«Прафсаюзны лідар» Кацярына Жыгунова: жыццё калектыву залежыць не ад сітуацыі, а ад нас саміх

- 9:10Профсоюзный лидер

Без чаго прафсаюзу не дасягнуць поспеху? Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і педагог Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Кацярына Жыгунова ўпэўнена адказвае: “Без калектыву”. Чаму работа ў прафсаюзе не паддаецца рэгламентацыі, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведалася ў пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар”.

Агульная справа

Кацярына Паўлаўна Жыгунова — выкладчыца гісторыі Беларусі і асноў сацыяльна-гуманітарных навук, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. За 4 гады на пазіцыі лідара заваявала не адну вяршыню. Сярод іх і рэспубліканскі конкурс “Прафсаюзны лідар”, у якім наша гераіня была ўзнагароджана дыпломам пераможцы ў намінацыі “Лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў установы сярэдняй спецыяль­най, вышэйшай адукацыі”.

Калі мяне абвясцілі пераможцай, гэта было прыемна, таму што наша праца была ацэнена, — успамінае Кацярына Паўлаўна. — Чаму “наша”? Таму што без калектыву нічога не было б — гэта агульная заслуга.

Конкурс “Прафсаюзны лідар” быў абвешчаны Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі. Камітэт прафсаюза Светлагорскага ін­ду­стрыяль­нага каледжа калегіяльна вырашыў удзельнічаць.

На абласны этап неабходна было прадставіць эсэ аб рабоце пярвічнай прафарганізацыі з пазіцыі лідара, што стала выпрабаваннем для ўдзельніцы: было няпроста выказаць свае думкі на паперы, нічога не прапусціўшы. Да тэксту дадаліся анкета і прэзентацыя “Клічу ў свой прафсаюз”.

Яшчэ адной цяжкасцю стала сцэна: выступаць на публіку складана, а ўсе тры этапы праходзілі менавіта ў такім фармаце. Першы — візітоўка “Я праф­саюзны лідар”. Затым бліцапытанне на веданне прафсаюзнай тэрміналогіі: прама на сцэне былі зададзены пытанні, дзе патрабаваўся хуткі адказ. Трэцяе выпрабаванне — фрагмент прафсаюзнага ўрока, які трэба было прэзентаваць гледачам і журы.

Атмасфера была добразычлівая, — расказвае пераможца. — Дух саперніцтва прысутнічаў, але мы ўсё роўна падтрымлівалі адно аднаго за кулісамі, а на бліцапытанні нават падказвалі, але гэта сакрэт. (Смяецца.) Усе разумелі, што вынік прафсаюзнай работы залежыць ад згуртаванасці, нават на конкурсах. Гэтага ў нас, лідараў пярвічак, не забраць.

Усяму свой час

Як правіла, прафесію ці захапленне выбіраюць, зыходзячы са сваіх мар і інтарэсаў ці парад блізкіх. Але ў выпадку Кацярыны Паўлаўны прафсаюзная дзей­насць сама знайшла яе.

Пасля 18 гадоў работы выкладчыкам каледжа на прафсаюзным сходзе аднагалосным рашэннем мяне выбралі старшынёй, — успамінае Кацярына Жыгунова. — Я падзякавала калектыву за ўскладзены давер і прыступіла да сумяшчэння асноўнай работы з яшчэ адной значнай для мяне дзейнасцю — грамадскай. Думаю, вялікую ролю ў тым, чым я займаюся цяпер, адыграла бацькоўскае выхаванне: мама з татам навучылі мяне паважаць людзей — і я штодзень чацвёрты год працую ў імя калектыву.

Старшынёй Кацярыну Паў­лаўну выбралі ў 2018 годзе. З таго моманту пачаўся актыўны перыяд знаёмства з працэсам работы. Даводзілася шмат у што ўнікаць, шукаць формы ўзаема­дзеяння з людзьмі і наладжваць камунікацыю. Напачатку было крыху страшна, але суцішыць перажыванні дапамагла мінулая пасада сакратара пярвічкі БРСМ.

Кацярына Паўлаўна паспявае дастаткова, каб дзейнасць яе арганізацыі квітнела. Удзельнікі прафсаюза рэгулярна праводзяць масавыя мерапрыемствы як унутры калектыву, так і на раённым узроўні ў выглядзе грамадскіх акцый, конкурсаў і злётаў, заахвочваюць лідараў і актыў, пашыраюць інфармацыйную і прававую работу.

З любымі сітуацыямі, якімі б цяжкімі яны ні здаваліся, Кацярыне Паўлаўне дапамага­юць яе калегі — дзевяць чалавек, якія ўваходзяць у прафсаюзны камітэт і адказваюць кожны за свой напрамак работы (усяго ў прафсаюзе індустрыяльнага каледжа 140 чалавек).

Рашэнні мы прымаем ра­зам, але ў выніку я нясу адказ­насць за ўсё, што адбываецца ў нашым прафсаюзным жыцці, таму за мной і рашаючае слова, — тлумачыць Кацярына Паўлаўна. — А адбываецца многае, бо прафсаюз — гэта мноства кірункаў працы: калектыўна-дагаворная, інфармацыйная, сацыяльна-эканамічная, святкаванне значных дат. Напрыклад, у нас быў няпросты перыяд падчас абвастрэння эпідэміі COVID-19, таму што многім супрацоўнікам трэба было аказваць дапамогу: прыйшлося рэгуляваць выплаты, правільна выбудаваць сістэму дапамогі, але мы справіліся і, на мой погляд, цудоўна.

Вялікую дапамогу і падтрымку ў рабоце прафсаюзнаму лідару аказалі работнікі Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а менавіта Наталля Якаўлеўна Давыдзенка і Мікалай Акімовіч Філіпцоў.

— Добрыя, спагадлівыя і ­неабыякавыя людзі, — зазначае Кацярына Паўлаўна. — Я вельмі ўдзячна ім за падтрымку.

Пачаць з сябе

Варта звярнуць увагу, што ўся прафсаюзная дзейнасць ажыццяўляецца па-за асноўным працоўным часам, гэта прапісана і ў калектыўным дагаворы. А зна­чыць, у сапраўднага актывіста два варыянты: затрымлівацца на рабоце ці браць яе з сабой дадому. Кацярына Паўлаўна выбірае першае. Раней выкладчыца спрабавала браць работы дадому, але хутка зразумела, што ад гэтага пакутуюць яе дзеці і муж.

— Муж разумее мяне і дапамагае, але бацька, калі даведаўся, што мяне чакае жыццё старшыні прафсаюза, сказаў: “Дачушка, добра падумай, гэта няпроста”, — расказвае педагог. — Тата добра знаёмы з партыйнай і прафсаюзнай работай і ўсведамляе ўсю адказнасць. Але мяне гэта не спалохала, бо я дачка сваіх бацькоў і не магу падвесці калектыў.

Нягледзячы на аб’ёмы задач, Кацярына Паўлаўна выконвае іх з радасцю і заўсёды гатова служыць людзям.

Вядома, многае раблю, але ўсё ж не паспяваю на 100%, таму што гэта проста немагчыма, — расказвае Кацярына Жыгунова. — Аднак гэта не толькі дакументы, якіх, дарэчы, нямала, але і займальныя сходы, брэйнштормы над новымі праектамі і па паляпшэнні існуючых, думкі, як дапамагчы супрацоўнікам. Работа ў прафсаюзе — гэта пастаянны пошук кампрамісаў.

Кацярына Паўлаўна паспявае дастаткова, каб дзей­насць яе арганізацыі квітнела. Удзельнікі прафсаюза рэгулярна право­дзяць масавыя мерапрыемствы як унутры калектыву, так і на раённым узроўні ў выгля­дзе грамадскіх акцый, конкурсаў і злётаў, заахвочваюць лідараў і актыў, пашыраюць інфармацыйную і прававую работу.

Адзін з цікавых для калектыву напрамкаў — турыстычна-экскурсійны.  Прафсаюз Светлагорскага індустрыяльнага каледжа пабываў у Тураве, Ляскавічах, Магілёве, Слаўгарадзе, Чырвоным Беразе і на Еўрапейскіх гульнях у Мінску. А наперадзе планы яшчэ больш грандыёзныя. Пра кожную паездку актывісты расказваюць у сваіх сацыяльных сетках і здымаюць міні-фільмы. А вось самым складаным для праф­саюзнага лідара стала калектыўна-дагаворная работа: дакументы, абнаўленне калектыўнага дагавора.

— У інструкцыі не прапісана, што лідар прафсаюза павінен быць юрыстам, псіхолагам, менеджарам, кіраўніком, дыпламатам, падтрымкай, — гаво­рыць Кацярына Паўлаўна. — Але прафсаюзнае жыццё абавязвае быць такім. Таму маштаб, эфектыўнасць і якасць работы вызначаюцца асабістымі якасцямі і кампетэнтнасцю ва ўсіх сферах жыцця, а не толькі статутам арганізацыі.

Кацярына Паўлаўна што­дзень выхоўвае ў сабе лідара і разумее, што абавязкі кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі не абмяжоўваюцца статутам. Яны слаба паддаюцца знешняй рэгламентацыі і іх немагчыма апісаць.

За час работы старшынёй нашага прафсаюза зразумела, што жыццё калектыву залежыць не ад сітуацыі, а ад нас саміх, — аналізуе Кацярына Паўлаўна. — Ад кожнага актывіста, ад яго пазіцыі, учынкаў і стаўлення да справы. Калі мы будзем думаць не толькі пра сябе, то і свет стане лепшым ва ўсім.

 Соф’я ЦЫКУНОВА