сабой Руслан Ярмошка, навучэнец Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя, і выпускнік Жодзінскага прафесійнага ліцэя Кірыл Лакціёнаў.
Руслан, Кірыл і Карына прадоўжаць удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, бо менавіта яны прымуць удзел у нацыянальных спаборніцтвах у складзе Мінскай вобласці.
Дар’я РЭВА.