Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня

- 10:37Актуально, Апошнія запісы

У Мінску ў выставачным комплексе на Пераможцаў, 14 разгарнулася XVII Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі пад дэвізам “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення”. У адкрыцці выставы прынялі ўдзел міністр адукацыі І.В.Карпенка, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычных місій многіх краін свету.

Перад удзельнікамі, арганізатарамі і гасцямі рэспубліканскай выставы выступіў І.В.Карпенка.

— Стала вельмі добрай традыцыяй у сістэме адукацыі нашай краіны праводзіць выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Безумоўна, такія выставы садзейнічаюць выяўленню і распаўсюджанню педагагічных здабыткаў, інавацый, якія спрыяюць павышэнню эфектыўнасці выхаваўчага працэсу, пашыраюць адукацыйную прастору, удасканальваюць формы і метады работы, што ў канчатковым выніку спрыяе росту педагагічнага майстэрства.

Як падкрэсліў І.В.Карпенка, такія выставы не толькі яскрава дэманструюць вынікі дзейнасці педагагічных калектываў і метадычных службаў, але і даюць магчымасць прааналізаваць зробленую работу і намеціць далейшыя крокі ў дзейнасці ўстаноў адукацыі.

Тэматыка такіх рэспубліканскіх выстаў заўсёды вызначалася, зыходзячы з актуальных пытанняў выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Сёння асаблівую значнасць набывае прафесійнае самавызначэнне моладзі, яно з’яўляецца неад’емнай часткай фарміравання кадравага патэнцыялу нашай краіны.

Ад уключэння моладзі ў прафесійную дзейнасць, ад прафесійнай самарэалізацыі кожнага маладога чалавека залежыць развіццё эканомікі краіны і грамадства ў цэлым. Гэтыя высновы былі зроблены кіраўніком нашай дзяржавы ў Пасланні да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і беларускага народа.

— У сучасных умовах узрастае неабходнасць арганізацыі эфектыўнай прафарыентацыйнай дапамогі моладзі, асабліва ў выбары прафесійнага шляху, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Нам неабходна прыкласці ўсе намаганні для стварэння цэласнай сістэмы прафарыентацыйнай работы, якая павінна абапірацца на матывацыю маладых людзей да прафесійнай дзейнасці, спрыяць развіццю іх асобаснага і прафесійнага росту.

Першачарговае значэнне набывае інтэграцыя вучобы і вытворчасці, а таксама выхаваўчы кампанент у адукацыйным працэсе.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці А.Э.Белякоў адзначыў, што бываў на такой рэспубліканскай выставе не адзін раз, і заўважыў, што з кожным годам яе межы пашыраюцца. Гэта сведчыць аб тым, што выстава набывае папулярнасць сярод маладых людзей і, бясспрэчна, дае пэўны вынік у вызначэнні іх працоўнага шляху.

— Ёсць шмат нагод для гордасці за нашу нацыянальную сістэму адукацыі, — заявіў А.Э.Белякоў. — Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца і выдатная экспазіцыйная арэна, дзе паказаны найлепшыя напрацоўкі нашай педагагічнай грамадскасці. І будзем спадзявацца, што выстава паўплывае на прафесійны выбар моладзі.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы А.У.Няхайчык адзначыла, што вельмі важна ў жыцці кожнага чалавека зрабіць правільны прафесійны выбар, які будзе вызначальным, дазволіць моладзі паспяхова выбудаваць кар’еру і станоўча паўплывае на жыццё.

Прыемна назіраць, што з кожным годам рэспубліканская выстава павялічвае свой патэнцыял, прыцягвае ўвагу яшчэ большай колькасці ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў, умацоўвае свае пазіцыі ў якасці дзейснага інструмента ў прафесійным выбары моладзі. Сёлета наведвальнікаў выставы было настолькі многа (большую частку складалі школьнікі), што прыходзілася з цяжкасцю прабірацца праз рады экспазіцый, якія прадставілі ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагагічныя СМІ і выдавецтвы. Прысутныя з цікавасцю разглядвалі экспанаты, слухалі прэзентацыі, вывучалі буклеты.

Для наведвальнікаў выставы былі арганізаваны майстар-класы, семінары, канферэнцыі, педагагічныя майстэрні— экспазіцыя ператварылася ў адзіную дэманстрацыйную пляцоўку па фарміраванні і ўкараненні сістэмы прафарыентацыйнай работы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.