Прэзідэнт назначыў новага міністра адукацыі

- 15:28Актуально, Апошнія запісы

15 снежня прэзідэнт назначыў міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенку.

Звяртаючыся да новага міністра, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спыніўся на кандыдатуры Ігара Карпенкі, выбіраючы сярод многіх прапанаваных. “Вас не трэба пераконваць у тым, якая ўвогуле ў нас павінна быць адукацыя”, — сказаў прэзідэнт. “Вы чалавек прагрэсіўны. І вы выдатна ведаеце недахопы нашай савецкай адукацыі, непасрэдна ведаеце лепшыя школы краіны і іх недахопы. У вас вялікі вопыт работы ў сацыяльнай сферы, перш за ўсё ў адукацыі. Гэта галоўныя фактары, якія схілілі мяне да таго, што менавіта Карпенка павінен сёння ўзначаліць гэты напрамак”, — растлумачыў сваё кадравае рашэнне кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад Ігарам Карпенкам стаіць многа задач па развіцці і вырашэнні розных праблемных пытанняў у адукацыі. У тым ліку гаворка ідзе пра далейшую рэалізацыю азначанай для гэтай сферы канцэпцыі, удасканаленне вучэбных праграм. “На жаль, мае ўстаноўкі не ў поўным аб’ёме рэалізаваны ў адукацыі, і вам гэта ўсё трэба будзе рэалізаваць”, — адзначыў прэзідэнт.

Да гэтага часу Ігар Васільевіч Карпенка займаў пасаду намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Нарадзіўся ён у 1964 годзе ў Новакузнецку Кемераўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У 1989 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (зараз БДПУ імя Максіма Танка), у 2008 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З пачатку 90-х гадоў працаваў на розных пасадах у галоўнай педагагічнай ВНУ краіны. З 2004 па 2008 год з’яўляўся членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі, у 2008—2011 гадах — намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У той жа дзень намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава прадставіла калектыву Міністэрства адукацыі новага кіраўніка.

Выступаючы перад прысутнымі, Наталля Качанава адзначыла, што кожная ўстанова адукацыі павінна працаваць з максімальнай эфектыўнасцю. Па словах віцэ-прэм’ера, у Беларусі добра выбудавана сістэма адукацыі. У краіне працуюць кваліфікаваныя выкладчыкі, педагогі, прафесіяналы сваёй справы. “Асноўнае пытанне, на якім робіцца акцэнт сёння, — гэта эфектыўная работа кожнай установы — няхай гэта будзе дашкольная ўстанова адукацыі, вышэйшая навучальная ўстанова або ўстанова ў сістэме дадатковай, спецыяльнай адукацыі”, — сказала віцэ-прэм’ер. Пытанням матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, будаўніцтва, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і капітальнага рамонту школ больш увагі павінны ўдзяляць мясцовыя органы ўлады, адзначыла Наталля Качанава. Каардынуючую ролю ў гэтым павінна адыгрываць Міністэрства адукацыі. Разам з тым кожны кіраўнік у рэгіёне — у раённым цэнтры, горадзе — павінен дакладна ўяўляць, як будзе развівацца сістэма адукацыі ў плане адкрыцця або закрыцця школ, дзіцячых дашкольных устаноў. Калі прымаюцца такія рашэнні, яны павінны быць выверанымі і прадуманымі. У цэлым перад сістэмай адукацыі стаяць сур’ёзныя задачы, якія неабходна вырашаць. Неаднаразова пытанні развіцця і ўдасканалення сістэмы адукацыі разглядаліся кіраўніком дзяржавы на нарадах, пры выступленні на Усебеларускім народным сходзе, у пасланні прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Андрэя Пакумейкі, БелТА.