Праз вэб-квест — да бяспечных паводзін

- 11:31Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне асноў бяспечных паводзін — адна з прыярытэтных задач, якая стаіць перад настаўнікамі пачатковых класаў. Пошук эфектыўных форм і метадаў работы з дзецьмі па дадзенай праблеме прывёў нас, членаў раённага рэсурснага цэнтра “Фарміраванне асноў бяспечных паводзін у вучняў”, да распрацоўкі і правядзення вэб-квеста “Формула бяспекі”.

10 каманд, у склад якіх увайшлі вучні пачатковых класаў са Слонімскага, Зэльвенскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў, на працягу трох тыдняў спаборнічалі за званне лепшага знаўцы асноў бяспечных паводзін.

Заданні першага этапу квеста “Дарожны марафон” дазволілі выявіць узровень ведаў вучняў правіл дарожнага руху. Выніковым заданнем на дадзеным этапе стала складанне кожнай камандай-удзельніцай “Памяткі маленькага пешахода”.

На этапе “Агонь — наш сябар, агонь — наш вораг” вучні паказалі сваё веданне гісторыі пажарнай службы, правіл пажарнай бяспекі, дзеянняў пры пажары.

Правілы аказання першай медыцынскай дапамогі, пытанні здаровага ладу жыцця сталі ключавымі ў заданнях трэцяга этапу “Быць здаровым — гэта здорава”. Вынікам яго стала стварэнне воблака слоў “Карысная ежа”.

Напружаным і рашаючым для ўдзельнікаў быў апошні этап вэб-квеста — “Каб у бяспецы жыць, трэба АБЖ вучыць”. Дзеці адказалі на пытанні алімпіяды “Прыступкі бяспекі”, разгадалі кодавую фразу. А выніковым заданнем стала складанне “Формулы бяспекі”. Кожная каманда атрымала сваю кодавую фразу, якая і стала тэмай для распрацоўкі правіл бяспечных паводзін у пэўнай сітуацыі. “Формула бяспекі” была прадстаўлена ў выглядзе прэзентацыі, азнаёміцца з якой змаглі ўсе ўдзельнікі квеста.

Па выніках вэб-квеста былі вызначаны пераможцы і прызёры, якія ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі. Дыпломам І ступені адзначаны каманды “Надзейныя рабяты” і “Пульс” (сярэдняя школа № 10 Слоніма), дыпломам ІІ ступені — каманды “МНС”, “Вясёлка” (сярэдняя школа № 10 Слоніма), “Акцябраты” (Астрынская сярэдняя школа Шчучынскага раёна), “Святлафорыкі” (Доцішская сярэдняя школа Воранаўскага раёна); дыпломам ІІІ ступені — каманды “Знаўцы” (сярэдняя школа № 10 Слоніма) і “Дружныя агеньчыкі” (Дзярэчынскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Зэльвенскага раёна).

Алена СУШКО,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Слоніма.