Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, старшы сяржант, былы памочнік камандзіра ўзвода разведкі Алег Назаравіч Пліндоў прайшоў з баямі па дарогах Заходняга, Калінінскага і 3-га Беларускага франтоў. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, двума медалямі “За адвагу”. Выдатнік адукацыі, ветэран педагагічнай працы аддаў выхаванню школьнікаў больш як паўвека свайго жыцця і адзначаны за гэта медалём “За працоўную доблесць”. Нягледзячы на даволі сталы ўзрост (98 гадоў), ён і цяпер па закліку сэрца цягнецца да школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў.
Студэнт літаратурнага факультэта Магілёўскага педінстытута Алег Пліндоў павінен быў 23 чэрвеня 1941 года здаваць апошні экзамен за першы курс. Ды толькі план гэты не ажыццявіўся: вайна пачалася. На наступны дзень ён разам з сябрамі адправіўся ў ваенкамат прасіцца на фронт. Там ім патлумачылі, што не падыходзяць хлопцы па ўзросце, але запісалі ў знішчальны батальён. Праз некаторы час Алег са сваімі сябрамі прымкнуў да адступаючых чырвонаармейцаў. Адразу ж завёў дзённік, дзе час ад часу рабіў запісы падзей, якія адбываліся на яго вачах. Першы запіс датаваны 12 ліпеня 1941 года, апошні — 7 ліпеня 1944 года, калі пасля цяжкага ранення Алег Пліндоў быў камісаваны.
У адным ваенным гарадку Арлоўскай вобласці была падабрана група са студэнтаў і выпускнікоў школ, якія сталі курсантамі Варонежскага вучылішча сувязі. Праз паўтара месяца немцы падышлі да горада Яльца, і курсантаў кінулі супраць іх. Страты былі вялікія. “Калі немцы захапілі горад, — расказвае Алег Назаравіч, — рэшткі групы курсантаў, у тым ліку і мяне, адправілі ў Башкартастан, дзе рыхтавалі малодшых камандзіраў. Калі атрымалі званні сяржантаў, пад урачыстыя гукі аркестра нас павезлі на Калінінскі фронт, дзе я быў прызначаны артылерыйскім разведчыкам і сувязістам”.
Вось выпіска з загада па 195-м гвардзейскім артылерыйскім палку 91-й гвардзейскай Духаўшчынскай стралковай дывізіі: “Пліндоў з рызыкай для жыцця пад ружэйным, кулямётным і мінамётным агнём праводзіў прывязку назіральных пунктаў і агнявых пазіцый дывізіёна і штаба батарэі. 13 і 14 жніўня 1943 года вёў карэкціроўку агню батарэі, замаскіраваўшыся ў лясістай мясцовасці. Патрабавалася асцярожнасць і хуткасць у рабоце, але тэлефонную лінію працягнуў”.
“На Валдаі нашы і нямецкія траншэі знаходзіліся на ўзвышшах за трыста метраў. Мне — загад: тэрмінова даставіць у штаб палка важныя звесткі. Адлегласць туды вялікая, і каб выйграць у часе, я вырашыў адолець 70 метраў схілу, які дасканала вывучыў. Той участак прастрэльваўся снайперамі, а мая тактыка была такой: прабег крыху ўніз — і ў варонку ад бомб, снарадаў ці ў лагчынку. Замёр там, прыўзняў на аўтамаце каску — пачуў звон металу па ёй — зноў уніз. І гэтак далей. Карацей, хітрыкамі абдурыў фрыцаў і смеласцю. А далей — па-за кустамі і ўздоўж шумлівай і хуткай рачулкі. На крутым павароце пачаў пераходзіць яе і, каб не намачыць аўтамат, перавесіў яго за плечы. І тут жа адчуў, што быццам спатыкнуўся. Калі выйшаў на бераг, выявілася, што прыклад аўтамата быў расколаты разрыўной куляй, якая пакінула адмеціну і на ствале”, — узгадвае ветэран.
Было і такое, за што больш за ўсё нацярпеўся страху Пліндоў ад камандзіра артылерыйскага палка. У час слухання яго распараджэнняў з сумкі процівагаза Алега выпалі на падлогу дзве кніжачкі: зборнік лірыкі Гётэ і “Масква кабацкая” Сяргея Ясеніна. Невядома, чым бы ўсё закончылася, калі б камбат далікатна не напомніў высокаму начальніку, што Іаган Вольфганг Гётэ з’яўляецца гордасцю не толькі Германіі, а і ўсяго чалавецтва. З рызыкай для сябе Алег перахаваў кніжачку Гётэ і нават асмельваўся калі-нікалі чытаць вершы генія паэзіі сваім аднапалчанам. А.Н.Пліндоў і сам пісаў вершы, адсылаў іх у дывізійную газету. Пісаў і злую сатыру на Гітлера, Гебельса, Бормана і г.д. Як актыўнага аўтара газеты яго запрасілі аднойчы на сустрэчу з ваенным карэспандэнтам, падпалкоўнікам і паэтам Аляксандрам Твардоўскім, які наведаў свой родны Пачынкаўскі раён Смаленскай вобласці з выпадку яго вызвалення. Паэт расказваў, як ствараў паэму “Васіль Цёркін”, і застаўся задаволены, што многія байцы чытаюць і носяць у сваіх гімнасцёрках апублікаваныя яе главы.
Пасля некалькіх месяцаў, праведзеных у шпіталі пасля атрыманага пад Віцебскам ранення, Алег вярнуўся ў свой Круглянскі раён Магілёўскай вобласці. І адразу яго выклікалі ў райкам з прапановай узначаліць Цяцерынскую сямігодку. Спасылкі на тое, што ў яго няма вопыту такой работы, не прымаліся, але ўсё ж спыніліся на тым, што ён зойме пасаду намесніка дырэктара па ваенна-спартыўнай рабоце, пакуль знойдуць дырэктара. Сярод настаўнікаў ён, другакурснік педінстытута (пасля скончыў яго завочна), быў як прафесар, бо матэматыку веў былы сапёр, беларускую мову — старая жанчына, за спінай якой была толькі вячэрняя школа. Алег Пліндоў з дапамогай работнікаў сельсавета арганізаваў мясцовых мужчын на выраб школьных лавак, рамонт столі, падлогі і г.д. І калі з райцэнтра паведамілі пра Перамогу, яны сабралі дзяцей і дарослых з усіх вёсак і над ганкам школы павесілі чырвонае палотнішча. Былі радасць, слёзы шчасця.
Алег Назаравіч у розны час працаваў дырэктарам Кудзінскай базавай школы Бялыніцкага раёна, сярэдняй школы № 2 Бялыніч, інспектарам і загадчыкам раённага аддзела адукацыі. У 1995 годзе з камандзіровачным пасведчаннем Бялыніцкай раённай газеты наведаў тыя мясціны, дзе яму давялося ваяваць, і змясціў свае рэпартажы на яе старонках. Нямала цікавых дакументальных матэрыялаў пра Алега Пліндова знаходзіцца ў музеях Ліпецка, Кудзінскай школы, у Бялыніцкай райбібліятэцы. Нельга не сказаць і пра тое, што на старонках абласной газеты ён друкуе свае артыкулы і вершы і па-бацькоўску клапатліва вучыць маладое пакаленне шанаваць тыя здабыткі, якіх дасягнулі папярэднікі, прымнажаць іх. Ветэран вайны і працы поўны рашучасці і надзей пераступіць стагадовы рубеж. Моцнага здароўя, добрага настрою, дарагі наш чалавек!
Уладзімір ПЕРНІКАЎ.
Фота Алега БЕЛАВУСАВА, “Гомельская праўда”.






