Каб летнія дзянькі не былі азмрочаны бядой, у Мінскай вобласці бацькі, дзеці, педагогі і прадстаўнікі сілавых ведамстваў разам згадалі правілы бяспечных паводзін. Абласны дзіцяча-бацькоўскі ўсенавуч “Правілы бяспечнага лета” аб’яднаў усіх зацікаўленых.
Мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэасувязі. У Мінскім абласным ІРА была арганізавана работа студыі, да якой анлайн далучыліся бацькі і педагогі ва ўсіх раёнах вобласці. У студыі вялася сур’ёзная размова пра галоўнае — жыццё і бяспеку дзяцей. У якасці мадэратара выступіла першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.В.Апраніч, да размовы далучыліся прадстаўнікі розных ведамстваў.
С.В.Лапановіч, першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, нагадаў, што бяспека дарослага чалавека залежыць у першую чаргу ад яго самога, а бяспека дзяцей — ад іх бацькоў. У гэтым годзе, на жаль, ужо здараліся трагічныя выпадкі, калі пацярпелымі ад агню і вады сталі дзеці. Кантроль і прывіццё правіл бяспечных паводзін — галоўныя меры для захавання бяспекі дзяцей.
А.М.Цюрын, палкоўнік унутранай службы, начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі УУС Мінаблвыканкама, адзначыў, што ў летні перыяд неабходна быць асабліва ўважлівымі ўсім удзельнікам дарожнага руху. Алег Мікалаевіч звярнуў увагу, што менавіта ў перыяд летніх канікул адбываецца найбольшая колькасць аварый з удзелам дзяцей. Пры гэтым колькасць здарэнняў, якія адбыліся па віне дзяцей, значна скарацілася. Гэты факт сведчыць пра тое, што дзеці нярэдка больш адказна, чым дарослыя, ставяцца да правіл бяспекі, хаця менавіта дарослыя павінны падаваць ім прыклад. А.М.Цюрын нагадаў вадзіцелям аб неабходнасці перавозіць дзяцей з выкарыстаннем утрымліваючых сродкаў, улічваць надвор’е і аб’ектыўна ацэньваць свой фізічны стан. Асаблівую ўвагу звярнуў спецыяліст на правілы паводзін юных веласіпедыстаў.
Начальнік аддзялення прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама А.М.Чарны расказаў аб правілах паводзін дзяцей у лагерах, звярнуў увагу на правілы захавання маёмасці і недапушчальнасць проціпраўных паводзін непаўналетніх. В.У.Ліпоўка, начальнік аддзела ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама, расказаў, якія прыкметы могуць падказаць бацькам, што дзіця ўжывае шкодныя рэчывы. Вадзім Уладзіміравіч таксама перасцярог дзяцей ад прывабных на першы погляд прапаноў работы па распаўсюджванні наркотыкаў, якія можна сустрэць у інтэрнэце. Гэта небяспечная пастка, якая вядзе не да абагачэння, а да рэальнага тэрміну зняволення ў калоніі.
Галоўная думка, якую агучвалі розныя спецыялісты, — адказнасць за бяспеку дзяцей, за іх жыццё нясуць бацькі! І яны павінны разумець, што нельга пакідаць дзіця без нагляду і што неабходна навучыць яго правільным паводзінам у розных сітуацыях.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.