Прафесійная прыгода

- 12:00Навіны рэгіёнаў

Уводзіны ў свет прафесій — гэта як падарожжа ў іншы сусвет. Нават калі гэты сусвет знаходзіцца побач — у родным горадзе. Менавіта са знаёмства з прафесійным светам Гродна мы прапанавалі навучэнцам 6—7 класаў пачаць падрыхтоўку да дарослага жыцця. Ідэя спалучыць два напрамкі выхавання — прафесійнае і полікультурнае — прыйшла ў працэсе рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі полікультурнага выхавання навучэнцаў у выхаваўчую прастору рэгіёна”.

З аднаго боку, Гродна — горад шматлікіх прадпрыемстваў розных галін прамысловасці, з другога — горад з багатай культурнай і гістарычнай спадчынай, часткай якой, між іншым, з’яўляюцца тыя ж самыя прадпрыемствы. Хто, як не маладыя гродзенцы — будучыя прафесіяналы, павінны ведаць усё пра свой горад і рабіць найлепшую яму рэкламу. Гэты факт падштурхнуў да стварэння гульні-падарожжа ў цікавы свет прафесій і прадпрыемстваў Гродна, для якога была выбрана вельмі папулярная сёння форма квеста.

Прафесійны квест Grodno Prof Quest, які быў зладжаны для школ Ленінскага раёна Гродна ў рамках “Прафесійнай суботы”, спалучыў рысы вучэбнага, тэматычнага, гістарычнага і камандастваральнага квеста. Паколькі гэтае падарожжа было абмежавана тэрытарыяльна, асновай маршрутнага ліста стала карта Гродна, на якую ўдзельнікі павінны былі наклеіць лагатыпы 8 прадпрыемстваў горада. Вядома, гэта толькі частка таго, аб чым хацелася расказаць, таму дадатковыя пытанні, на якія ў канцы гульні адказвалі капітаны каманд, не толькі дазволілі вылучыць пераможцу, але і пашырылі веды падлеткаў аб прафесійным свеце Гродна.

Першая падказка вызначыла кірунак, па якім каманды пачалі сваю прафесійную прыгоду. Усяго за паўтары гадзіны Grodno Prof Quest навучэнцы наведалі ТАА “Гроднахлебпрам”, ТАА “Азот”, бюро міжнароднага маладзёжнага турызму “Спадарожнік”, швейна-гандлёвую фірму “Элод”, друкарню, фабрыку мэблі “ЗОВ”, ТАА “Малочны свет”, завод па ўтылізацыі і механічным сартаванні адходаў.

Рухаючыся па падказках — прыказках і прымаўках з ключавымі словамі, гульцы з дапамогай вядучых даведваліся пра цікавыя факты з гісторыі гродзенскіх прадпрыемстваў, адказвалі на пытанні пра людзей, якія там працуюць, пра прадукты іх вытворчасці, выконвалі творчыя заданні. Падбор заданняў на кожнай станцыі быў тэматычным, прычым набытыя навучэнцамі веды тычыліся не толькі прафесійнай сферы. Так, напрыклад, падарожжа на ТАА “Гроднахлебпрам” пачалося з аповеду пра народныя традыцыі і звычаі, звязаныя з гатаваннем хлеба, абмеркаваннем этапаў выпечкі хлеба і таго, людзі якіх прафесій гэта робяць.

Далей, кіруючыся ў турыстычным напрамку, удзельнікі квеста трапілі на станцыю “Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму “Спадарожнік”, дзе даведаліся пра тое, чым займаюцца гід, кіраўнік атэля, аніматар ці барыста, а потым праявілі камандныя навыкі, атрымаўшы заданне правесці “сляпога” турыста (яму завязалі вочы) ад універмага да Фарнага касцёла такім чынам, каб ён не сышоў з намаляванай сцежкі.

Патрабаванні да спецыялістаў у цяперашні час высокія, цэняцца навыкі і здольнасць пераканаць у якасці і карысці сваёй прадукцыі. Таму на станцыі “Фабрыка мэблі “ЗОВ” удзельнікі квеста спрабавалі стварыць эскіз мэблі і апісаць яго, што, канечне, выклікала ў падлеткаў некаторыя цяжкасці.

На станцыі найбольш буйнога прадпрыемства Гродна — ТАА “Азот” — навучэнцы не толькі ўспомнілі, якімі прадуктамі хімічнай прамысловасці яны карыстаюцца штодня, але і здзейснілі свае першыя хімічныя доследы пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі. Вядома, што прафесійная сфера гэтай галіны прамысловасці вельмі вялікая і складаная для ўспрымання шасці- і сямікласнікаў, але спадзяёмся, што першыя доследы стымулююць цікавасць да вучэбнага прадмета “Хімія”.

Важнасць ТАА “Малочны свет” для нашага горада падкрэслівае не толькі твар вядомага жыхара Гродна — алімпійскага чэмпіёна Івана Ціхана на рэкламе прадпрыемства, але і тое, што яго прадукцыю ведаюць і любяць усе гродзенцы. Канечне, шпіёнскія ноткі ў раман пра карысць малака можна дадаць з дапамогай свечкі і папяровай карткі з “малочным” надпісам. Трошкі намаганняў — і на дзіцячых тварах адлюстроўваецца захапленне. Шпіёнскі надпіс разгаданы!

А вось працягам “друкаванай” тэмы, вельмі актуальнай з нагоды 500-годдзя кнігадрукавання ў Беларусі, стала падарожжа ў першую друкарню, якая была адкрыта ў Гродне ў 1775—1776 гг. Крыжаванка, якую разгадвалі навучэнцы, адказала на пытанне аб заснавальніку друкарні — Антоніі Тызенгаўзу.

Важныя праблемы, узнятыя пры завочным наведванні новага прадпрыемства — Гродзенскага завода па ўтылізацыі і механічным сартаванні адходаў, закранаюць не толькі прафесійную сферу, але і наогул нашу будучыню. Чыстае навакольнае асяроддзе, фінансавы прыбытак і альтэрнатыўныя сродкі атрымання энергіі — гэта толькі некаторыя з прычын, якія пераканалі падлеткаў, што трэба вучыцца сартаваць смецце і адходы.
Такім чынам, прафесійны квест Grodno Prof Quest з’яўляецца ўніверсальным мерапрыемствам, якое можна выкарыстаць і ў рабоце па прафесійным станаўленні навучэнцаў, і ў рабоце па полікультурным выхаванні. Да таго ж гэта вельмі добры спосаб арганізаваць вольны час у шосты школьны дзень. З якога боку ні паглядзець, гэта — рухомая форма, якая дае магчымасць замены колькасці станцый, заданняў і ўдзельнікаў, месца правядзення ў залежнасці ад пастаўленай мэты і задач.

Вольга ПЕРАГІНЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання.