Прафесія для выбраных

Уладзімір Маякоўскі, разважаючы аб выбары прафесіі ў сваім вершы “Кім быць?”, рэзюмаваў: “Все работы хороши, выбирай на вкус!” У савецкіх школах нас таксама вучылі, што “ўсе прафесіі добрыя, усе прафесіі важныя”. Памятаю, як у старшых класах на класнай гадзіне мы часта праглядвалі каляровыя брашуркі, у якіх расказвалася пра тую ці іншую прафесію. Але, здаецца, амаль усе мы ўжо выбралі свой далейшы шлях, цвёрда ведалі, чым хочам займацца ў жыцці. Звычайна, гэта была справа, якая больш за ўсё прыходзілася па душы.

Сёння іншае становішча, моладзь у большай меры кіруецца запатрабаваннямі рынку і перспектывамі (і гэта правільна!). Але нехта выбірае прэстыж ці падтрымлівае сямейныя традыцыі, каб не парушыць дынастыю. Зразумела, ёсць і тыя, хто, нягледзячы на зменлівасць часу, робіць выбар згодна з падказкамі свайго сэрца. У любым выпадку выбар прафесіі — адно з найважнейшых рашэнняў, якія прымаюцца чалавекам у жыцці, паколькі мы хочам, каб работа адпавядала нашым інтарэсам і магчымасцям, прыносіла радасць і, што таксама немалаважна, добра аплачвалася.
Ці заўсёды лёгка ўчарашняму школьніку зрабіць выбар? Ці кожнаму па сілах прааналізаваць і ўзважыць усе “за” і “супраць”? Вось чаму неабходна прафарыентацыйная работа, якая ў адукацыйнай сферы вызначаецца як комплекс псіхолага-педагагічных мер, накіраваных на прафесійнае самавызначэнне навучэнца. У ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС юнакі і дзяўчаты ў асноўным прыходзяць мэтанакіравана: сваю будучыню яны хочуць прысвяціць выратавальнай службе. Тым не менш ва ўстанове створаны спецыяльны аддзел, які аказвае прафарыентацыйную падтрымку вучням у выбары будучай прафесійнай дзейнасці і, як кажуць супрацоўнікі аддзела, спрыяе самавызначэнню і жаданню звязаць сваё жыццё з прафесіяй ратавальніка. А як яшчэ можна пранікнуцца справай, калі не стаць на некаторы час прафесіяналам? Таму ў ліцэі было вырашана правесці тыдзень прафарыентацыі, які прымяркоўваўся да Дня ратавальніка. Навучэнцы ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах.
Напярэдадні тыдня ў ліцэі ў гонар прафесійнага свята прайшоў урачысты канцэрт, на якім сабраліся навучэнцы, афіцэры, выкладчыкі, выхавальнікі, ветэраны службы МНС і госці. Шмат у гэты дзень гаварылася пра высакародную прафесію ратавальнікаў.
— Процівагай тэхнагенным катастрофам і стыхійным бедствам заўсёды былі і застаюцца высокі прафесіяналізм, вопыт, ваша цвёрдая дысцыпліна, рашучасць і ўменне знайсці выхад з самых складаных, часам экстрэмальных, сітуацый, — падкрэсліў у сваім выступленні начальнік ліцэя падпалкоўнік унутранай службы Аляксей Дашкевіч.
Размінкай перад спаборніцтвамі стала традыцыйнае зімовае спартыўнае свята — дзень здароўя. Ліцэісты спрабавалі сябе ў розных відах спорту. Лыжныя гонкі, міні-футбол, сілавое дваяборства, плаванне, хакей з мячом, дартс, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі і многія іншыя спаборніцтвы, якія спрыяюць развіццю вынослівасці, спрыту, адвагі, умення працаваць зладжана і згуртавана ў калектыве, — усё гэта, безумоўна, спатрэбіцца будучым ратавальнікам.
Афіцыйна тыдзень прафарыентацыі адкрыў конкурс “Дуэль юных ратавальнікаў”, у якім зборныя каманды ліцэістаў прадэманстравалі не толькі свае веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці і валоданне замежнымі мовамі ў гэтай сферы, але і творчы падыход пры падрыхтоўцы агітацыйных відэаролікаў і віншавальных паштовак да свята. Не засталіся ўбаку навучэнцы, якія былі ў ролі гледачоў: ім неабходна было надзець элементы экіпіроўкі ратавальніка, назвы якіх прапаноўваліся на замежных мовах.
— Работа сучаснага ратавальніка непасрэдна звязана з веданнем англійскай мовы, — тлумачаць арганізатары, — бо нярэдка даводзіцца працаваць з замежным абсталяваннем і ратаваць замежных грамадзян, якія ў апошні час сталі частымі гасцямі нашай краіны.
Вядома, у такой прафесіі вялікае значэнне мае кожная хвіліна, таму неабходна навучыцца рабіць усё хутка і ў любой сітуацыі не губляцца. Якраз гэтыя здольнасці спрабавалі ліцэісты на выставачна-гульнявых пляцоўках, дзе ім патрэбна было спаборнічаць у апрананні баявога адзення, пошуку пацярпеўшага ў задымленым тунэлі, максімальна хутка адшукаць пажарна-тэхнічнае абсталяванне і абсталяваць пажарны шчыт, прадэманстраваць свае навыкі ў аказанні першай медыцынскай дапамогі і правесці сардэчна-лёгачную рэанімацыю на спецыяльных трэнажорах.
Ратавальнікі не толькі ліквідуюць надзвычайныя сітуацыі і тушаць пажары, яны яшчэ ратуюць людзей на вадзе. Менавіта таму ўменне добра плаваць — адзін з найважнейшых навыкаў, які падмацоўваецца спецыяльным трэнінгам па выратаванні і аказанні першай дапамогі. Выратаванне чалавека на вадзе нават не кожнаму даросламу чалавеку па сілах. Але ж юнакі і дзяўчаты вучацца ў спецыялізаванай установе, яны ўжо напалову прафесіяналы, што і даказалі ў спецыяльным конкурсе.
З практыкай ліцэісты справіліся на выдатна, і цяпер ім належала паказаць веданне тэорыі ў эрудыт-гульні “Гісторыя станаўлення пажарнай справы Беларусі”. Шмат хвалявання і эмоцый было падчас віктарыны і разгадвання рэбусаў, прапанаваных сапернікамі. Яшчэ больш ажылі ўдзельнікі гульні і гледачы, калі пачаўся “маўклівы” конкурс, дзе з дапамогай пантамімы паказваліся розныя прадметы, якія выкарыстоўваюць ратавальнікі ў сваёй рабоце пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
У завяршэнні тыдня ліцэісты сустрэліся з ветэранамі МНС. Госці расказвалі маладому пакаленню аб рабоце ратавальнікаў, успаміналі выпадкі тушэння пажараў і выратавання людзей, дзяліліся апрабаванымі на ўласным вопыце сакрэтамі. Навучэнцы не проста слухалі аповеды, яны задавалі шмат пытанняў, раіліся — атрымаўся вельмі добры дыялог.
Ратавальнікамі могуць працаваць толькі выбраныя. Навучэнцы ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС гэта добра ведаюць і з гонарам адчуваюць сябе іх часткай. Кажуць, пагоны выхоўваюць, вучаць дысцыпліне і стараннасці. У вачах ліцэістаў — жывы інтарэс. Яны яшчэ падлеткі, але цвёрда дэманструюць сваю мужнасць, адвагу і рашучасць. Афіцэры з гонарам глядзяць на сваю змену, бо яны ведаюць: няма прычыны хвалявацца за будучыню нялёгкай прафесіі.

Наталля ЛУТЧАНКА.