Працягваць справу Песняра

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася ХХХІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Каласавіны”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 60-годдзю музея. Напярэдадні 137-га дня нараджэння класіка, якое адзначылі 3 лістапада, сабраліся коласазнаўцы, літаратура- і мовазнаўцы, пісьменнікі, навукоўцы і музейныя супрацоўнікі, каб ушанаваць памяць Песняра, падзяліцца думкамі пра яго літаратурную спадчыну, даведацца аб новых эпізодах яго дзейнасці і расказаць пра свае даследаванні. І хоць “Каласавіны” ладзяць ужо больш за 30 гадоў, аднак на кожнай канферэнцыі з’яўляюцца новыя адкрыцці і знаходкі.

Дом Коласа запрашае

“Кожны год Дом Коласа гасцінна адчыняе дзверы ўсім, хто прыходзіць на сустрэчу, прымеркаваную да народзінаў Песняра, каб ушанаваць яго памяць. “Каласавіны” збіраюць вялікую колькасць людзей. У гэтым годзе асабліва шмат музейшчыкаў, амаль усе нашы супрацоўнікі прымаюць удзел у навуковым форуме, — падкрэсліла намеснік дырэктара па навуцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Настасся Трафімчык. — На канферэнцыі прагучала амаль 30 дакладаў. Я думаю, мы яшчэ шмат не ведаем пра Коласа, нягледзячы на тое, што больш за тры дзесяцігоддзі право­дзяцца “Каласавіны”. Так, у гэтым го­дзе мы нечакана атрымалі з Арменіі паштоўку 1942 года, напісаную Коласам Сяргею Гарадзецкаму з Масквы. Яна выпадкова знайшлася ў прыватным архіве ўнучкі нацыянальнага паэта Арменіі Аванэса Туманяна”.

4 снежня 1959 года музей адкрыў свае дзверы для першых наведвальнікаў. За гэты час змянілася некалькі кіраўнікоў, з верасня яго ўзначальвае Аляксандр Храмы. “Для мяне вялікі гонар, што я стаў дырэктарам гэтага музея. Спадзяюся, што і далей канферэнцыя будзе праходзіць у гэтым доме. У будучыні мы плануем крыху змяніць яе фармат, каб з’явіліся новыя секцыі, прысвечаныя музейнай справе. Вельмі прыемна, што сёння мы адзначаем гадавіну з людзьмі, якім дарагая спадчына Коласа”.

Аляксандр Храмы.

Захоўваць гістарычную і культурную спадчыну

Міністэрства культуры Беларусі заўсёды падтрымлівае правядзенне канферэнцыі. Як адзначыла кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Анжаліка Янкоўская, “Каласавіны” спрыяюць захаванню гістарычнай і культурнай спадчыны нашай краіны, а Якуб Колас адыграў выключную ролю ў фарміраванні еднасці нашага народа, абуджэнні нацыянальнай свядомасці, фарміраванні беларускай культуры. Штогадовае свята “Каласавіны” — гэта даніна памяці народнаму паэту і яго справе, захаванне і папулярызацыя нацыянальных традыцый, культурных і маральных каштоўнасцей беларусаў.

На палях канферэнцыі ўзгадалі, што пачатак “Каласавін” быў пакладзены ў 1985 го­дзе, калі музейшчыкі вырашылі згуртаваць навуковыя сілы з літаратуразнаўцамі і мовазнаўцамі, чые прачытанні твораў Песняра, даследаванні, разважанні і погляд на асобу Коласа праз пэўны час таксама могуць с­таць музейнай каштоўнасцю і асаблівай вяхой у гісторыі коласазнаўства. “Сёння “Каласавіны” маюць міжнародны статус, аўтарытэт у навуковым асяроддзі, павагу грамадскасці, гісторыкаў, краязнаўцаў, музейных работнікаў, звернута ўвага на шырокае кола пытанняў, якія тычацца жыцця і творчасці пісьменніка”, — сказала Настасся Трафімчык.

Эльвіра Калашнікава.

Кожны год да “Каласавін” прымяркоўваюць розныя падзеі, напрыклад, адкрыццё памятных знакаў славутым людзям коласаўскай зямлі, закладанне сквера “Дрэва жыцця” ў гонар знакамітых дзеячаў Бацькаўшчыны ў мемарыльнай сядзібе “Смольня”, адкрыццё экспазіцыі “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа”, “Хаткі знахаркі” на сядзібе “Альбуць”.

Месца духоўнага жыцця сталіцы

У час “Каласавін” адбываюцца сустрэчы з майстрамі мастацкага слова, бо Дом Коласа працягвае заставацца месцам духоўнага жыцця сталіцы, у якім літаратары — жаданыя госці. Музей падтрымлівае стасункі з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Алена Стэльмах сказала, што для ўсіх пісьменнікаў вялікі гонар быць у коласаўскім доме, бо тут асаблівае месца натхнення. “Якуб Колас — не толькі наш гонар, а імя, па якім беларусаў пазнаюць у свеце, гэта сапраўды постаць, чые творы — наша найвялікшая нацыянальная каштоўнасць. А музей — сапраўдны цэнтр культуры ўсёй нашай краіны”.

Дом Коласа падтрымлівае цесныя стасункі з НАН Беларусі. Так, першыя “Каласавіны” адбыліся ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Па словах дырэктара бібліятэкі Аляксандра Грушы, зроблена вельмі шмат даследаванняў не толькі па творчасці Песняра, але і па яго ролі ў развіцці нацыі. Гэта культурная і сацыяльная па­мяць, дзеля захавання і трансляцыі якой штогод і арганізоўваюцца “Каласавіны”.

Аснова коласазнаўства

Вучоны сакратар філіяла “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Анатоль Трафімчык таксама звярнуў увагу на духоўную сувязь паміж інстытутамі і музеем: “Нашы супрацоўнікі з’яўляюцца ядром “Каласавін”, і музей уяўляе цікавасць як для нашых супрацоўнікаў, так і для нашых гасцей. “Каласавіны” за трэць стагоддзя сталі асновай для ўсяго коласазнаўства, якое з’яўляецца канцэптуальным складнікам літаратуразнаўства і філалагічнай навукі Беларусі”.

Якуб Колас вучыў маладых паважліва ставіцца да гістарычнага працэсу: “Вам, маладым, трэба будзе вывучаць усё, толькі не крывіце душой, як некаторыя цяперашнія крытыкі і гісторыкі, абапірайцеся на факты, гаварыце праўду, насіце яе каля самага сэрца. Мінулага няма чаго баяцца, як прывіду ўначы. Мінулага баіцца той, хто не ўпэўнены ў сённяшнім і заўтрашнім дні”. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза напісаў кандыдацкую дысертацыю “Першабытныя помнікі беларускага Панямоння”, у якой сцвяр­джае, што мясціны, дзе нара­дзіўся Якуб Колас, з’яўляюцца археалагічным помнікам. “На беразе Нёмана і каля Мікалаеў­шчыны ёсць вялікая колькасць старажытных археалагічных помнікаў, там людзі жылі ўжо каля 10 тысяч гадоў назад, там гістарычная памяць, там культура — там тое, што з’яўляецца гонарам нашай краіны, як і Колас, і ваш музей, — дадаў ён. — Мы мінулага не баімся, мы пішам яго і гісторыю беларускай дзяржаўнасці — гісторыю ўнікальнай цудоўнай краіны з тысячагадовай гісторыяй, якая немагчыма без Якуба Коласа. І яго старонкі жыцця, дзейнасці і творчасці ўпісаны ў нашу гісторыю. Дзе б мы ні былі, словы “Мой родны кут, як ты мне мілы!” заўсёды вабяць нас дадому”.

Яднаюць музейшчыкаў розных краін

Дзякуючы “Каласавінам”, у музеі склалася спецыфічнае творчае і культурнае асяроддзе, сфарміравалася кола пастаянных удзель­нікаў канферэнцыі. І хоць “Каласавіны” — вузкаскіраваны навуковы форум, прысвечаны жыццю і творчасці адной асобы, аднак навуковыя матэрыялы, выдадзеныя па выніках канферэнцыі, унікальныя.

За сваю гісторыю “Каласавіны” сталі не толькі навуковым складнікам вялікай і шматграннай культурна-асветніцкай дзейнасці музея, яны даўно перайшлі нацыянальныя межы, прыцягваючы ў Дом Коласа навукоўцаў, музей­шчыкаў, аматараў беларускага слова замежжа, наладжана супрацоўніцтва з прадстаўнікамі музеяў Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і інш. Гэтым разам у Мінск завітала вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых Эльвіра Калашнікава. “Цудоўна, што нашы музеі кантактуюць і паміж імі заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, ла­дзяцца абменныя выставы. Я тут ужо дзясяты раз, і за гэты час глыбей спазнала твор­часць народнага паэта Беларусі, — распавяла яна. — Як вядома, у 1917 годзе Канстанцін Міцкевіч служыў у Пярмі, дзе нарадзіўся яго сярэдні сын Георгій — Юрка, як яго звалі ўсе — і зараз я прывезла фотаздымак 60-х гадоў, на якім зафіксаваны дом, дзе жылі Міцкевічы ў 1917 годзе”.

Віктар Жыбуль.

Невычэрпная творчасць класіка

На пленарным пасяджэнні прагучалі тры даклады. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі пазнаёміў са сваёй работай “Новая зямля” і “Сымон-музыка” Якуба Коласа: параўнальны аналіз наратыву”. Прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ Аляксандр Гужалоўскі выступіў з дакладам “Станаўленне сеткі літаратурных музеяў БССР. 1939—1991 гг.”. Асаблівую цікавасць выклікала выступленне прафесара кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксея Ненадаўца на тэму  “Рыбалоўства ў творчасці Якуба Коласа”. Па яго словах, пісьмен­нік любіў гэтую справу і “яму ў ёй шанцавала, тым больш і Нёман быў паўнаводным”. Ён расказаў адметныя факты і пра падкормку рыбы, асаблівасці рыбалоўнага промыслу, не забыўся пра рыбацкія байкі.

На секцыях форуму абмеркавалі факты з жыцця і творчасці пісьменніка, стылістычныя асаблівасці яго мовы, адносіны з літаратарамі і вучонымі. У прыватнасці, разгледзелі моўна-выяўленчыя сродкі ў паэмах Якуба Коласа “Суд у лесе”, “Адплата”, абмеркавалі ролю Францішка Багушэвіча ў публіцыстыцы і эпісталярнай спадчыне Коласа, этымалогію псеўданіма Дзям’янаў гуз, перапіску паэта і Міхася Лынькова, правялі жыццёвыя і творчыя паралелі беларускага Песняра і Міхаіла Шолахава. А вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль расказаў пра сваю работу “Толькі я і Якуб Колас…”: паводле нататак журналіста і мемуарыста Вульфа Сосенскага”. Даклад прысвечаны ўспамінам журналіста і фалькларыста Вульфа Сосенскага. У цэнтры ўвагі нататка Сосенскага пра размову Коласа і Купалы, якая нібыта адбылася ў 1912 годзе. Кандыдат філалагічных навук аналізуе, ці магла адбыцца такая размова, бо дакладна вядома, што ў тым годзе пісьменнікі не сустракаліся.

Падводзячы вынікі сёлетніх “Каласавін”, дырэктар музея Аляксандр Храмы адзначыў, што сённяшняя сустрэча дасць добры стымул для таго, каб сфармуляваць ідэю наступных пасяджэнняў. Дарэчы, было вырашана крыху змяніць традыцыю, і зборнік “Каласавін” будзе выдадзены ўжо ў гэтым годзе. “Каласавіны” — гарманічны ўзор культурна-асветніцкай дзейнасці музея з сапраўдным навуковым пошукам. Канферэнцыя і надалей будзе радаваць навуковую філалагічную супольнасць краіны і шырокую грамадс­касць новымі адкрыццямі і цікавымі знаходкамі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.