Праца ў задавальненне

- 7:17Актуально, Актыўная пазіцыя

Будучыня залежыць ад моладзі, а мы, дарослыя, ствараем устойлівы падмурак, лічыць старшыня Гомельскага абласнога савета БРПА Аксана Міхайлаўна Сіраж.

Краіна

— Мая краіна — гэта куток зямлі з гісторыяй, якую я вельмі шаную. Думкі аб ёй — гэта думкі аб сям’і і блізкіх людзях, якія тут жывуць. Я пераканана, што краіна ёсць тады, калі ёсць традыцыі і культура — мы павінны захоўваць іх, каб перадаць будучым пакаленням. З гэтага вынікае і паняцце патрыятызму: любоў да Радзімы і свайго народа, які стагоддзямі ствараў прыгожае.

Будучыня, вядома ж, залежыць ад моладзі, а мы, дарослыя, ствараем устойлівы падмурак. Патрыятычнае выхаванне фарміруе чалавека, які свядома выконвае свой грамадзянскі абавязак. Выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да Радзімы — значыць весці сістэматычную і мэтанакіраваную работу па фарміраванні патрыятычнай свядомасці, вернасці сваёй Айчыне. Неабходна прывіваць любоў да гераічнага і гістарычнага мінулага нашага народа, пачуццё гордасці за родную мову.

БРПА

— Гэтая самая вялікая дзіцячая арганізацыя прадстаўляе маладому пакаленню магчымасць рэалізаваць сябе — з дапамогай праектаў і новых форм работы. Такая дзейнасць прыносіць задавальненне, але бываюць і цяжкасці, — прызнаецца старшыня Гомельскага абласнога савета БРПА. — Дзеці шмат часу губляюць на інтэрнэт-гульні. Для важатых вялікая праца выцягнуць мо­ладзь з гаджэтаў і захапіць іншымі відамі адпачынку, але хачу адзначыць, што ім гэта ўдаецца! І, вядома, у сучаснага піянера двайная нагрузка: вучэбная праграма з кожным годам становіцца больш складанай, у вучня не хапае сіл займацца чымсьці іншым. Аднак усё роўна большасць лідараў піянерыі — круглыя выдатнікі. Гэта даказвае іншым навучэнцам, што ў любой справе галоўнае — жаданне і ўпартасць!

Аксана Міхайлаўна
ўпэўнена, што маладое пакаленне — гэта наша будучыня, таму важна праяўляць дастаткова намаганняў для яго сацыялізацыі. А вольны час, на думку педагога, павінен адлюстроўваць жаданні і патрэбы дзяцей: таму ў Гомельскай вобласці так шмат разнастайных груп па інтарэсах. 

Пра сябе

Аксана Міхайлаўна нарадзілася ў вёсцы Храпкава Хойніцкага раёна. Вучылася ў Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага, атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і па размеркаванні трапіла ў вясковую школу. Па сумяшчальніцтве на палову стаўкі працавала педагогам-арганізатарам. Гэта былі двухтысячныя — піянерскі рух якраз пачынаў актыўна развівацца ва ўсіх школах краіны. 

— Пасля пераехала ў Гомель і ўладкавалася ў гімназію № 51 педагогам-арганізатарам. Конкурсы, паездкі, мноства праектаў — неверагодны час! Піянерыя так зацяг­нула мяне, што ў снежні мінулага года я пачала працаваць у Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, а ў красавіку стала старшынёй абласнога савета БРПА. 

Піянерыя заўсёды ішла рука аб руку з Аксанай Міхайлаўнай з самага пачатку кар’ернага шляху — і ёй гэта сапраўды падабаецца. Яна працуе з дзецьмі, гля­дзiць на іх поспехі, зара­джаецца ад іх пазітыўнай энергіяй i стараецца рабіць кожны іх дзень яшчэ лепшым!

Соф’я ЦЫКУНОВА.