Праваслаўнае краязнаўства

- 16:21Культура

Кніга “Гісторыя праваслаўных храмаў г.Баранавічы” пабачыла свет некалькі гадоў назад, у 2017­м… Выдавец — ААТ “Красная звезда”. Цяпер гэтай друкарні ўжо не існуе. Але пры ўважлівым вывучэнні выхадных даных высвятляецца, што кніга выйшла ў філіяле “Красной звезды” ў саміх Баранавічах. Філіял якраз існуе, і зараз ён прыналежны да Паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа.

Аўтар кнігі, якую выдавецкая анатацыя адрасуе края­знаўцам, гісторыкам царквы і мастацтва, усім жыхарам і гасцям горада Баранавічы, — протадыякан Андрэй Гарбуноў. Вось што ён адзначае ў прадмове да выдання, над якім працаваў на працягу 12 гадоў: “У кастрычніку 2004 года аўтар гэтай кнігі быў прызначаны ў Баранавічы. Настаяцель Свята-Пакроўскага храма, протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі, даручыў заняцца гісторыяй прыхода”. І далей: “Перша­пачаткова матэрыялу было няшмат. Брашура пра будаўніцтва храма, выдадзеная камітэтам па будаўніцтве ў 1929 годзе ў Вільні. Некалькі фотаздымкаў, у асноўным з яе ж. Артыкулы з газет і часопісаў, якія датычацца гісторыі храма і мазаік, а таксама вельмі каштоўная брашура пра будаўніцтва Аляксандра-Неўскага храма ў Варшаве. Усе гэтыя матэрыялы былі сабраны настаяцелем, святаром Аляксандрам Дзічкоўскім.

Дзякуючы супрацоўнікам Баранавіцкага краязнаўчага музея, а асабліва — былому дырэктару Станіславу Аляксандравічу Шчарбакову, удалося, перафразуючы М.В.Каяловіча, пракласці першыя сцяжынкі ў змрочным для аўтара лесе гісторыі горада і яго храмаў. Некаторую інфармацыю ўдалося знайсці ў Занальным дзяржаўным архіве Баранавіч, у справаздачах упаўнаважаных па справах Рускай Праваслаўнай Царквы. Частка матэрыялу атрымана з архіва Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы — гэта фотаздымкі і службовыя спісы святароў, якія служылі ў Свята-Пакроўскім храме Баранавіч. У рабоце з архівам Мінскай епархіі аўтару аказалі садзейнічанне прота­іерэй Георгій Арбузаў і загадчык архіва Лі­дзія Яўгенаўна Кулажанка, за што ім сардэчная падзяка”. Так пачынаўся пошук, які прывёў фактычна да стварэння манаграфічнага даследавання праваслаўнай гісторыі Баранавіч.

З кнігай Андрэя Гарбунова можна прайсці адрасамі праваслаўнага краязнаўства па адным з найцікавейшых гарадоў Берасцейшчыны. А колькі незвычайных лёсаў адлюстравана на старонках па-свойму ўнікальнага выдання! Пра некага аўтар расказвае досыць падрабязна, камусьці прысвячае толькі некалькі радкоў… Але і ў тым, і ў другім выпадку старонкі выдання прыцягваюць, а для некага — будзем спадзявацца і на гэта! — становяцца прадметам края­знаўчага пошуку. Вялікая колькасць ілюстрацый, зварот да многіх архіўных дакументаў робяць выданне “Гісторыя праваслаўных храмаў г.Баранавічы” кнігай надзвычай патрэбнай, вартай выкарыстання і ў агульнаадукацыйных школах. Цяпер баранавічазнаўства ўжо нельга сабе ўявіць без працы А.Гарбунова. Прыемна, што выдадзена яна нямалым для сённяшняга часу тыражом — 1000 экзэмпляраў.

Сяргей ШЫЧКО.