Прэзентацыя Магілёўскай вобласці на выставе «Беларусь інтэлектуальная»: якія распрацоўкі прадэманстравалі

- 10:23Актуально

Выстава “Беларусь інтэлектуальная” працягвае крочыць па краіне. У апошнія лютаўскія дні з актуальнымі дасягненнямі навукі і тэхнікі знаёміліся жыхары Магілёўшчыны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Інтэрактыўная экспазіцыя разгарнулася ў спарткомплексе “Алімпіец” Магілёва. Увазе наведвальнікаў былі прапанаваны перадавыя распрацоўкі ў розных сферах жыццядзейнасці. Сучасная буйнагабарытная тэхніка, модулі IT і робататэхнікі, штучнага інтэлекту, прыборабудавання і мікраэлектронікі, абароны і бяспекі, касмічных і біятэхналогій, аховы здароўя і медыцыны, аграпрамысловага комплексу і харчавання, прастора маладзёжных ініцыятыў — усяго на маштабнай выставе было прадстаўлена звыш 600 экспанатаў, якія наглядна дэманструюць бесперапыннае развіццё беларускай навукі, а таксама яе інтэнсіўнае ўзаемадзеянне з адукацыяй і вытворчасцю. Асобная пляцоўка была адведзена пад прэзентацыю Магілёўскай вобласці. Свае навуковыя поспехі паказалі прадпрыемствы і ўстановы вышэйшай адукацыі.

Інавацыйныя распрацоўкі вучоных і канструктараў рэгіёна шырока ўкараняюцца ў розных галінах, знаходзяць прызнанне ў нашай краіне і далёка за яе межамі. Мы даказваем усім, што Беларусь хоць і невялікая, але эканамічна развітая і высокаінтэлектуальная краіна. Вельмі важна, што навуковыя распрацоўкі можа ўбачыць моладзь. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць развіваць у маладога пакалення імкненне спасцігаць новае, лепшае і дабівацца вынікаў, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Нямала распрацовак прадставіў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Выкладчыкі і студэнты прэ­зентавалі найноўшыя прамысловыя тэхналогіі, якія ўкараняюцца на прадпрыемствах. У прыватнасці, рэгістратар зварачных працэсаў, які дапамагае вывесці зварку на новы ўзровень, ужо вырабляецца для канцэрна “Белнафтахім”.

Навуковае развіццё харчовых і хімічных тэхналогій прадэманстраваў на экспазіцыі БДУТ. Апошнім часам ва ўстанове развіваюць такі напрамак, як стварэнне прадуктаў харчавання на аснове прарошчанага збожжа.

Распрацоўваем новыя прадукты, узбагачаныя натуральнымі, карыснымі для здароўя рэчывамі. Таксама актыўна вядзём даследаванні ў галіне хімічных валокнаў, нятканых і біяраскладальных матэрыялаў, — расказаў загадчык навукова-даследчага сектара БДУТ Аляксандр Шчамялёў.

Ва ўніверсітэце шмат маладых вучоных. Так, магістрант Ліяна Шустава з’яўляецца аўтарам распрацоўкі напояў з прарошчанага збожжа. Ужыванне такіх напояў амаль цалкам задавальняе сутачную патрэбу чалавека ў неабходных вітамінах, мікра- і макра­элементах. Студэнт Іван Радкоўскі распрацаваў медыцынскую павязку новага пакалення. Матэрыял можна прымяняць унутрана і знешне, а за кошт біяраскладальнасці — нават пакідаць у арганізме чалавека. Гэтая распрацоўка ўвайшла ў склад рэспубліканскай выставы. 

Экспазіцыя выклікала небывалую цікавасць у жыхароў і гасцей Магілёва. Паглядзець на “Беларусь інтэлектуальную” прыходзілі цэлымі сем’ямі.

Як заўважыў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, сёння ўстановы адукацыі ўносяць значны ўклад у развіццё навукі, удзельнічаюць у шэрагу дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, важных навуковых даследаваннях. Многія напрацоўкі даходзяць да прамысловага асваення, пры гэтым вырашаюцца пытанні імпартазамяшчэння. Навуковыя ідэі таксама ўкараняюцца ў вучэбны працэс, што дае магчымасць захоўваць высокую якасць адукацыі.

Выстава — своеасаблівая квінтэсэнцыя гэтай дзейнасці, магчымасць паказаць навуковы патэнцыял устаноў адукацыі. Найперш — школьнікам, каб яны ведалі: універсітэты — не толькі адукацыйныя, але і магутныя навукова-даследчыя цэнтры, дзе цікава вучыцца. Дарэчы, сёння наша моладзь актыўна займаецца навукай, асабліва калі бачыць дзяржаўную падтрымку і вынікі сваёй працы, якія даводзяцца да прамысловых узораў, — падкрэсліў Аляксандр Генадзьевіч.

Наглядна ўбачыць энтузіязм навучэнцаў і студэнтаў у навуцы і вынаходніцтве можна было на прасторы маладзёжных ініцыятыў. Тут было прадэманстравана мноства перспектыўных прапаноў, адзначаных праектам “100 ідэй для Беларусі”. Напрыклад, вучні Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Мікіта Калістратаў і Уладзіслаў Малаткоў з’яўляюцца пераможцамі названага праекта. Распрацоўкамі хлопцаў ужо зацікавіліся некаторыя прадпрыемствы.

Я зрабіў камплектную ўстаноўку па ачыстцы і абеззаражванні паветра CLEAN AIR. Яна дапамагае хутка і якасна вырашыць праблему забруджвання паветра ў памяшканнях і жылых дамах паблізу прамысловых прадпрыемстваў. Аналагаў на рынку пакуль няма. Зараз праводзіцца другая стадыя патэнтавання, плануем укара­ніць распрацоўку ў вытворчасць, — падзяліўся Мікіта Калістратаў.

А вось Уладзіслаў Малаткоў вырашыў стварыць энергаэфектыўную спецвопратку, якая будзе на парадак лепшай і таннейшай за замежныя аналагі.

Наш касцюм больш практычны, зручны і лёгкі. Ён не патрабуе падзарадкі, на ім няма цяжкіх акумулятараў і дадатковых электрычных дэталей, уся абагравальная канструкцыя з’яўляецца здымнай. Саманагравальная куртка, камбінезон і абутак могуць выкарыстоўвацца ў розных галінах. Хутка будзе наладжана масавая вытворчасць. Радуе, што ёсць падтрымка дзяржавы і прадпрыемстваў. Гэта служыць стымулам для далейшай работы, — заўважыў юнак.

Арганізатары выставы даступнай мовай расказалі аб айчыннай навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі, перадавых тэхналагічных рашэннях, прынцыпах работы розных механізмаў і прылад. Пры гэтым наведвальнікі маглі не толькі ўбачыць і вывучыць тэхналогіі, але і выпрабаваць іх на сабе, даведацца, як яны функцыянуюць і дзе прымяняюцца.

Настаўніца пачатковых класаў Дашкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Зоя Грыцава наведала экспазіцыю разам са сваімі вучнямі. Дзеці засталіся ў захапленні.

Цудоўна, што падобная выстава прыехала ў наш горад. Вельмі спадабаўся фармат: магчы­масць самастойна ўсё вывучыць і пакратаць рукамі. Мы нават не думалі, што нашы навукоўцы распрацоўваюць такія неверагодныя рэчы. Многія экспанаты здзіўляюць і захопліваюць. А яшчэ выклікаюць гордасць — не толькі за беларускую навуку, але і ў цэлым за нашу краіну, — падкрэсліла педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара