Права на сям’ю

- 11:40Рознае, Сацыяльны ракурс

Права жыць і выхоўвацца ў сям’і — адно з асноўных правоў любога дзіцяці. Але ці кожны з больш чым 1 млн 800 тысяч нашых непаўналетніх суграмадзян мае такую магчымасць? Пытанне, канечне, рытарычнае. Усе добра ведаюць, што гэта не так, прычым часцей за ўсё па віне нядбайных бацькоў. На пачатак года, па даных статыстычнай дзяржаўнай справаздачнасці, на ўліку знаходзілася 21 200 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх 3 885 чалавек (18,33%) былі на дзяржаўнай апецы ў дзіцячых інтэрнатных установах (у тым ліку 168 — у дзіцячых сацыяльных прытулках СПЦ), 475 хлопчыкаў і дзяўчынак (2,24%) — у дзіцячых вёсках (гарадках) і 16 840 малых (79,43%) — на сямейных формах уладкавання. Амаль 7 тысяч малых усыноўлены ў рэспубліцы, больш за 3,7 тысячы дзяцей і тых, хто ўжо дасягнуў паўналецця, — за яе межамі.

Вопыт і перспектывы

Здаецца, статыстыка нядрэнная: пераважная большасць дзяцей жыве ў сем’ях, няхай і няродных. Але гэта, зразумела, не падстава для заспакаення. Працаваць над тым, каб усё больш малых выхоўвалася ў сем’ях, неабходна і далей. Прычым працаваць усім разам, інакш добрага выніку не атрымаецца.

Гэтай найважнейшай тэме і быў прысвечаны круглы стол “Забеспячэнне міжведамаснага ўзаемадзеяння для рэалізацыі права дзіцяці на пражыванне ў клапатлівым сямейным акружэнні”. Адкрыў сустрэчу намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык.

— Асаблівасцю сістэмы аховы дзяцінства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца яе накіраванасць не толькі на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей, але і на работу па захаванні дзіцяці ў роднай сям’і, — звярнуўся да прысутных намеснік міністра. — Зараз выкананы неабходныя ўмовы для паспяховага ўладкавання дзяцей на выхаванне ў сем’і.

Віктар Віктаравіч падкрэсліў важнасць інфармацыйнай кампаніі ў падтрымку замяшчальных сем’яў, бо яны заслугоўваюць увагі і ў канкрэтным рэгіёне, і ва ўсёй краіне. А пастаяннае міжведамаснае ўзаемадзеянне, па словах намесніка міністра, важны фактар далейшага развіцця і пераадолення сацыяльнага сіроцтва, як і падрыхтоўка кадраў, у тым ліку бацькоў-выхавальнікаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў, іншых спецыялістаў, і іх замацаванне на месцах.

— Безумоўна, мы працягнем работу па дэінстытуалізацыі дзяцей-сірот, — падкрэсліў В.В.Якжык. — У наступнае пяцігоддзе змяшчэнне такіх малых у інтэрнаты будзем разглядаць як надзвычайнае, часовае. Мы таксама працягнем работу па сацыялізацыі выпускнікоў інтэрнатных устаноў, бо гэта вельмі важны кірунак. У тым ліку будзем развіваць такую форму работы, як пакоі сацыяльнай адаптацыі, якую рэалізавалі нашы грамадскія аб’яднанні.

Віктар Віктаравіч заўважыў таксама, што ў 2016—2020 гадах працягнецца аптымізацыя сеткі інтэрнатных устаноў, бо на будучыню стаіць задача адмовіцца ад буйных інстытуцыянальных форм выхавання дзяцей-сірот. Трэба да 2020 года зменшыць удзельную вагу інтэрнатных устаноў, магчыма, нават менш чым да 15%.

Удзельнікаў круглага стала (а імі былі спецыялісты з усіх рэгіёнаў Беларусі) вітаў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа.

— Вельмі прыемна бачыць сумеснае прадстаўніцтва дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, — заўважыў ён. — Мы ўсе верым, што самыя лепшыя ўмовы для развіцця дзіцяці — гэта дамашні ачаг. І гэта не толькі карысць для малога. Я ўпэўнены, што, калі дома ёсць дзіця, паляпшаецца сямейная атмасфера, менш становіцца спрэчак, змяншаюцца праявы насілля.

Доктар Р.Мустафа дадаў, што ЮНІСЕФ сёлета спаўняецца 70 гадоў, фонд працуе амаль у 200 краінах свету, у тым ліку ўсюды на постсавецкай прасторы. У Беларусі, па яго словах, праграма дэінстытуалізацыі дзяцей-сірот развіваецца вельмі паспяхова. Міністэрства адукацыі краіны займае тут лідзіруючыя пазіцыі, шмат робяць і недзяржаўныя арганізацыі. Дасягнуты добры вынік, але гэта яшчэ не канец. Задача — даць сям’ю кожнаму. А вырашыць яе, на думку прадстаўніка ЮНІСЕФ, можна, калі далучыць да такой работы ўстановы, якія пакуль стаяць убаку. Неабходна таксама развіваць партнёрства, міжведамаснае супрацоўніцтва, далучаць да абмеркаванняў накшталт круглага стала замяшчальных бацькоў, бо ў рэшце рэшт ад іх залежыць самае галоўнае — выхаванне малых.

Пра міждзяржаўную ацэнку вынікаў рэформы ўсебаковай дапамогі і падтрымкі дзяцей у рэалізацыі права на пражыванне ў сямейным акружэнні расказаў каардынатар праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей (ЮНІСЕФ) Аляксандр Міхайлавіч Каранкевіч. А затым удзельнікі круглага стала дзяліліся вопытам, выказвалі меркаванні наконт далейшай работы, задавалі пытанні адно аднаму. Мы спынімся на некаторых выступленнях.

Дапамога і падтрымка

Так, галоўны педыятр камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Васільеўна Васільева нагадала, што немаўля, якое нарадзілася ў сацыяльна нядобранадзейнай маці, можа быць выпісана дадому толькі ў тым выпадку, калі ўмовы пражывання там не ўяўляюць пагрозы яго жыццю і здароўю. Безумоўна, інфармацыю аб сямейнай нядобранадзейнасці, выяўленай, напрыклад, пры візіце ўрача дамоў, медыкі перадаюць у іншыя зацікаўленыя інстанцыі. У студзені 2016 года ў Беларусі на ўліку па сацыяльнай нядобранадзейнасці стаяла больш за 13 тысяч сем’яў, у Мінску — больш за паўтары тысячы. У гэтых сем’ях па ўсёй рэспубліцы жыло больш чым 23 тысячы непаўналетніх.

— У нашай краіне дзейнічае стабільная сістэма мер дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, — уступіла ў размову кансультант аддзела гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Іванаўна Коваль. — Прадастаўленне пэўных гарантый, ільгот, кампенсацый пачынаецца з нараджэннем першага дзіцяці і павялічваецца з нараджэннем кожнага наступнага. Памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці за апошнія 5 гадоў вырас больш чым у 10 разоў і складае на першае дзіця 1750 рублёў. На другое і наступных дзяцей выплачваецца 2450 рублёў.

Святлана Іванаўна расказала і пра іншыя віды дзяржаўнай дапамогі сем’ям з дзецьмі. Варта адзначыць, што толькі ў 2015 годзе на выплату такіх дапамог выдаткавана 17 трлн дэнамінаваных рублёў, або 2% ВУП. Што тычыцца такога віду падтрымкі мнагадзетных сем’яў, як сямейны капітал, спецыяліст паведаміла, што, па даных на 1 кастрычніка бягучага года, усяго ў Беларусбанку адкрыта 25 710 дэпазітных рахункаў для такіх сем’яў на суму больш за 257 млн долараў ЗША. Існуюць і іншыя льготы для мнагадзетных сем’яў.

Для малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, дзейнічае праграма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, якая ўключае некалькі відаў падтрымкі. Гэта, напрыклад, бясплатнае харчаванне для пэўных катэгорый малых, кампенсацыя затрат на набыццё падгузнікаў дзецям-інвалідам з 4-й ступенню страты здароўя. Таксама незалежна ад даходаў сям’і прадастаўляецца адрасная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў для сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей, якія не з’яўляюцца інвалідамі, але па медыцынскіх паказчыках маю ць патрэбу ў такіх сродках. Запатрабаваны таксама паслугі няні для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, або пры нараджэнні двайнят ці большай колькасці малых, а таксама паслугі па сацыяльнай перадышцы. На апошнія зніжана аплата — з 500 да 100 рублёў (на 1 ліпеня) на перыяд да 28 дзён у каляндарным годзе. Спецыялісты сацыяльных службаў спадзяюцца, што гэтая мера дапаможа зрабіць паслугу па сацыяльнай перадышцы больш запатрабаванай, бо з 2013 года ёй скарысталася ўсяго 148 сем’яў, у якіх ёсць дзеці-інваліды. Магчыма, прычына такой з’явы і ў тым, што не кожныя бацькі адважацца везці дзіця ў іншы горад і пакінуць яго там на доўгі час.

Для таго каб дапамагчы асобам, якія аказаліся ў крызіснай сітуацыі, у аддзяленнях сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльных цэнтраў абслугоўвання насельніцтва ствараюцца крызісныя пакоі для часовага знаходжання. Тут, дарэчы, таксама адбыліся пазітыўныя змены: калі раней тэрмін знаходжання людзей у такіх пакоях абмяжоўваўся дзесяццю днямі, то сёння абмежаванне знята. Акрамя таго, размясціцца ў такім пакоі можна без дакументаў, толькі па накіраванні органаў сацыяльнай абароны, унутраных спраў і іншых. Пры неабходнасці пацярпеўшых забяспечваюць харчаваннем. Колькасць крызісных пакояў за апошнія 5 гадоў вырасла амаль у 4 разы: на 1 ліпеня іх было 119, у некаторых абласцях яны існуюць у кожным раёне. Праўда, запатрабаванасць гэтых пакояў пакуль не такая вялікая, якой магла б быць.

Справы і людзі

Вопыт міжведамаснага ўзаемадзеяння па ранняй прафілактыцы сямейняй нядобранадзейнасці, яе своечасовым выяўленні, аб’ектыўнай ацэнцы стану дзіцяці ў сям’і раскрыла Вольга Мікалаеўна Ненартовіч, загадчык сектара па ахове правоў дзяцінства аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Напрыклад, надзвычай важнай тут лічыцца работа па раннім выяўленні прымет сацыяльнай нядобранадзейнасці ў сям’і.

Міжведамасная сістэма прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнага сіроцтва, дэінстытуалізацыя дзяцей стала тэмай выступленняў спецыялістаў з Жодзіна, Баранавіч, Полацкага раёна. Так, у Жодзіне яшчэ ў 2007 годзе створана і паспяхова дзейнічае гарадская сістэма абароны дзяцінства, накіраваная на ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці і правядзенне сацыяльнага расследавання, міжведамасную работу па сацыяльнай рэабілітацыі сем’яў і іх суправаджэнні. Тут ужо даволі даўно створаны дзве дзяжурныя сям’і, што прымаюць дзяцей ад 0 да 3 гадоў, якім неабходна дзяржаўная абарона, пазней з’явіўся і дзіцячы дом сямейнага тыпу, арыентаваны на прыём такіх дзяцей.

У горадзе дзейнічае служба хуткага рэагавання, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных ведамстваў. Яны выязджаюць у сем’і на працягу 40 хвілін пасля таго, як атрымана трывожнае паведамленне. А яшчэ ў тутэйшым СПЦ створана група дзённага знаходжання дзяцей з нядобранадзейных сем’яў. Гэта зроблена для таго, каб дапамагчы сем’ям, якія часова перажываюць пэўныя цяжкасці, напрыклад, матэрыяльныя, бо важна папярэдзіць пераход малых у статус дзяцей, якім неабходна дзяржаўная абарона. З 2007 года, дзякуючы міжведамаснай рабоце, ні адно дзіця з ліку сірот і тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі, не было накіравана ў інтэрнатную ўстанову. 81% малых, у адносінах да якіх прызнана, што ім неабходна дзяржаўная абарона, потым вяртаюцца ў родныя сем’і.

— Цяжка сказаць, які з этапаў нашай работы найбольш складаны, важны і адказны, — звярнулася да прысутных начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Маргарыта Іванаўна Мацвеенка. — Работа па сямейным уладкаванні — такі ж важны кірунак дзейнасці, як і прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці. Што тычыцца рэгіянальных мадэлей, то, канечне, ва ўсіх нас розныя ўмовы, розныя магчымасці, нават традыцыі, таму такія мадэлі з’яўляюцца найбольш адаптаванымі.

М.І.Мацвеенка нагадала пра пэўныя знакавыя падзеі, якія адбыліся ў сістэме аховы дзяцінства нашай краіны апошнім часам. Гэта і стварэнне тэлепраграмы з рубрыкай “У вас будзе дзіця”, дзякуючы якой многія дзеці былі ўсыноўлены або сталі выхаванцамі замяшчальных сем’яў, і наладжванне электроннай метадычнай рассылкі для спецыялістаў, і выданне газеты “Дадому!”, і шмат чаго яшчэ. Адна з самых знакавых падзей, безумоўна, адбылася ў мінулым годзе — фестываль сем’яў усынавіцеляў і І Рэспубліканскі форум замяшчальных сем’яў. Плануецца прадоўжыць гэтую практыку.

— Несумненна, зроблена вельмі многа, — заўважыла Маргарыта Іванаўна, — але работа спецыялістаў патрабуе далейшага ўдасканалення і пошуку новых рэсурсаў па ўладкаванні дзяцей на сямейнае выхаванне.
Яна спынілася і на пэўных праблемных пытаннях у рабоце спецыялістаў па ахове дзяцінства і сацыяльна-педагагічных цэнтраў, у прыватнасці на забеспячэнні ацэнкі якасці сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі дзяцей-сірот у замяшчальных сем’ях, частую змену спецыялістаў. Увага прысутных была звернута на лаяльнасць, дружалюбнасць і прынцыповасць у ацэнцы як працоўнай дзейнасці бацькоў-выхавальнікаў, так і становішча дзіцяці ў замяшчальнай сям’і.

Не засталося па-за ўвагай удзельнікаў круглага стала і пытанне падрыхтоўкі кадраў — як спецыялістаў, так і бацькоў. Пра гэта расказалі супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Як справядліва заўважыла старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і прыватных методык МАІРА Ніна Іванаўна Кашкан, у краіне фаміруецца новая катэгорыя педагагічных работнікаў — замяшчальныя бацькі, з якімі вядзецца сур’ёзная работа.

Дырэктар міжнароднага грамадскага аб’яднання “Валюнтас” Галіна Мікалаеўна Шварц асабліва падкрэсліла, што ўсім арганізацыям і ведамствам, якія займаюцца аховай дзяцінства, неабходна агульнае бачанне праблемы. Аб дзейнасці дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў” расказала яго супрацоўніца Вольга Генадзьеўна Дамінікевіч. Так, у супрацоўніцтве з Багушэўскім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (Віцебская вобласць) былі арганізаваны дамы самастойнага пражывання. Падлеткі вучыліся гатаваць, рабіць пакупкі, весці прысядзібную гаспадарку і г.д. Дзякуючы праекту, удалося рашэннямі суда аднавіць у грамадзянскай дзеяздольнасці спачатку трох, а потым і яшчэ некалькіх маладых людзей. А гэта значыць, што наперадзе ў іх нармальнае самастойнае жыццё, яны працаўладкаваны. Ёсць, канечне, і праблемы на гэтым шляху (адносна таго ж працаўладкавання), таму пэўная падтрымка і супрацоўніцтва тут неабходны. Як і наогул у рабоце па ахове дзяцінства.

Марына ХІДДЖАЗ.