Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі сустрэўся з калектывам БНТУ

- 9:47Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі наведаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, дзе сустрэўся з калектывам выкладчыкаў і студэнтаў.

Візіт высокага госця ў вядучы тэхнічны ўніверсітэт Беларусі невыпадковы. Нашы краіны даўно супрацоўнічаюць у сферы адукацыі, і ёсць узаемнае імкненне паглыбляць гэтае супрацоўніцтва.

Як паведаміў рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта акадэмік Барыс Міхайлавіч Хрусталёў, шэраг грузінскіх навукоўцаў абаранілі ў БНТУ кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. У 2012 годзе БНТУ і Грузінскі тэхнічны ўніверсітэт былі партнёрамі ў рамках праграмы акадэмічнай мабільнасці і міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі Эразмус Мундус. Зараз у БНТУ вучацца 23 студэнты з Грузіі. “Гэта значыць, што мы маем добрыя традыцыі ўзаемадзеяння ў сферы падрыхтоўкі кадраў і арганізацыі навуковых даследаванняў”, — заўважыў Барыс Хрусталёў.

Распавядаючы пра БНТУ, рэктар адзначыў, што ўніверсітэт забяспечвае да 80% патрэбы рэальнага сектара эканомікі ў інжынерна-тэхнічных кадрах у галіне аўтамабіле- і трактарабудавання, будаўніцтва, архітэктуры, энергетыкі, металургіі. Хутка тут будзе створаны першы ў краіне паўнавартасны вучэбна-навукова-інавацыйны і вытворча-тэхналагічны кластар міжнароднага ўзроўню. Яго асноўная мэта — шматузроўневая падрыхтоўка сучасных спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі, і ён адкрыты для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Барыс Хрусталёў паведаміў, што БНТУ гатовы ажыццяўляць падрыхтоўку інжынерных кадраў па запатрабаваных спецыяльнасцях для Грузіі, і прапанаваў грузінскім універсітэтам новы фармат супрацоўніцтва. Гаворка ішла аб стварэнні ў Кутаіскім універсітэце сумеснага інжынерна-эканамічнага факультэта. “Яго работа магла б весціся па двух напрамках, — патлумачыў Барыс Хрусталёў. — Першы — гэта навучанне грузінскіх студэнтаў на першых двух курсах у Грузіі па вучэбных планах БНТУ з адначасовым вывучэннем рускай мовы; пазней найбольш паспяховыя студэнты маглі б прыехаць у Мінск для завяршэння навучання ў БНТУ. Другі — поўны цыкл навучання грузінскіх студэнтаў у сябе на радзіме па вучэбных планах БНТУ пры суправаджэнні вучэбных праграм беларускімі выкладчыкамі. Пасля заканчэння навучання прапаноўваецца выдаваць выпускнікам двайныя дыпломы — БНТУ і ўніверсітэта-партнёра”.

Барыс Хрусталёў паведаміў, што сёння дакумент аб стварэнні сумеснага факультэта знаходзіцца ў Міністэрстве адукацыі Грузіі, і ёсць спадзяванне на станоўчы вынік. Акрамя таго, рэктар БНТУ выказаў гатоўнасць ужо зараз прыступіць да стварэння сумеснага бізнес-інкубатара для камерцыялізацыі ідэй і распрацовак маладых вучоных і спецыялістаў абедзвюх краін.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне Прэзідэнту Грузіі Георгію Маргвелашвілі дыплома Ганаровага прафесара БНТУ — за вялікую падтрымку ў развіцці і ўмацаванні сяброўскіх сувязей з Рэспублікай Беларусь і партнёрскіх адносін з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам у галіне адукацыі, навукі, вытворчасці.

“Я крануты гэтым жэстам і захоплены планамі супрацоўніцтва, якія мы будзем развіваць разам, — заўважыў у сваёй прамове прэзідэнт Георгій Маргвелашвілі. — Выступаю перад вамі не столькі як прэзідэнт сяброўскай краіны, а як член вашага калектыву, прадстаўнік універсітэта”.

Грузінскі прэзідэнт адзначыў, што Грузія і Беларусь маюць вялікія магчымасці ў сферы супрацоўніцтва. Паміж дзвюма краінамі ўжо ёсць некалькі значных дагавораў аб гандлі, развіцці турызму і розных напрамкаў прамысловасці. Яны падпісаны на вышэйшым узроўні і будуць увасабляцца ў жыццё. “Прапановы аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі вельмі своечасовыя, і іх рэалізацыя будзе вырашаць тыя праблемныя пытанні, якія ёсць у адукацыйнай сістэме Грузіі”, — заўважыў Георгій Маргвелашвілі.

Прэзідэнт расказаў, што Грузія дынамічна развіваецца як транзітная краіна. “Ад пачатку незалежнасці мы дакладна бачым сваю геапалітычную ролю, якая заключаецца ў спалучэнні двух вельмі вялікіх рынкаў — Азіі і Еўропы. Для таго каб паспяхова рэалізаваць гэтую ролю, неабходна адпаведная інфраструктура — энергетыка, чыгуначныя шляхі, парты, дарогі. Але мы бачым, што Грузіі не хапае інжынераў, людзей, якія б рэалізоўвалі сур’ёзныя інфраструктурныя праекты. Таму я спадзяюся, што супрацоўніцтва паміж БНТУ і грузінскімі ўніверсітэтамі будзе развівацца і паглыбляцца. Гэта мае вялікае значэнне як для адукацыі, так для бізнесу і навукова-тэхнічных рашэнняў”, — заявіў Прэзідэнт Грузіі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота БелТА.