Прастора ініцыятыўных і творчых

- 13:56Дадатковая адукацыя

Першы адкрыты конкурс маладых журналістаў “Маладзёжны медыякантэнт” стартаваў у Полацку. Да ўдзелу ў ім арганізатары запрасілі моладзь з устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, дадатковай і вышэйшай адукацыі. Далучыцца да конкурсу і паспрабаваць свае сілы па пяці напрамках — “Відэа”, “Анлайн-журналістыка”, “Фота”, “Радыё”, “Інтэрактыўныя медыя” — могуць аўтарскія калектывы і аўтары ва ўзросце ад 14 да 31 года.

—Мы паставілі мэту аб’яднаць у адзінай інфармацыйнай прасторы з выкарыстаннем магчымасцей вэб-сайтаў творчых маладых людзей Віцебшчыны, якія робяць першыя крокі ў журналістыцы, фота-, кіна- і відэамастацтве, — расказала кіраўнік студыі “Медыя-Мікс” Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Сляпцова. — Конкурс накіраваны на стварэнне ўмоў для асобаснага і творчага самаразвіцця юнакоў і дзяўчат, пашырэнне іх удзелу ў маладзёжным супрацоўніцтве, сацыяльна значнай дзейнасці, рабоце па захаванні і прымнажэнні маральных і культурных традыцый, выхаванні патрыятызму і грама­дзянскай адказнасці, распрацоўцы і рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў маладзёжнай палітыкі, а таксама на прыцягненне прадстаўнікоў улады, бізнесу, СМІ да развіцця стваральнай актыўнасці моладзі, папулярызацыю медыятворчасці і праектнай дзейнасці навучэнцаў і студэнтаў. Першапачаткова збіраліся арганізаваць конкурс для кінааматараў, але потым пашырылі рамкі, таму што ­ўдзельнікам сапраўды ёсць што паказаць. Ключавымі мо­гуць стаць конкурсныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць імкненне маладога пакалення вывучаць гісторыю роднага краю, народныя традыцыі і звычаі, інавацыйны, інтэлектуальны, творчы, культурны патэнцыял дзяцей і моладзі — будучыні нашай краіны. Цікава, чым жыве моладзь.

Ініцыятыву раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, упраўлення па адукацыі падтрымалі Полацкі райвыканкам і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Эксперты з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу названых УВА ўвайшлі ў аргкамітэт і журы. Навучэнцы студыі “Медыя-Мікс” стварылі яркі прома-ролік, з якім можна азнаёміцца на сайце Цэнтра дзяцей і моладзі і ў сацыяльных сетках. Конкурс прадугледжвае правядзенне круглых сталоў, майстар-класаў, дэбатаў і шэрага іншых мерапрыемстваў, уключаючы дыстанцыйныя. Першы этап спаборніцтва завочны, заяўкі на ўдзел і конкурсныя работы прымаюцца да 27 верасня. Згодна з палажэннем, на конкурс прадстаўляюцца відэа-, аўдыя-, фота-, тэкставыя матэрыялы, якія адпавядаюць напрамку, з ілюстрацыямі і інтэрактыўныя праекты, створаныя любымі даступнымі сродкамі.

Канкурсант мае права заявіць адразу некалькі работ, але не больш за адну, пацверджаную асобнай электроннай заяўкай, у кожнай намінацыі. Пры гэтым працягласць відэароліка — да 15 мінут, аўдыяроліка — ад 1,3 да 10 мінут, інтэрактыўнага фільма — да 15 мінут, аб’ём тэкставых матэрыялаў — не больш за 3500 знакаў. Відэа павінна быць зманціравана ў ­адзін фільм, мець пачатковыя цітры з абавязковым указаннем яго назвы, аўтары могуць быць указаны ў пачатку або ў канцы матэрыялу. Відэаролікі прымаюцца ў фарматах avi, mp4, памер кадра 16:9; разрозненне 720х576 px, 1280х720 px, 1920х1080 px, на лічбавых носьбітах або праз спасылку на файлаабменніках ці ў выглядзе адкрытай спасылкі на YouTube, сапраўднай да 27 верасня бягучага года. Фармат конкурснага аўдыяроліка — mp3 з бітрэйтам 320 кбіт/с, wav ці aiff, частата дыскрэтызацыі гуку — 44100 або 48000 Гц, ад 24 біт, стэрэа або мона. У напрамку фота дапускаюцца аўтарскія праекты, што ўтрымліваюць не менш за 5 асобных фатаграфій, аб’яднаных ­адзінай ідэяй, у фармаце jpg з разрозненнем не менш за 2000 px па кароткім боку, магчыма фотаапрацоўка. Не разглядаюцца асобныя фота і работы,  прадстаўленыя не ў выглядзе асобных файлаў у фармаце jpg — напрыклад, прэзентацыі PowerPoint, pdf, gif. Конкурсныя публікацыі або цыклы публікацый для секцыі “Анлайн-журналістыка” прымаюцца ў выгля­дзе публікацый у адным з жанраў перыядычнага друку (нататка, рэпартаж, інтэрв’ю, нарыс і інш.), аб’яднаных агульнай задумай, не выключаецца графічная ілюстрацыя фармату jpg (газета, часопіс). На секцыю “Інтэрактыўныя медыя” ўдзельнікі могуць дасылаць рэалізаваныя інтэрнэт-праекты (сайт, мабільны дадатак, чэлендж, чат-бот, квест, група ў сацыяльнай сетцы, блог, YouTube-канал); камп’ютарныя дадаткі (дапускаецца дэманстрацыйная версія з абавязковай магчымасцю геймплэя), інтэрактыўныя фільмы і медыяінсталяцыі, дызайн гульнявога ўзроўню (гульнявой карты) або дадатак дапоўненай/віртуальнай рэальнасці. Даецца кароткае апісанне праекта з указаннем назвы, мэты, задач, этапаў работы, зместу кантэнту, чаканых вынікаў, колькасці карыстальнікаў з абавязковай спасылкай на інтэрнэт-рэсурс. Для ўдзелу ў завочным адборы праекты для ўказанай секцыі загружаюцца ў выглядзе дэманстрацыйных відэаролікаў працягласцю да 10 мінут у фарматах H264/AAC, mp4 або mov, якія адлюстроўваюць сутнасць праекта, заяўленага на конкурс. Рэгістрацыйная форма ўдзельніка і патрабаванні да афармлення работ размешчаны на сайтах упраўлення па адукацыі райвыканкама і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Правядзенне другога этапу конкурсу і падвядзенне вынікаў плануецца ў Полацку. Да 4 кастрычніка эксперты зробяць ацэнку прадастаўленых матэрыялаў у 28 намінацыях, вызначаць самыя цікавыя артыкулы, праграмы, сцэнарыі, лепшых карэспандэнтаў, вядучых, рэпарцёраў, аператараў. Аўтары найбольш цікавых і змястоўных работ атрымаюць запрашэнне да ўдзелу ў другім (вочным) этапе конкурсу. Вызначэнне і ўзнагароджанне пераможцаў мяркуецца правесці не пазней за 1 снежня. Конкурсныя матэрыялы могуць быць выкарыстаны ў публікацыях на рэсурсах упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама і іншых афіцыйных рэсурсах, інфармацыя аб выніках конкурсу будзе аператыўна размяшчацца на сайце ўпраўлення па адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена студыяй “Медыя-Мікс”
Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.