Праз самакіраванне — у прафесію

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Стала ўжо традыцыяй праводзіць у нашай школе двойчы на год дзень самакіравання. Асноўныя мэты яго правядзення — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі навучэнцаў, спроба магчымасці стаць дарослым і быць адказным за сваю справу, развіццё прафарыентацыі на прафесію настаўніка. Ініцыятарамі гэтай справы на гэты раз сталі навучэнцы 10 педагагічнага класа. Навучэнцы наведваюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную спецыяльнасць”. І менавіта самакіраванне дазваляе вучням адчуць ролю настаўніка ў школе.

Напярэдадні сумесна з членамі маладзёжнага школьнага парламента “Феміда” быў распрацаваны план работы на гэты дзень, размеркаваны абавязкі, складзены графікі дзяжурстваў па школе і сталовай, “назначана” адміністрацыя. Па прапанаваных тэмах вучні пісалі канспекты ўрокаў, рыхтавалі наглядны матэрыял, а педагогі назіралі за “новымі” настаўнікамі, давалі кансультацыі і аказвалі дапамогу.

Ролю дырэктара школы выконвала вучаніца педкласа Настасся Бобніс, намесніка дырэктара — вучаніца таго ж класа Дзіяна Дудо. Яны ж яшчэ і вялі ўрокі матэматыкі і рускай мовы. Астатнія навучэнцы працавалі настаўнікамі гісторыі, геаграфіі, працоўнага навучання, беларускай мовы, выхавальнікамі ў групе прадоўжанага дня. Вельмі прыемна было назіраць за працай вучняў, бачыць іх энтузіязм, жаданне ні ў чым не памыліцца, шчырую ўзаемападтрымку, упэўненасць у сваіх сілах. І ў іх усё атрымалася.

Дзень самакіравання даў магчымасць навучэнцам праявіць ініцыятыву, адказнасць, прынцыповасць. У выніку абмеркавання праведзенай работы вучні прыйшлі да высновы: як добра быць настаўнікам і як гэта адначасова складана. Але ніводзін з іх не расчараваўся. А гэта самае галоўнае.

Ірэна КАЗЛОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 10 класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.