Мабыць, не памылюся, калі скажу, што многія з нас пачынаюць кожны свой новы дзень не з ранішняй прабежкі на прылеглым да дома стадыёнчыку і нават не з першай філіжанкі кавы, а з таго, што на кухні мы падыходзім да насценнага календара, адрываем учарашні лісток і з цікавасцю ўчытваемся ў спіс сённяшніх свят і памятных дат. І зноў жа не памылюся, калі скажу, што мы часта тады вельмі здзіўляемся: Божа, гэта ж якіх толькі свят, акрамя ўсім вядомых, не напрыдумлялі сабе людзі! Дзень спантаннай праявы дабрыні, Сусветны дзень рок-н-рола, Дзень Сонца, Сусветны дзень пацалунка, Сусветны дзень сэрца, Дзень запалак, Дзень натуральнай жаночай прыгажосці і г.д. Як кажуць, чым бы дзіця ні цешылася…
Але ў мінулую суботу, 15 красавіка, я адарваў раніцай каляндарны лісток і не проста здзівіўся, але і ў пэўным сэнсе нават зніякавеў. Да свайго сораму (вось ужо 16 гадоў працую ў “Настаўніцкай газеце” рэдактарам аддзела культуры), я не ведаў, што 15 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень культуры. (Не блытаць з больш распаўсюджаным на постсавецкай прасторы Днём работнікаў культуры, які, дарэчы, адзначаецца ў краінах, былых савецкіх рэспубліках, у розныя дні: у Беларусі — у другую нядзелю кастрычніка, у Расіі — 25 сакавіка, ва Украіне — 9 лістапада, у Казахстане — у апошнюю нядзелю верасня.)
Зрэшты, сёлета Міжнародны дзень культуры ўсё адно схаваўся б у цені светлага Вялікадня, які праваслаўныя, католікі і пратэстанты святкавалі на наступны дзень, у нядзелю, 16 красавіка. Тым не менш пра Міжнародны дзень культуры ў нашай краіне ўсё-такі ўспомнілі. Годна, сур’ёзна і культурна ўспомнілі. У панядзелак, 17 красавіка, з нагоды гэтага свята ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” адбыліся дзве падзеі: міжнародны круглы стол на тэму “Культурная дыпламатыя: стратэгія ХХІ стагоддзя” і адкрыццё калектыўнай выставы жывапісу 5 беларускіх мастакоў “Вобраз рэальнасці”.
Міжнародны круглы стол “Культурная дыпламатыя: стратэгія ХХІ стагоддзя” сабраў прадстаўнічую грамаду адказных асоб і спецыялістаў як айчынных, так і замежных грамадскіх арганізацый, дзяржаўных інстытуцый і навуковых цэнтраў: Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага агенцтва па турызме, Беларускага фонду культуры, Беларускага фонду Рэрыхаў, Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнароднай асацыяцыі “Мір праз культуру”, Расійскага фонду Рэрыхаў і інш.
Мабыць, наўрад ці ёсць сэнс падрабязна цытаваць выступленні ўдзельнікаў круглага стала, тым больш што многія важныя рэчы, агучаныя падчас дыскусіі, часта проста па-рознаму інтэрпрэтаваліся выступоўцамі, але аднолькава строга адсылалі прысутных да тых ідэй, якімі кіраваўся яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя вядомы мастак, філосаф, выдатны дзеяч рускай і сусветнай культуры Мікалай Рэрых, калі ініцыіраваў у 1935 годзе падпісанне ў Вашынгтоне Дагавора аб ахове мастацкіх і навуковых устаноў і гістарычных помнікаў. Гэты дакумент потым увойдзе ў гісторыю як Пакт Рэрыха, а яшчэ пазней дзень падпісання гэтага пакта — 15 красавіка — стане Міжнародным днём культуры. Мікалай Рэрых пісаў у свой час: “Будзем жа сцвярджаць і Сусветны дзень культуры, калі ва ўсіх храмах, ва ўсіх школах і адукацыйных супольнасцях адначасова нагадаюць пра сапраўдныя скарбніцы чалавецтва, пра стваральны гераічны энтузіязм, пра паляпшэнне і ўпрыгажэнне жыцця”.
Сёння, калі свет выразна падзяліўся на тых, хто стварае, і тых, хто разбурае, калі цёмныя сілы заклікаюць да разбурэння храмаў і іншых культурных скарбаў, асабліва актуальна гучаць галасы тых паслядоўнікаў філасофіі Мікалая Рэрыха, якія разумеюць, што толькі дзякуючы духоўным каштоўнасцям чалавецтва можа выстаяць у гэтым аблудным свеце, што культура з’яўляецца галоўным рухавіком на шляху ўдасканалення чалавечай супольнасці, асновай яднання людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.
А культурная дыпламатыя сёння сапраўды выходзіць на першы план у міжкультурным і міждзяржаўным дыялогах, прымае форму канкрэтных сацыяльна-культурных і адукацыйных праектаў і праграм. Так, загадчык кафедры міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Марозаў пазнаёміў прысутных з дзяржаўнай планавай навуковай тэмай “Культурная дыпламатыя Рэспублікі Беларусь”, якая распрацоўваецца на кафедры. Рэалізацыя гэтай тэмы разлічана на 2016—2020 гады. За гэты час навукоўцы павінны будуць прайсці 5 этапаў. 2016 год быў прысвечаны патэнцыялу культуры Беларусі ў працэсе інтэнсіфікацыі міжнародных адносін, у 2018 годзе ў цэнтры ўвагі даследавання будуць цывілізацыйныя асновы беларускага грамадства ў кантэксце міжкультурнага дыялогу, у 2019 годзе будзе праведзены аналіз асноўных кірункаў і форм прасоўвання дасягненняў беларускай культуры на міжнародным узроўні, у 2019 годзе будуць разгледжаны геацывілізацыйныя перспектывы Рэспублікі Беларусь у кантэксце прагнознага развіцця цывілізацый Усходу і Захаду, а ў 2020 годзе будуць канчаткова выпрацаваны канкрэтныя тэхналогіі і методыкі ўдасканалення культурнай палітыкі і культурнай дыпламатыі нашай краіны.
Па словах старшыні Беларускага фонду міру, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Беларускага фонду міру Максіма Місько, праграмы, якія ажыццяўляюцца ў рамках дзейнасці фонду, сёння акцэнтуюць не проста так званую цярпімасць (бо цярпенне ўжо часам заканчваецца), а рэальную павагу да іншых культурных традыцый і каштоўнасцей.
Аналітык Ліберальнага клуба Вадзім Мажэйка нагадаў прысутным, што культурная дыпламатыя ў найбольш традыцыйным сэнсе гэтага слова мае на ўвазе прасоўванне інтарэсаў дзяржавы за мяжой шляхам мяккага сацыякультурнага супрацоўніцтва. І ў гэтым сэнсе выступоўца адзначыў асаблівую значнасць так званых гібрыдных міжнародных інстытутаў, якія, з аднаго боку, карыстаюцца дзяржаўнай падрымкай, з другога боку, могуць дзейнічаць і фінансавацца аўтаномна. Гэта, напрыклад, такія вядомыя ва ўсім свеце структуры, як Польскі інстытут, Інстытут Гётэ, Шведскі інстытут, Французскі інстытут і інш. Сёння, на думку Вадзіма Мажэйкі, наспеў час задумацца і беларусам аб стварэнні падобнай міжнароднай інстытуцыі (Беларускага дома), якая б таксама працавала на гібрыднай дзяржаўна-аўтаномнай платформе, задзейнічаючы сваю soft power (мяккую сілу) для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнародным узроўні і забеспячэння нашай культурнай бяспекі. Сёння, на жаль, у нас не існуе нават нейкага комплекснага дакумента, які б вызначаў стратэгію нашай краіны ў сферы культурнай дыпламатыі. Сярод станоўчых тэндэнцый апошняга часу ў гэтай галіне — наладжванне пасля працяглага перыяду ўзаемнага ігнаравання камунікацыі паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і аб’яднаннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Па словах Вадзіма Мажэйкі, прыходзіць нарэшце разуменне таго, што ў дыяспар няма іншага выйсця, акрамя як працаваць разам з дзяржаўнымі адміністрацыйнымі структурамі Беларусі і наадварот. Нашы агульныя інтарэсы вышэй за ўсё.
У працяг гэтых думак выступіў і намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, які падкрэсліў, што культурная дыпламатыя сёння адыгрывае асабліва значную ролю. Ён нагадаў: “Калі ў перыяд з 2005 па 2008 год былі фактычна замарожаны палітычныя, эканамічныя і іншыя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча, адзінай крыніцай падтрымкі стасункаў паміж нашымі краінамі з’яўлялася якраз культурная дыпламатыя. Дзякуючы розным культурным праектам, нам тады ўсё ж удавалася падтрымліваць стасункі з дэпутатамі сейма Польшчы, вядомымі польскімі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, кіраўніцтвам органаў мясцовага самакіравання, што дазволіла пазней аднавіць адносіны і ў іншых сферах”. Тым не менш, па словах Тадэвуша Стружэцкага, культурная дыпламатыя нашай краіны знаходзіцца ўсё яшчэ на стадыі фарміравання і вымагае больш акрэсленых падыходаў да яе і больш канкрэтных ініцыятыў, тым больш што працы тут непачаты край. З горыччу даводзіцца канстатаваць і пра страчаныя магчымасці. Так, у Дзяржаўнай праграме “Культура” на 2010—2015 гады быў вылучаны спецыяльны раздзел, прысвечаны прэзентацыі культуры Беларусі ў свеце, якім прадугледжвалася стварэнне чатырох беларускіх паўнацэнных культурных цэнтраў за мяжой: у Расіі, Літве, Латвіі і Украіне (пазней у гэты спіс была ўключана Францыя). На жаль, гэтыя праграмныя задачы не былі цалкам рэалізаваны. Сёння ў свеце афіцыйна дзейнічаюць толькі дзве такія структуры: Беларускі культурны цэнтр у Польшчы і Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтр у Расійскай Федэрацыі. Па-ранейшаму няма і спецыяльнага бюджэтнага фінансавання такіх праектаў. “Безумоўна, гэта тыя задачы, якія нам так ці інакш прыйдзецца вырашаць, таму што культурная дыпламатыя для малых краін мае асаблівае значэнне. Менавіта малыя краіны маюць магчымасць дзякуючы культурнай дыпламатыі фарміраваць свой пазітыўны імідж за мяжой нароўні з вялікімі моцнымі краінамі, прасоўваць свае нацыянальныя інтарэсы ў свеце. Мне падаецца, што значныя культурныя беларускія праекты за мяжой маглі б быць з поспехам рэалізаваны сумесна з замежнымі краінамі, таму што Беларусь на працягу многіх стагоддзяў была і ў пэўнай ступені застаецца краінай донараў. Мы без цяжкасці знойдзем сляды культурнай спадчыны, пакінутай вядомымі выхадцамі з Беларусі, у многіх краінах свету. Безумоўна, гэтая спадчына магла б быць падставай для рэалізацыі такіх праектаў”, — адзначыў Тадэвуш Стружэцкі.
А тым часам удзельнікі круглага стала “Культурная дыпламатыя: стратэгія ХХІ стагоддзя” зноў і зноў гаварылі кожны па-свойму пра ўнікальнасць феномена культуры як такой, якая сёння не можа ўспрымацца толькі як мастацтва, а ўключае ў сябе і адукацыю, навуку, рэлігію, калектыўную самасвядомасць народа і г.д. І нябачна луналі калісьці прамоўленыя Мікалаем Рэрыхам словы, глыбокі сэнс якіх мы сёння павінны зразумець і адчуць, пакуль яшчэ не позна: “Культура ёсць шанаванне Святла. Культура ёсць любоў да чалавека. Культура ёсць духмянасць, спалучэнне жыцця і Прыгажосці. Культура ёсць сінтэз узвышаных і вытанчаных дасягненняў. Культура ёсць зброя Святла. Культура ёсць выратаванне. Культура ёсць рухавік. Культура ёсць сэрца”.
Адкрыццё выставы жывапісу ў галерэі “Універсітэт культуры” ўвечары таго ж дня, 17 красавіка, стала адмысловым рэлаксійным працягам нераўнадушных спрэчак круглага стала. 5 беларускіх мастакоў — Леанід Гоманаў, Аляксандр Кошалеў, Аксана Аракчэева, Аляксандр Сяліцкі і Мікалай Андруковіч — прадставілі гледачам свой “Вобраз рэальнасці”, створаны, здавалася б, на аснове ўсім зразумелага і празрыстага рэалістычнага пісьма. Але ж дзіўная ўсё-такі рэч! Саму рэальнасць, яе непаўторны ў кожны міг вобраз таксама трэба яшчэ ўбачыць, як бы адкрыта ён ні быў прэзентаваны мастаком у сваёй карціне. Вось палатно “Жыццё” Аляксандра Кошалева, дзе буйным планам адлюстраваны пень. Пень дый пень. Толькі ўважліва ўгледзеўшыся, мы пачынаем разумець, што не меншую сэнсавую нагрузку, чым сам пень — жыццёвая аснова з магутнымі каранямі, у гэтым творы нясуць і ледзь заўважныя маладыя парасткі вакол яго — парасткі новага жыцця, парасткі будучыні. Жыццё працягваецца! Вось партрэт “Крылы” пэндзля Аляксандра Сяліцкага (дарэчы, ідэйнага натхняльніка выставы “Вобраз рэальнасці”): летуценная дзяўчына стаіць у задуменні перад фартэпіяна і сваёй постаццю кідае на сцяну цень. І толькі пры настойлівым уключэннні нашых асацыятыўных здольнасцей мы пачынаем разумець, што гэта не проста цень, нават наогул не цень, а… крылы. Вось пейзаж “Адзінокі ветразь” Мікалая Андруковіча. Гэты ветразь трэба яшчэ пастарацца ўбачыць, вывудзіць з абрынутай на нас з палатна водна-нябеснай стыхіі… І такіх нечаканых адкрыццяў рэальнасці на выставе шмат.
Як, дарэчы, шмат нечаканых адкрыццяў і ў культурнай дыпламатыі, калі яе праводзіць з адкрытым сэрцам, яснай галавой і расплюшчанымі вачыма.
Абы былі вочы, здольныя ўбачыць нешта.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.