Праграміст, які ўмее маляваць

- 11:06World Skills

Сярод прафесійных кампетэнцый, па якіх нашы канкурсанты выступалі на 44-м Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі і ў якой не першы год удзельнічала наша зборная, была кампетэнцыя “Вэб-дызайн і распрацоўка ”. На сёлетнім спаборніцтве яе прадстаўлялі ў якасці эксперта старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Вольга Пятроўна Рабычына, а ў якасці ўдзельніцы выпускніца гэтай жа акадэміі інжынер Валерыя Ладуцька.

Гэтая кампетэнцыя звязана як з вэб-дызайнам, так і з вэб-распрацоўкай у цэлым. Каб рашыць конкурснае заданне, трэба было валодаць асновамі вэб-дызайну, HTML, CSS3, PHP, JavaScript, фрэймворкамі JQuery, Laravel, Angular2, Vue, тэхналогіяй Ajax і CMSWordpress.

Конкурснае заданне на чэмпіянаце было прадстаўлена ў выглядзе чатырох модуляў, кожны з якіх павінен быць выкананы на працягу аднаго конкурснага дня. У першы конкурсны дзень з дапамогай CMSWordpress нашай удзельніцы неабходна было распрацаваць сайт GlobalFashion-2017 для асвятлення ўмоўнага мерапрыемства і продажу білетаў для яго наведвання. Другі дзень быў самым складаным і прадугледжваў напружаную работу з серверам, а дакладней — неабходна было распрацаваць сайт BaniYas, які мог бы дапамагчы карыстальніку дабрацца грамадскім транспартам да неабходнага пункта прызначэння ў пэўны час. У трэці дзень удзельнікам спаборніцтва трэба было распрацаваць гульню StarBattle. У чацвёрты дзень канкурсантаў падзялілі на каманды па чатыры чалавекі, дзе яны павінны былі за 3 гадзіны распрацаваць сайт Мячэці Шэйха Заеда (заснавальніка ААЭ) і прэзентаваць яго. Усе модулі, якія ўваходзілі ў заданне па вэб-дызайне, не былі звязаны паміж сабой. Пасля завяршэння кожнага з іх эксперты ацэньвалі якасць конкурснай работы. У кампетэнцыі прымалі ўдзел канкурсанты з 35 краін — удзельніц чэмпіянату.

— Вэб-дызайн з’яўляецца дынамічнай прафесіяй, якая пастаянна мяняецца, удасканальваецца, як і самі інфармацыйныя тэхналогіі, — расказала Вольга Пятроўна Рабычына. — Сутнасць вэб-дызайну — гэта падтрыманне работы вэб-сайтаў. Але ў найбліжэйшы час плануецца змяніць тэхнічнае апісанне прафесійнай кампетэнцыі. У далейшых спаборніцтвах і на наступным нацыянальным чэмпіянаце, які адбудзецца ў 2018 годзе, гэтая кампетэнцыя будзе мець больш шырокае паняцце і будзе называцца не вэб-дызайн, а вэб-тэхналогіі. Такім чынам ад канкрэтнага вэб-дызайну мы пяройдзем да агульных пытанняў па вэб-тэхналогіях. Раней мы рыхтавалі дызайнера, які ўмее праграмаваць, а цяпер будзем рыхтаваць праграміста, якога навучым маляваць.

Вольга Пятроўна расказала, што за час правядзення чэмпіянату ўсе эксперты, якія прадстаўлялі гэтую кампетэнцыю, вельмі пасябравалі, некаторыя запрасілі ў госці. Так, прадстаўнікі Марока прапанавалі паўдзельнічаць у Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills, які рэгулярна праводзіцца ў гэтай краіне, і выказалі жаданне прыехаць на наш.

Цяпер Вольга Пятроўна, як і іншыя эксперты, рыхтуецца да новых спаборніцтваў. Найбліжэйшае — нацыянальны чэмпіянат, які пройдзе ў маі 2018 года. Вольга Пятроўна будзе занята ў распрацоўцы заданняў па сваёй кампетэнцыі, а таксама па аснашчэнні конкурснай пляцоўкі. Хутка пачнуцца адборачныя этапы чэмпіянату. У Вольгі Пятроўны будуць два ўдзельнікі.

Ала КЛЮЙКО.