Праз зберажэнне — да развіцця

- 15:18Выхаванне
Экалагічная замена пластыкавых пакетаў.

У Мінску прайшла канферэнцыя “Перспектывы ўкаранення энергаменеджменту на мясцовым узроўні”. Яна стала заключным мерапрыемствам праекта “Праз энергазберажэнне — да развіцця рэгіёнаў” і яшчэ адным крокам на шляху да дасягнення Мэт устойлівага развіцця.   Праект рэалізоўваўся Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Жывое партнёрства” пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

Экалагічная замена пластыкавых пакетаў.

Праблему выявіць “Энергабаланс”


Грамадскае аб’яднанне “Жывое партнёрства” ўжо 10 гадоў працуе з установамі адукацыі, дзіцячымі рэабілітацыйна-аздараўленчымі цэнтрамі па тэме экалагічнага менеджменту. Сістэма экалагічнага менеджменту з’яўляецца часткай агульнай сістэмы кіравання ўстановай і накіравана на вырашэнне задач у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

— Пілотнымі тэрыторыямі праекта сталі Веткаўскі раён Гомельскай вобласці, Вілейскі раён Мінскай вобласці і Чавускі раён Магілёўскай вобласці. Усе тры раёны з’яўляюцца падпісантамі пакта мэраў па энергіі і клімаце і вядуць актыўную работу па зніжэнні выкідаў СО2, памяншэнні энергаспажывання і развіцці аднаўляльных крыніц энергіі, — гаворыць Ларыса Якавюк, кіраўнік праекта, супрацоўнік грамадскага аб’яднання “Жывое партнёрства”. — У межах праекта ў пілотных раёнах арганізаваны анлайн-маніторынг спажывання энергарэсурсаў (электраэнергіі, цяпла, вады) пры дапамозе праграмы “Энергабаланс”. Усе ўстановы адукацыі штодня ўносяць паказанні сваіх лічыльнікаў спажывання на персанальныя вэб-старонкі “Энергабалансу”. Праз інтэрнэт даныя паступаюць на агульны сервер. Акумуляцыя ўсіх даных у адным месцы дапамагае дыстанцыйна кантраляваць спажыванне энергарэсурсаў, праводзіць аналіз пры дапамозе табліц і графікаў, параўноўваць установы паміж сабой па абсалютным і ўдзельным спажыванні. Такім чынам удаецца выбудоўваць прыярытэты па прыняцці тэхнічных мер. Акрамя таго, наш эксперт прыязджае ў школы, дзіцячыя садкі, даследуе іх з пункту гледжання эканоміі энергарэсурсаў і пры неабходнасці дае парады, як можна павысіць тэмпературу ў памяшканні на пару градусаў (напрыклад, размясціўшы за батарэямі адбівальныя экраны), як знізіць расход вады ў санвузлах, як павысіць энергаэфектыўнасць электрапрыбораў і інш.

Канферэнцыя паспрыяла абмену вопытам работы па энергаэфектыўнасці і арганізацыі маніторынгу энергаспажывання, дазволіла абмеркаваць магчымасці ўкаранення энергаменеджменту ў гарадах і раёнах краіны. У прыватнасці, сваім вопытам падзяліліся школы пілотных раёнаў.

Экалогія праз усё жыццё


Так, для сярэдняй школы № 3 Вілейкі анлайн-маніторынг стаў толькі часткай вялікай штодзённай работы ў кірунку экалагічнага выхавання і энергазберажэння. Як расказала Марына Кажура, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, анлайн-маніторынг дапамог выявіць, наколькі энергаёмістае старое абсталяванне, у прыватнасці маразільныя і ахаладжальныя камеры, электрапліты. Але, акрамя гэтага, тут вядзецца грунтоўная работа па ўкараненні энергазберажэння ў звычку школьнікаў, педагогаў, бацькоў.

Акцыя "Дрэва замест кветак".

— Гэты кірунак рэалізоўваецца ў нас у тым ліку праз урокі матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, геаграфіі, нават літаратуры, — гаворыць Марына Іванаўна. — На спецыялізаваных факультатывах мы даўно адышлі ад “берагош” і “энергош”, якія за 15 гадоў спаўна адпрацаваны ўсімі школамі. Мы робім упор на сістэму пазакласных мерапрыемстваў. Наша школа з канца 90-х гадоў мела экалагічны ўхіл, і з той пары была выбудавана цэласная сістэма экалагічных мерапрыемстваў, якая пачынаецца са знаёмства ў 1 класе і завяршаецца грунтоўнай практычнай часткай у 11 класе. Перавагі працягласці экакірунку ў тым, што пачыналі яго бацькі нашых навучэнцаў, і ім не трэба нічога падказваць. Яны і сёння рэфлекторна зачыняюць падпёртыя дзверы ў пад’ездзе ці выключаюць непатрэбнае святло. Яны з задавальненнем далучаюцца да нашай акцыі “Дрэва замест кветак”, калі за грошы, якія збіраліся патраціць 1 верасня на кветкі настаўніку, набываюць дэкаратыўныя дрэўцы, кустоўе і разам з дзецьмі высаджваюць іх на прышкольнай тэрыторыі, а потым разам даглядаюць.

Школа № 3 — удзельнік і пераможца мноства конкурсаў, прычым перамогі становяцца не вынікам, а штуршком да новых ідэй. Так, навучэнцы школы прынялі актыўны ўд зел у ініцыятыве па зборы пластыкавых накрывак, якую прапанавала “Жывое партнёрства”. Прызам для тых, хто сабраў па 100 накрывак, сталі экасумкі для паходу ў краму, каб не набываць кожны раз новы пластыкавы пакет на касе. Такія ж сумкі старшакласнікі пашылі і падарылі першакласнікам для зменнага абутку. Перамога на абласным конкурсе па азеляненні прышкольнай тэрыторыі стала нагодай для яшчэ больш маштабнай работы і ў кірунку азелянення, і ў кірунку зберажэння вады. У прыватнасці, пад усе дахі школьных будынкаў былі пастаўлены 200-літровыя бочкі для збору вады і паліву кветак, была распрацавана экалагічная сцежка, якая раскрывае тэму энергазберажэння, яго сувязі з захаваннем прыроды (гэта тэма даследчай работы па геаграфіі, 2016 год). Для дзяцей праводзіліся экскурсіі на міні-ЦЭЦ, ачышчальныя збудаванні; яны вывучалі крыніцы электра- і цеплазабеспячэння горада, наведвалі выставы энергазберагальных тэхналогій. Для навучэнцаў, педагогаў, бацькоў у школе ладзіліся выступленні спецыялістаў у галіне аднаўляльнай энергетыкі, энергазберажэння. Паглыбіць веды летам дапамагала экалагічная змена школьнага аздараўленчага лагера.

У школе прайшлі конкурсы даследчых і творчых работ, у тым ліку выставы работ з другаснай сыравіны “Другое жыццё рэчаў”. Публічная абарона даследчых работ па энергазберажэнні праходзіла з запрашэннем спецыялістаў па энергазабеспячэнні. Усе дзіцячыя праекты практыка-арыентаваныя. Напрыклад, каб напісаць работу па энергазберажэнні, дзеці з цеплавізарам даследавалі памяшканні, параўноўвалі сітуацыю з цепластратай уздоўж унутраных сцен і знешніх, вакол адкосаў вокнаў.

Як аздначае М.І.Кажура, для актыўнасці педагогаў у кірунку энергазберажэння, экалагічнага выхавання важную ролю адыгрывае і тое, што ўсе намаганні настаўнікаў, іх актыўная работа ацэньваюцца кіраўніцтвам школы і выяўляюцца ў прэміяльным эквіваленце.

“Птушыная” ацэнка

Ва ўстановах адукацыі Чавускага раёна сістэма экалагічнага менеджменту пачала ўкараняцца з 2015 года. І нараўне з дзвюма буйнымі гарадскімі школамі ў лік зацікаўленых устаноў увайшла і невялікая сельская ўстанова — Асінаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Як расказаў яе дырэктар Дзяніс Нікіфараў, праведзены ў межах праекта аўдыт дапамог знайсці слабыя месцы ў школе, і грамадскай арганізацыяй “Жывое партнёрства” са сродкаў нямецкай Праграмы падтрымкі Беларусі ўстанове была выдзелена 1 тысяча еўра. Замена абсталявання на гэтую суму (электрапліты, святлодыёдныя лямпачкі, мадэрнізацыя санвузлоў) дазволіла за год сэканоміць каля 15 працэнтаў вода- і энергарэсурсаў. Але гэта было толькі пачаткам.

Творчае жыццё рэчаў.

Яшчэ адным кірункам стала актыўная работа з дзецьмі і іх бацькамі, правядзенне семінараў, стварэнне экалагічных патрулёў, патрулёў беражлівасці, дзе самі дзеці клапаціліся пра тое, каб паменшыць затраты электраэнергіі ў школе, і гэтую практыку яны ўкаранялі дома. Сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Жывое партнёрства” быў праведзены шэраг вучэбных семінараў, конкурсы малюнкаў, конкурс па зборы адпрацаваных батарэек, старых лямпачак.

Усё гэта дало імпульс кіраўніцтву для далейшага ўдзелу ў міжнародных праектах, ініцыятывах. І за апошнія тры гады школа прыцягнула замежных сродкаў на суму больш як 60 тысяч беларускіх рублёў, што эквівалентна 30 тысячам долараў ЗША.

— Мы адзіная сельская ўстанова адукацыі ва Усходняй Беларусі, якая па выніках укаранення сістэмы экалагічнага менеджменту атрымала міжнародны экалагічны сертыфікат узору “Зялёны певень” і беларускага ўзору — “Белы бусел”, што і дазволіла нам далей прымаць удзел у экалагічных праектах, — гаворыць Дзяніс Уладзіміравіч. — У прыватнасці, на базе нашай школы быў створаны адзіны ў сваім родзе Цэнтр сельскага развіцця і Цэнтр дэгустацыі і гатавання страў традыцыйнай мясцовай кухні, дзе школьнікі сумесна з педагогамі і старажыламі нашых вёсак узнаўляюць старыя рэцэпты і па іх гатуюць стравы. Акрамя таго, у нас створана і дзейнічае вучэбная пляцоўка па экалагічным земляробстве, дзе мы вырошчваем прадукцыю для школьнай сталовай, а лішкі рэалізоўваем сярод мясцовага насельніцтва. У нас ёсць свой міні-трактар, на якім дзеці атрымліваюць азы працы на зямлі. Мы праводзім семінары для мясцовага насельніцтва, бацькоў, дзелімся вопытам і далей развіваемся. Існуе яшчэ мноства ідэй, распрацаваных праектаў, якія мы будзем у далейшым развіваць і рэалізоўваць. Напрыклад, у найбліжэйшых планах — далейшае развіццё ініцыятыў, накіраваных на рост прадпрымальніцкіх здольнасцей і фермерскіх навыкаў у мясцовага насельніцтва, у тым ліку ў нашых навучэнцаў. Гэта стварэнне сваіх ініцыятыў, ідэй, якія людзі змогуць рэалізоўваць у сельскай мясцовасці — тым самым, атрымаўшы прафесіі ў гарадах, яны не будуць заставацца там, а вернуцца на радзіму, каб развіваць яе, бо ўсе разумеюць: няма вёскі — няма горада. І каб захаваць вёску, трэба паказваць, што тут, на зямлі можна годна жыць, зарабляць і развівацца.


Устойлівы рэгіён — моцная краіна. Аб’ядноўваючы ўнікальнасць, магчымасці і патэнцыял партнёраў, кожны праект і Праграма падтрымкі ў цэлым уносяць уклад ва ўстойлівае развіццё Беларусі.


Імкнецца дасягнуць вынікаў калег і Веткаўскі раён. Гэты раён найбольш пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, таму асноўныя намаганні тут накіраваны на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі, але ўстановы адукацыі актыўна далучыліся і да праекта “Праз энергазберажэнне — да развіцця рэгіёнаў”. Так, Віталь Мікалаевіч Жалтаногін, дырэктар гімназіі Веткі, расказаў:

— У нас была створана рабочая група, якая пачала займацца экалагічным менеджментам і выпрацавала комплекс энергазберагальных мерапрыемстваў. У прыватнасці, у гімназіі мы ўстанавілі датчыкі руху на асвятленне, замянілі электраабсталяванне. У нас дзейнічае валанцёрскі атрад “Росток”, які кантралюе выкарыстанне энергарэсурсаў. Педагогі і навучэнцы школы паспяхова прымаюць удзел у канферэнцыях, дзе імкнуцца ўнесці свой уклад у вырашэнне праблем экалогіі і ў дасягненне Мэт устойлівага развіцця. Плануем адкрыць вучэбны цэнтр па энергарэсурсах і энергазберагальных тэхналогіях і абсталяванні.

Падводзячы рысу шматгадовага супрацоўніцтва са школамі, Ларыса Якавюк адзначыла:

— Здавалася б, усе школы прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, усе займаюцца прафілактыкай шкодных звычак, экалагічнай работай. Але калі пытаешся, што канкрэтна яны робяць, яны пачынаюць аповед з сабранай макулатуры, з перамог у конкурсе “Энергамарафон” і інш. Але хіба гэта можа быць галоўным? Хіба нешта змянілася ў дзяцей на ўзроўні разумення? На жаль, у нас выхаваўчая работа і ўдзел вучняў у конкурсах часта ніяк не звязаны з канкрэтнымі лічбамі спажывання энергарэсурсаў у школе, таму мы стараемся ў межах работы са школамі іх звесці. Для гэтага працуем з калектывамі, каб усе спецыялісты — ад дырэктара і настаўніка да тэхработніка — разумелі, чаму, што і як робіцца для эканоміі энергіі. А потым праз педагогаў інфармацыя даводзіцца да дзяцей, праз іх — да бацькоў і ўсяго мясцовага насельніцтва.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.