Працягваюць традыцыі

У атрадзе “Юных усаўцаў” папаўненне. Вучні ваенна-патрыятычнага пагранічнага класа сярэдняй школы № 3 Гродна прынялі прысягу.

Школа носіць імя пагранічніка Віктара Усава, які геройскі загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. На працягу больш чым 60 гадоў тут падтрымліваюць цесныя сувязі з Гродзенскай пагранічнай групай. У 1978 годзе створаны мемарыяльны музей імя Віктара Міхайлавіча Усава.

У гэты ўрачысты дзень 27 шасцікласнікаў прамовілі словы прысягі, дзе абяцалі настойліва авалодваць ведамі, добрасумленна адносіцца да вучобы, з годнасцю і гонарам насіць форму, быць годным прыкладам для аднагодкаў, шанаваць памяць герояў-пагранічнікаў, працягваць традыцыі і быць заўсёды вартымі звання “юны пагранічнік-усавец”.

Атрымалі школьнікі і важны дакумент — пасведчанне навучэнца ваенна-патрыятычнага класа з правам нашэння ваеннай формы і знакаў адрознення. А знакі адрознення ў іх ужо з’явіліся. Загадам дырэктара школы ў сувязі з добрай і выдатнай вучобай, добрасумленным выкананнем абавязкаў намесніка камандзіра ўзвода і камандзіра аддзялення былі прысвоены чарговыя званні малодшы сяржант ваенна-патрыятычнага класа пяці вучням і яфрэйтар ваенна-патрыятычнага класа адзінаццаці навучэнцам 6, 7 і 9 класаў.

Каб атрымаць такія званні, трэба старанна вучыцца. Як расказаў куратар ваенна-патрыятычных класаў палкоўнік запасу Раман Баўфалік, у ваенна-патрыятычных класах праводзяцца дадатковыя гадзіны матэматыкі, гісторыі, замежнай мовы, а таксама вывучаецца вялікі комплекс ваенных дысцыплін (“Статут”, “Ваенная тапаграфія”, “Тактыка”), праводзяцца заняткі па страявой, агнявой, фізічнай падрыхтоўцы.

З важнай падзеяй навучэнцаў пагранічнага класа павіншавалі дырэктар школы Ірына Коўшык, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Георгій Абялеўскі, начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская, намеснік камандзіра Гродзенскай пагранічнай групы па ідэалагічных пытаннях і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік Сяргей Саўчук.

— Наша галоўная мэта — выхаваць патрыёта, годнага грамадзяніна сваёй краіны,— гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 3 Ірына Коўшык. — І мы вельмі ганары мся, што нашы выпускнікі выбіраюць для сябе шлях, звязаны са службай на граніцы, паступаюць у Інстытут пагранічнай службы.

Аб службе на граніцы і вучобе ў інстытуце расказалі юнаму папаўненню ваенна-патрыятычных класаў выпускнікі школы — намеснік начальніка заставы Пінскага пагранатрада Уладзімір Жлабо і курсанты Ілья Бірукоў і Аляксандр Чэрнікаў.

Завяршылася свята, якое праходзіла на тэрыторыі вайсковай часці, дэманстрацыяй вучням, іх бацькам, настаўнікам спецыяльнай тэхнікі, што выкарыстоўваецца пры ахове граніцы, паказальным выступленнем службовых сабак. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць патрымаць у руках сапраўдную зброю.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *