Прэзідэнт паабяцаў ІТ–сектару далейшую падтрымку

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыю распрацовак вядучых кампаній — рэзідэнтаў ПВТ, дзе азнаёміўся з вынікамі работы рэзідэнтаў парка па развіцці лічбавых тэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, фінансаў, транспарту, гандлю, экалогіі, робататэхнікі, лазераў, оптыкі, мікраэлектронікі. Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчу з прадстаўнікамі IT-супольнасці, у ходзе якой абмеркаваў актуальныя пытанні развіцця ПВТ і галіны ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся ў прадстаўнікоў IT-супольнасці не толькі ўжо існуючымі распрацоўкамі, тым, як яны могуць выкарыстоўвацца ў розных сферах, але і перспектыўнымі напрамкамі, напрацоўкамі, якія будуць запатрабаваны ў будучыні.

Былі прадстаўлены сродкі візуалізацыі, якія могуць выкарыстоўвацца як у рэкламе, так і, напрыклад, у выставачнай дзейнасці.

Ёсць распрацоўка для сельскай гаспадаркі, якая дае магчымасць значна спрасціць работу аграрыяў і адначасова сэканоміць сродкі за кошт аўтаматызацыі працэсаў. Дадатковыя магчымасці і інфармацыя, якая збіраецца на базе гэтай сістэмы, карысны таксама бізнесу і маркетолагам. Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку прадстаўленай рабоце.

Цікавасць кіраўніка дзяржавы выклікалі і распрацоўкі ў галіне робататэхнікі. Апошнім часам цана ў свеце на такія ўстройствы значна знізілася, цяпер робаты ўжо могуць быць запатрабаваны ў самых розных галінах, уключаючы прамысловасць, медыцыну, АПК і нават грамадскае харчаванне. Прэзідэнт не выключыў, што прадстаўленая распрацоўка можа быць запатрабавана ў айчынным аўтамабілебудаванні. “Надыходзіць эра робатаў, хацелася б гэта каму-небудзь ці не”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку расказалі пра блокчэйн-тэхналогіі, якія атрымалі сваё развіццё ў Беларусі пасля прыняцця Дэкрэта № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. У студзені была запушчана крыптабіржа, інструменты якой вельмі запатрабаваны. Акрамя гэтага, яны значна аблягчаюць працэс прыцягнення інвестыцый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, падпісваючы адпаведную нарматыўную базу, ён дзейнічаў па прынцыпе, што краіна ад прыняцця гэтых рашэнняў як мінімум нічога не страціць. “Будзем рухацца”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём ЕРАМ Systems — адной з найбуйнейшых сусветных IT-карпарацый, якая мае беларускія карані. Цяпер яна ўваходзіць у топ-100 сусветных распрацоўшчыкаў заказнога праграмнага забеспячэння. Сусветны аб’ём выручкі кампаніі ў 2018 годзе перасягнуў $1,8 млрд. Яе акцыі каціруюцца на Нью-Ёркскай фондавай біржы. Рыначная капіталізацыя перавышае $9 млрд. Агульны штат кампаніі перавышае 30 тысяч чалавек, пры гэтым ядро ЕРАМ — у ПВТ. Аляксандру Лукашэнку падрабязна расказалі аб некаторых унікальных распрацоўках кампаніі, якія ўжо знайшлі прымяненне, напрыклад, у ахове здароўя.

Гаворачы аб далейшых перспектывах развіцця дзейнасці кампаніі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Давайце дамовімся. Вам не трэба шукаць агульныя інтарэсы з дзяржструктурамі. Першы віцэ-прэм’ер, можна сказаць, ваш памочнік. Калі што-небудзь трэба — калі ласка. Не шукайце нават гэтых кантактаў. Калі якія-небудзь перашкоды, вы не саромейцеся, гаварыце”.

У цэлым распрацоўкі для патрэб медыцыны былі прадстаўлены даволі шырока. Сярод іх — медыцынскі лазер (тэхналогія, запатрабаваная не толькі ў Беларусі, але і за мяжой), спецыяльнае абсталяванне для патрэб трансплантацыі. “За медыцыну дзякуй!” — асабліва падкрэсліў беларускі лідар.

Ёсць тэхналогіі, якія ўжо шырока выкарыстоўваюцца і ў авіябудаванні. Яшчэ адна патэнцыяльна перспектыўная распрацоўка — канвеерны аналізатар саставу руды, што можа быць запатрабавана ў гарнаруднай прамысловасці.

Цікавасць прэзідэнта выклікалі таксама тэхналогіі віртуальнай рэальнасці, якія, акрамя відэагульняў, могуць выкарыстоўвацца, напрыклад, у адукацыйным працэсе, прамысловасці.

У час сустрэчы з прадстаўнікамі IT-супольнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае ад ІТ-супольнасці прапаноў па далейшым развіцці гэтай сферы.

“Мне вельмі важна пайсці адсюль з якім-небудзь вашым даручэннем, якое будзе рухаць нас наперад”, — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, нягледзячы на словы ўдзячнасці за прынятыя рашэнні па развіцці гэтай сферы, у тым ліку прыняцце Дэкрэта № 8, шмат у чым гэта заслуга саміх айцішнікаў: “Дэкрэт — не столькі я, колькі вы. Мы ў свой час рызыкнулі і пачалі ствараць гэты парк. Тады быў больш гераічны крок, чым той дэкрэт, пра які вы сёння гаварылі”.

“Хацеў бы, каб вы ў свабодным рэжыме сказалі, што трэба для таго, каб вы як мінімум рухаліся тымі ж тэмпамі, што і апошнія два гады. Я гатовы выслухаць вашы прапановы, калі яны ёсць. А калі вы іх не сфармулявалі на сённяшні дзень, ведайце, што я вас заўсёды пачую, максімум — на працягу сутак”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час, прымаючы рашэнне аб стварэнні ў Беларусі Парка высокіх тэхналогій, ён перш за ўсё арыентаваўся на перспектыву. “Свет пачаў у гэтым напрамку рухацца. Усе зразумелі, што без ІТ нельга. Мы краіна, не збалаваная вуглевадародамі. Я гэта разумеў, і трэба было развіваць дзяржаву, ісці ў нейкую сферу, каб забяспечыць незалежнасць краіне, якая жыве ў цудоўным, але вельмі небяспечным месцы — геаграфічным цэнтры Еўропы, — сказаў прэзідэнт. — Таму трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў сваіх учынках, палітыцы, асабліва калі адказваеш за мільёны лю­дзей”.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на прыняцце адпаведнага рашэння яго ў тым ліку падштурхнула размова з кіраўніком адной з амерыканскіх кампаній, што працуюць у ІТ-сектары, які вельмі высока ацаніў магчымасці і патэнцыял беларускіх праграмістаў: “Я тады задумаўся. Напэўна, у гэтым нешта ёсць, калі мільярдэры, магнаты так гэта ацэньваюць. Паступова мы рухаліся да гэтага. А потым вы настойліва сталі патрабаваць ад мяне, ад дзяржавы канкрэтных крокаў па развіцці Парка высокіх тэхналогій і ІТ-сферы”.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб логіцы, якой ён кіраваўся, падпісваючы дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі: “Думаю: “Мы нічога не страцім. Ну, праляцім недзе, не атрымаецца — перажывём. А калі атрымаецца, то будзем нешта мець”. Вось такая логіка была. Я падпісаў дакументы, якія вы выпрацавалі разам са спецыялістамі”.

Аляксандр Лукашэнка прывёў некалькі прыкладаў, як у Беларусі ў гады незалежнасці захавалі традыцыйныя галіны і прадпрыемствы, прадукцыя якіх запатрабавана далёка за мяжой. Аднак цяпер рэальнаму сектару эканомікі патрэбны ІТ-распрацоўкі. “Усюды сёння патрэбны вашы мазгі і распрацоўкі. Яны нам дапамагаюць у рэальным сектары эканомікі. Без гэтага рэальнага сектара нам у гэтай не то рэальнай, не то віртуальнай рэчаіснасці пражыць будзе вельмі складана. Гэта трэба разумець”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паабяцаў ІТ-сектару далейшую падтрымку. “Мы ўзялі з вамі гэты курс, і мы ўлева-ўправа наўмысна хістацца не будзем. Мы будзем ісці прама. Калі трэба недзе вострыя вуглы абысці, якія нам сёння не патрэбны, мы іх абыдзем, але я вас падтрымліваў і буду падтрымлі­ваць. Таму што, па вялікім рахунку, вы мае дзеці (размова аб тым, што ў свой час Прэзідэнт Беларусі прымаў рашэнне аб стварэнні Парка высокіх тэхналогій. — Заўв.БелТА.). Я сваімі рукамі, як умеў, вас ствараў, а потым вы выраслі, пачалі прапаноўваць, як ісці. Мы будзем рухацца ў гэтым напрамку настолькі эфектыўна, наколькі вы гэтага захочаце”, — заявіў беларускі лідар.

“Захацелі вы крыптавалюту, крыптабіржу, майнінг і іншае, фермы стварыць… Разам будзем ісці гэтым шляхам”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў аснове ўсяго павінна быць сумленнасць і прыстойнасць: “Калі нешта патрэбна (толькі не мышкаваць), прыйдзіце, скажыце. Мы вырашым любое пытанне”.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што дзяржава забяспечыць падтрымку гэтаму напрамку. “Мы гэта будзем рабіць, гэта мая функцыя. У крыўду я ніколі вас не дам. Буду толькі падтрымліваць і дапамагаць, наколькі гэта магчыма”, — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду вярнуцца да пытання аб стварэнні Міністэрства лічбавай эканомікі і пры­няць у другім квартале бягучага года рашэнне, ці патрэбна ў краіне гэтая структура.

З ініцыятывай стварыць у Беларусі Міністэрства лічбавай эканомікі выступіў прадпрымальнік заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня. На яго думку, такое міністэрства магло б стаць своеасаблівым цэнтральным штабам і як дзяржаўны орган замкнуць на сабе ўсе працэсы інфарматызацыі ў краіне. Цяпер, паводле слоў Віктара Пракапені, гэтыя функцыі выконвае адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, аднак гэта не зусім правільна, паколькі ў ПВТ працуюць прыватныя структуры.

Прэзідэнт у цэлым станоўча адазваўся наконт гэтай ініцыятывы і звярнуў увагу, што гэтая прапанова не новая, яна ўжо абмяркоўвалася. “Што тычыцца Міністэрства лічбавай эканомікі, трэба разам падумаць, паглядзець на структуру ўрада, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі атрымаецца, не ламаючы структуру ўрада, уманціраваць Міністэрст­ва лічбавай эканомікі як пласт для развіцця дзяржавы, мы гэта зробім”.

Віктар Пракапеня таксама звярнуўся з просьбай у выпадку станоўчага рашэння па новай структуры ўдзяліць асаблівую ўвагу выбару яе кіраўніка. Ад асабістых і прафесійных якасцей гэтага чалавека будзе залежаць, на яго думку, вельмі многае.

На сустрэчы з прадстаўнікамі ІТ-супольнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў прапанову Міністэрства адукацыі аб увядзенні ва ўстановах адукацыі штату ахоўнікаў і пасады намесніка дырэктара па бяспецы.

На сустрэчы была ўзнята тэма школьнай адукацыі. Удзель­нікі падзяліліся меркаваннем, як павінна будавацца сістэма і чаго цяпер не хапае ў вучэбным працэсе. Прэзідэнт адзначыў, што гэтая тэма няпростая і дзяржава цяпер актыўна ёй займаецца. Акрамя стратэгічных пытанняў, ён закрануў і штодзённыя праблемы.

“Сёння чытаю ў СМІ (я разбіраўся з урадам): міністр адукацыі нейкае распараджэнне выдаў, што настаўнік павінен прыходзіць у школу не раней як за 30 хвілін да пачатку ўрокаў і выходзіць не пазней як за 30 хвілін пасля заканчэння ўрокаў, увесці намесніка дырэктара па бяспецы і шмат ахоўнікаў у школе. Паўстае пытанне: хто самыя галоўныя ахоўнікі ў школе? Настаўнікі. Так было ў нас заўсёды”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што кіраўніцтва школы і педагогі павінны займацца ў тым ліку і гэтымі пытаннямі. Аднак некаторыя настаўнікі, на думку прэзідэнта, нават не выходзяць са сваіх кабінетаў у калідор. “Акрамя адукацыі, яшчэ і выхоўваць трэба. Выхаванне і адукацыя — адзіныя працэсы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прадпрымальнік Віктар Пракапеня на сустрэчы выказаў шэраг заўваг у адрас сферы адукацыі і прапановы па яе развіцці. Ён лічыць, што ў сферы адукацыі захоўваецца залішняя бюракратычная нагрузка на педагогаў, не хапае індывідуальнага падыходу да кожнага вучня. Віктар Пракапеня прапанаваў перавесці дакументаабарот у школах цалкам у электронную форму, распаўсюдзіць практыку віртуальных відэаўрокаў, а таксама ўзмацніць вывучэнне англійскай мовы. Акрамя таго, ён звярнуўся з просьбай змяніць статус адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, каб у ПВТ з’явілася магчымасць аказваць больш значную дапамогу ўстановам адукацыі.

Што да апошняга пункта, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтае пытанне можна вырашыць значна прасцей. “Справа не ў статусе. Справа ў праблеме. Якую трэба вырашыць праблему: куча грошай у ПВТ, але вы не можаце па нейкіх там закавыках і законах гэтыя грошы кудысьці накіраваць. Дык гэта на працягу сутак вырашаецца, не трэба статус мяняць. Напішы адзін ліст, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка. — Дзеля чаго мы статус мяняем… Дзеля таго, каб вы свае кроўна заробленыя грошы маглі падарыць выкладчыку, вучню або студэнту… Ды Бог з вамі. Я гатовы. Хоць сёння скажыце, колькі грошай і куды накіраваць. Я неадкладна прыму рашэнне. Пакуль без подпісу — вусна дам каманду”.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэма, якую закрануў Віктар Пракапеня, няпростая, шмат у чым ён падтрымлівае яго падыходы, але зыходзіць трэба з рэальнага, дзейнічаць паступова, без рэвалюцыйных пераўтварэнняў, якія могуць нашкодзіць.

“Мы цяпер адукацыяй шчыльна займаемся. Я незадаволены выкладаннем у школе, — падкрэсліў прэзідэнт. — Я больш пагружаны ў зямное. Бачу і падручнікі, чытаю ўсе новыя, якія выдаюцца. Падручнік па матэматыцы зрабілі, што вучні баяцца ў рукі ўзяць. А калі ён баіцца гэтага падручніка, то ніколі не асвоіць матэматыку. Пабудаваны курс так, што, калі ўрок прапусціў, усё — ты ўжо нічога не ведаеш, махнеш на гэта рукой і далей вучыцца не будзеш. Хапае праблем тут, таму што акадэміку робяць падручнікі”.

На думку прэзідэнта, галоўная праблема ў сістэме школьнай адукацыі — гэта кадры. Не ўсе настаўнікі, адзна­чыў ён, могуць зацікавіць дзіця сваім прадметам і матываваць да вучобы. “Самы галоўны наш дэфіцыт — гэта кадры, гэта імкненне, жаданне і г.д., — лічыць Аляксандр Лука шэн ­ка. — Так, свет змяніўся. Але калі настаўнік не бу­дзе ве­даць свайго вучня, то ён не настаўнік. Ты павінен ведаць, каго ты вучыш”.

Шмат залежыць і ад сям’і, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Бацькі таксама павінны арыентаваць дзяцей на вучобу. “Без сям’і не атрымаецца сядзець і лекцыю на камп’ютары глядзець. У танкі будзе гуляць, але не лекцыі чытаць”, — перакананы прэзідэнт.

“Калі вы лічыце патрэбным, я гэта абсалютна падтрымліваю, нам было б нядрэнна падцягнуць сюды адукаваных людзей, якія ўжо нешта ўмеюць, хочуць. У ПВТ і не толькі. Гэта я гатовы сёння зрабіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Закранаючы пытанне бюракратычнай нагрузкі на педагогаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо даваў дакладныя даручэнні на гэты конт. “Мне пра гэта ўжо сказалі настаўнікі. І я катэгарычна забараніў, каб настаўнікі пісалі нейкія даведкі, матэрыялы, дакументы і іншае. Напэўна, гэта ўжо не такая вострая праблема, як калісьці была. Калі толькі я даведаюся, што не выканана маё распараджэнне, што яны зноў гэтыя паперы лішнія пішуць, мала не падасца. Я да гэтага пытання на сваім узроўні падыходзіў, прыняў рашэнне, што ні ў якім разе, ніякіх дакументаў, ніхто не павінен перагружаць настаўніка”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.