Мяняецца час, мяняецца свет, мяняюцца і нашы дзеці. Яны становяцца больш разняволенымі, свабодна думаючымі, не схільнымі да шаблонаў, з магчымасцямі атрымліваць інфармацыю з самых разнастайных крыніц. Некаторыя ж педагогі часта працуюць па-старому, імкнучыся нашпігаваць вучня як мага большай колькасцю інфармацыі, кіруючыся дэвізам “Рабі, як я!”. У выніку на выхадзе са школы вучань не ўмее прымяніць атрыманыя веды на практыцы, не ўмее карыстацца імі ў новай, незнаёмай, нестандартнай вучэбнай сітуацыі. Слабым звяном з’яўляецца і ўменне інтэграваць веды. Выправіць гэтую сітуацыю педагогам пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Мінска дазваляе выкарыстанне на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці праектных задач. Тут ужо другі год рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі шляхам выкарыстання праектных задач”.
—Усё больш актуальным становіцца выкарыстанне ў адукацыйным працэсе прыёмаў і метадаў навучання, якія фарміруюць здольнасць вучняў самастойна мысліць, здабываць і прымяняць веды, абдумваць рашэнні, што прымаюцца, і дакладна планаваць наступныя дзеянні, эфектыўна супрацоўнічаць у разнастайных па складзе і профілі групах, быць адкрытымі для новых кантактаў і ўмець творча ўзаемадзейнічаць з навакольным светам, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Фадзееўна Локцік. — Фарміраванню пералічаных уменняў садзейнічае праектная дзейнасць. Яна, як правіла, з’яўляецца вядучай дзейнасцю на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Правобразам праектнай дзейнасці на І ступені з’яўляюцца ўрокі рашэння праектных задач. Менавіта таму мы і звярнуліся да іх выкарыстання менавіта ў пачатковай школе.Ініцыятыва работы з праектнымі задачамі ішла ад дырэктара навучальнай установы Наталлі Яўгенаўны Тарнаповіч, якой супрацоўніца Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана Аляксандраўна Аксючыц прапанавала прадаставіць пляцоўку для практычнай апрабацыі праектных задач. Гэтая ініцыятыва была падтрымана творчымі педагогамі школы, якія прайшлі аўтарскія курсы ў АПА, наведалі ўрокі калег, якія працавалі ў гэтым жа напрамку. І вось пасля двух гадоў работы, у мінулым годзе, школа стала адной з сямі навучальных устаноў рэспублікі, якія ўключыліся ў рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў шляхам выкарыстання праектных задач. Навуковы кансультант гэтага праекта — дацэнт кафедры педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Рэгіна Ігнацьеўна Таран. Яго кіраўнікамі выступаюць дырэктар школы Н.Я.Тарнаповіч і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце І.Ф.Локцік. У склад творчай групы настаўнікаў, што працуюць па інавацыі, уваходзяць яшчэ 6 педагогаў — настаўнікаў пачатковых класаў: Вікторыя Леанідаўна Сакалова, Марына Сяргееўна Табала, якія стаялі каля вытокаў праекта, Іна Віктараўна Сіманава, Ірына Якаўлеўна Долбік, Ганна Паўлаўна Шымуль і Наталля Міхайлаўна Забаронька.
Па словах Ірыны Фадзееўны, праектная задача — гэта квазірэальная жыццёвая праблемная сітуацыя, арыентаваная на прымяненне навучэнцамі цэлага шэрага спосабаў дзеянняў, сродкаў і прыёмаў не ў стандартнай (вучэбна-абстрактнай) форме, а ў сітуацыях, па форме і змесце максімальна набліжаных да рэальных сітуацый. Праектная задача мае свае асаблівасці. Яна можа складацца з некалькіх заданняў, якія звязаны паміж сабой агульным сюжэтам і служаць арыенцірамі пры рашэнні пастаўленай задачы ў цэлым. Перад уласна пастаноўкай задачы абавязкова павінна быць апісана канкрэтна-практычная, праблемная сітуацыя, якая фіксуецца ў фармулёўцы задачы. Сістэма заданняў, якія ўваходзяць у гэты тып задачы, можа патрабаваць розных стратэгій яе рашэння (у адных задачах заданні неабходна выконваць паслядоўна, раскрываючы асобныя бакі пастаўленай задачы, у іншых задачах магчыма выкананне заданняў у любой паслядоўнасці, у трэціх паслядоўнасць выканання заданняў, што патрабуецца, прыхавана і павінна быць выяўлена самімі навучэнцамі). Асноўная інтрыга заключаецца ў выкарыстанні выкананых заданняў у агульным кантэксце рашэння ўсёй задачы.
Праектная задача носіць групавы характар. Яе рашэнне дае магчымасць малодшым школьнікам закласці асновы праектнай дзейнасці ў вучэбным супрацоўніцтве. Праўда, у адрозненне ад праекта, для рашэння праектнай задачы навучэнцам прапаноўваюцца ўсе неабходныя для выканання сродкі і матэрыялы.
— На такой задачы няма “этыкеткі” з указаннем таго, да якой тэмы, да якога вучэбнага прадмета яна адносіцца, — заўважае І.Ф.Локцік. — Вынікам рашэння такой задачы заўсёды з’яўляецца рэальны прадукт (насценгазета, карта, схема, прэзентацыя, вынік аналізу сітуацыі, прадстаўлены ў выглядзе дыяграмы, табліцы і г.д.), створаны дзецьмі. І калі звычайна праектная дзейнасць рэалізуецца па-за межамі ўрокаў, то праектныя задачы нашы настаўнікі выкарыстоўваюць менавіта на ўроках, прыцягваючы матэрыял з розных вучэбных прадметаў. Праектная задача можа быць аднаўзроставай, рознаўзроставай (для яе рашэння аб’ядноўваюцца некалькі класаў), міжпрадметнай (на матэрыяле розных вучэбных прадметаў) альбо ў межах аднаго прадмета. Напрыклад, праектная задача “Меню для школьнай сталовай”: “Загадчыца школьнай сталовай звярнулася да нас з просьбай дапамагчы распрацаваць меню для школьнікаў з улікам каларыйнасці, карыснасці ежы”. Альбо праектная задача “Магазін”, разлічаная на вучняў 1—2 класаў: “У магазін № 2 Мінска паступіла вялікая партыя тавару. Адміністрацыя магазіна звярнулася да нас з просьбай дапамагчы праверыць тавар, які паступіў, падпісаць цэннікі на прадукцыю”. Гэтая праектная задача мае шэраг заданняў. Па-першае, вучням неабходна прачытаць накладную ведамасць, выправіць пашкоджаныя вірусам назвы тавараў. Па-другое, праверыць, ці ёсць у скрынях увесь тавар, які пазначаны ў накладной ведамасці. Па-трэцяе, прыгожа і правільна напісаць назвы тавару пісьмовымі літарамі на цэнніку і зафіксаваць кошт тавару. Па-чацвёртае, выбраць шыльду аддзела, дзе будуць прадавацца тавары, і выставіць прадукцыю на прылавак.
Настаўнікі-наватары выкарыстоўваюць праектныя задачы, пачынаючы з 1 класа. У 1—2 класах асаблівасцю гэтых задач з’яўляецца тое, што ў большай ступені яны носяць навучальны характар у частцы, якая тычыцца агульнавучэбных уменняў і навыкаў. У гэтых задачах дакладна фармулюецца мэта, паслядоўнасць заданняў. Работа адбываецца пад кіраўніцтвам настаўніка. А вось у 3—4 класах сітуацыя з праектнымі задачамі мяняецца. Тут асноўнай педагагічнай мэтай з’яўляецца выяўленне ў школьнікаў здольнасці да пераносу вядомых спосабаў дзеянняў у новую для іх сітуацыю. Дарэчы, спачатку настаўнікі карысталіся гатовымі праектнымі задачамі (у прыватнасці, распрацаванымі С.А.Аксючыц), а зараз складаюць іх самі. Вучні захапляюцца гэтымі задачамі, маленькімі крокамі яны ідуць да пастаўленай мэты, не адчуваючы пры гэтым стомленасці. Такія ўрокі могуць крыху выходзіць за межы рэгламенту: займаюць каля 60 хвілін. Гэта дапушчальна па методыцы.
Звычайна педагогі прымяняюць праектныя задачы ў якасці замацавання, на абагульняючых уроках, якія праводзяцца некалькі разоў у чвэрць у залежнасці ад узросту дзяцей і іх падрыхтаванасці. Ды і іх падрыхтоўка вымагае шмат часу ў педагога. “Няўмелае выкарыстанне тэхналогіі не прывядзе да выніку, калі заданні нелагічна ўбудаваны ў сістэму вучэбных заняткаў. Калі прапаноўваць вучням аднатыпныя заданні, у іх таксама можа знікнуць інтарэс да заняткаў. Акрамя таго, прыступаючы да работы, дзіця павінна валодаць неабходным наборам ведаў і ўменняў. У адваротным выпадку ў яго не будзе магчымасці выканаць пастаўленую задачу”, — заўважае Ірына Фадзееўна.
Перад тым як выкарыстоўваць праектныя задачы, настаўнікі вучаць дзяцей працаваць у групе. Малодшыя школьнікі павінны ўмець узаемадзейнічаць, дагаворвацца, размяркоўваць ролі, умець слухаць іншых, прыходзіць да агульнага выніку, прадстаўляць атрыманы вынік. Звычайна групы фарміруюцца са школьнікаў рознага ўзроўню навучанасці. У групе больш моцныя дапамагаюць слабаму — група проста не дазволіць яму не выканаць заданне.
Як адзначаюць настаўнікі-практыкі, уключэнне ў адукацыйны працэс праектных задач мяняе падыходы да ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў. Кантрольна-ацэначная дзейнасць заснавана на самаацэнцы і ўзаемаацэнцы: спачатку вучні ацэньваюць сябе, сваіх таварышаў у групе, а потым і работу вучняў у суседняй групе. Лідар групы дае ацэнку якасці выканання работы групы ў цэлым і ролі кожнага ў групе. Для эканоміі часу пры ацэнцы выкарыстоўваюцца карткі з выявамі “плюс”, “мінус”.
— Групавая работа павышае ступень самастойнасці дзяцей. Ідзе абагульненне, замацаванне, сістэматызацыя ведаў вучняў, выкарыстанне ведаў у іншай сітуацыі. Усе вучні ўключаны ў актыўную пазнавальную дзейнасць, бо задачы бяруцца практыка-арыентаваныя, — адзначае І.Ф.Локцік. — Стварыўшы на ўроку нестандартную сітуацыю, настаўнік можа больш аб’ектыўна ацаніць веды дзяцей і вызначыць іх праблемы. Для педагога важна знайсці, прыдумаць такую сітуацыю, якая б была цікавая дзецям. Акунуўшыся з галавой у праблему, дзеці не падазраюць, што дыягнастуе настаўнік, яны захоплены рашэннем задачы, працуюць не “на настаўніка”, а на сваю агульную мэту і тым самым, не задумваючыся, дэманструюць свае сапраўдныя веды, камунікатыўныя навыкі. Ды і нішто так не пашырае кругагляд дзіцяці, не выхоўвае і не згуртоўвае дзіцячы калектыў, як сумесная справа: стварэнне макета, афармленне насценнай газеты, выступленне перад аўдыторыяй. А калі гэта падпарадкавана адной мэце і выклікае ў вучняў інтарэс, тады дасягаецца асаблівы станоўчы эфект. Рашаючы праектныя задачы, мы вучым школьнікаў дзейнасці — не проста дзейнічаць, але і ставіць мэты, умець кантраляваць свае і чужыя дзеянні.
Нядаўна на базе школы прайшоў рэспубліканскі семінар, на якім педагогі дзяліліся вопытам работы па выкарыстанні праектных задач. Настаўніца пачатковых класаў Марына Сяргееўна Табала прапанавала малодшым школьнікам міжпрадметную праектную задачу для трэцякласнікаў “Юныя турысты”, якая заключалася ў тым, што пачаткоўцам неабходна было падрыхтавацца да адпачынку ў палатачным лагеры. Уся задача складалася з некалькіх заданняў, у якія ўключаўся матэрыял з рускай мовы, матэматыкі, курса “Чалавек і свет”. Спачатку вучні падрыхтавалі аб’яву аб палатачным лагеры, які мае адбыцца. Частку інфармацыі настаўніца прадаставіла гатовай, а недастаючыя даныя вучні знаходзілі самі. Потым дзецям неабходна было падабраць самы кароткі маршрут падарожжа. Малодшыя школьнікі падлічвалі адлегласць падарожжа, улічваючы сярэднюю хуткасць аўтобуса, і выбіралі найбольш рацыянальны па часе маршрут. Потым вучням неабходна было падлічыць, колькі палатак не хапае ў школе і якія з іх — двухмесныя, трохмесныя ці чатырохмесныя — танней дакупіць. Кожны вучань атрымаў сваё заданне, потым у групе дзеці абмеркавалі вынікі, што атрымаліся, і на суд гледачоў прадстаўляўся больш эканомны варыянт. Малодшыя школьнікі з задавальненнем збіралі рукзак, дэманструючы свае веды па рускай мове. Даведацца пра назву рэчкі ў той мясцовасці, дзе будзе палатачны лагер, дзеці змаглі, выканаўшы заданне на арыентаванне па компасе. Многія заданні тычыліся прадмета “Чалавек і свет” і знаёмілі школьнікаў з мясцовай флорай і фаўнай.
Класная гадзіна ў 2 класе з выкарыстаннем праектнай задачы па складанні даведніка па Мінску была праведзена настаўніцай пачатковых класаў Ганнай Паўлаўнай Шымуль. Спачатку вучні прадставілі логіка-сэнсавую мадэль, на галінах якой адлюстравалі асноўныя напрамкі гарадской дзейнасці, расказалі пра памятныя мясціны Мінска і склалі карту, па якой госці маглі пазнаёміцца з горадам.
Удзельнікі семінара маглі назіраць, што выкарыстанне праектных задач садзейнічае развіццю творчых здольнасцей і актыўнасці навучэнцаў, фарміраванню пазнавальных матываў, бо навучэнцы бачаць канчатковы вынік сваёй дзейнасці, які выклікае ў іх жаданне вучыцца. Яны ўсе паспяховыя. Малодшыя школьнікі бачаць рэальнае прымяненне сваіх ведаў, разумеюць, як многа, аказваецца, яны яшчэ не ведаюць і ім трэба даведацца, у іх з’яўляецца пачуццё адказнасці перад таварышамі, бо калі хтосьці з іх не выканае частку сваёй работы, то будуць пакутаваць усе, і неабходны вынік не будзе дасягнуты. Акрамя таго, яны ўсведамляюць, што жыццёвыя праблемы не маюць толькі адназначнага рашэння, варыянтаў можа быць некалькі.
— Для настаўнікаў работа ў праекце прыносіць вялікую карысць. Зараз гэта зусім іншыя людзі, у іх зусім іншы падыход да навучання, у метадычным плане яны на ўзровень вышэй за іншых педагогаў, яны прывучаны паглыбляцца ў праблему, шукаць, працаваць разам. Вельмі часта праектныя задачы складаюцца ў супрацоўніцтве, а потым шліфуюцца, карэкціруюцца, — падкрэслівае дырэктар школы Н. Я. Тарнаповіч. — Урокі рашэння праектных задач далі магчымасць нашым педагогам выкарыстоўваць прынцыпова новы спосаб рэалізацыі прадметнага зместу, форм арганізацыі вучэбнай дзейнасці і якаснага ацэньвання вучэбных дасягненняў, дапамаглі стварыць умовы для асваення навучэнцамі спосабу калектыўна-размеркаванага ўзаемадзеяння, развіцця міжпрадметных кампетэнтнасцей, фарміравання асобасных універсальных, камунікатыўных і рэгулятыўных вучэбных дзеянняў: жадання выконваць вучэбную задачу, праяўляць інтарэс да навакольнага свету і сябе.
Да завяршэння праекта настаўнікі-наватары напішуць метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні праектных задач, плануецца таксама скласці зборнік аўтарскіх праектных задач.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.