Працягваючы традыцыі вялікіх мастакоў

- 10:39Навіны рэгіёнаў

Больш за сто гадоў назад у студзені нарадзіліся на смілавіцкай зямлі Хаім Суцін і Файбіш-Шрага Царфін. Абодва сталі мастакамі, прадстаўнікамі знакамітай Парыжскай школы жывапісу. Сёння іх карціны на аўкцыёнах каштуюць мільёны долараў. Неверагодная колькасць людзей па ўсім свеце захапляецца творамі нашых знакамітых землякоў. А на іх радзіме, у Смілавічах, памяць пра іх беражліва захоўваюць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тут працуюць экспазіцыі, прысвечаныя творчасці Суціна і Царфіна.

Беларуская культурная супольнасць адкрыла для сябе творчасць Царфіна і Суціна ў 2012 годзе, дзякуючы праекту Белгазпрамбанка “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” і аднайменнай выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе ўпершыню наведвальнікам былі прадстаўлены работы мастакоў гэтай знакамітай мастацкай плыні, якія нарадзіліся ў Беларусі. Той, хто аднойчы ўбачыў творы Царфіна, застаецца назаўсёды ў яго ўлюбёным. Пра гэта сведчаць шматлікія водзывы ў інтэрнэт-блогах, запісы ў кнізе наведвальнікаў гэтай выставы. Нікога не пакідаюць абыякавымі і работы Суціна — нестандартныя, незвычайныя і такія супярэчлівыя. У 2012 годзе ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі з’явіліся дзве работы Файбіш-Шрагі Царфіна, падораныя дачкой мастака, спадарыняй Ліліян Дзюлак: “Гай” і “Светлы неф”.
Сёння Смілавіцкі ЦТДіМ працягвае знаёміць беларусаў, і асабліва моладзь, з гэтымі выбітнымі дзеячамі мастацтва. У 2008 годзе ў Цэнтры дзіцячай творчасці Смілавіч Чэрвеньскага раёна была адкрыта экспазіцыя “Прастора Хаіма Суціна”. Яна размясцілася ў дзвюх залах. У першай расказваецца аб жыцці і творчасці мастака на радзіме, у другой — аб яго дзейнасці ў Парыжы. Дарэчы, другая зала стылізавана пад тыповае парыжскае кафэ з барнай стойкай, некалькімі сталамі і крэсламі, каб наведвальнікі маглі акунуцца ў атмасферу, якая дарыла мастакам натхненне. Пазней з’явілася і трэцяя зала, экспазіцыя якой прысвечана Царфіну.
Вельмі важна, што значныя культурныя падзеі адбываюцца на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч. Выхаванцам цэнтра прадастаўляецца ўнікальная магчымасць быць часткай гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі. Штогод у цэнтры праводзяцца маштабныя творчыя конкурсы малюнкаў “У атмасферы Суціна”, “Гэты загадкавы Царфін”, прымеркаваныя да знамянальных дат з жыцця вялікіх мастакоў.
У 2013 годзе была арганізавана сустрэча з дачкой Царфіна Ліліян Дзюлак, якая жыве ў Парыжы. Нашаму музею была падорана кніга “Zarfin” пра жыццё і творчасць нашага земляка, а таксама дзве невялікія работы “Букет” і “Лета” (алей, гуаш). Гэтыя работы, а таксама эскізны нататнік і арыгінальная палітра мастака былі афіцыйна ўручаны падчас правядзення I Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Суцінскія чытанні” ўнукам вялікага мастака.
Сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем і прыватнай установай культуры “Спадчына і час” арганізавана навукова-даследчая дзейнасць, вынікі якой адлюстроўваюцца ў працэсе рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Фарміраванне ў вучняў даследчых уменняў з дапамогай арганізацыі работы музея “Прастора Хаіма Суціна” на базе цэнтра.
Актыўна развіваецца і экскурсійная дзейнасць. Распрацавана больш за дзесяць экскурсійных праграм, разлічаных як на дарослых, так і на навучэнцаў школ: “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, “Смілавічы: мінулае і сучаснасць”, “Другое здабыццё Торы”, “Смілавічы мастацкія”, “Творчасць Хаіма Суціна: мінулае і сучаснасць”, “Героі суцінскіх партрэтаў”, “Суцін і яго сям’я”, “Вяртанне на Радзіму”, “Жыццё і творчасць Царфіна” і інш.
Вялікая ўвага ўдзяляецца далучэнню падрастаючага пакалення да дзейнасці музея з дапамогай арганізацыі на яго базе пленэраў, выстаў, семінараў і адкрытых заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю.
Мы ўпэўнены, што ў творчых работах нашых дзяцей ёсць тое зярнятка таленту, якое дапаможа ім знайсці сябе ў мастацтве і ў хуткім часе працягнуць слаўную традыцыю вялікіх імён на смілавіцкай зямлі.

Святлана ХАСЯНЕВІЧ,
метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч.
Фота Дар’і РЭВА.