Прэзідэнт падкрэслівае значнасць культуры земляробства і стратэгіі ў арганізацыі ўборачнай

- 11:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Старадарожскага раёна, а таксама рэгіёна ў цэлым.

Маршрут кіраўніка дзяржавы паміж аб’ектамі наведвання ў тым ліку пралягаў па вуліцах Старых Дарог. Прэзідэнт азнаёміўся з тым, наколькі якасна і поўна рэалізоўваюцца задачы па добраўпарадкаванні ў горадзе, заслухаў даклад аб стане спраў у раёне.

Аб сітуацыі з выкананнем ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці далажыў губернатар Анатоль Ісачанка. Так, аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту па выніках першага паўгоддзя склаў 105,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. У прадукцыйнасці працы па ВРП прыбавілі 5,2 працэнта, у экспарце тавараў (без уліку нафты і нафтапрадуктаў, арганізацый, падведамных рэспубліканскім органам) — 17,6 працэнта. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове за паўгоддзе склалі амаль $200 млн.

Акрамя таго, у вобласці за шэсць месяцаў працаўладкаваны на новыя рабочыя месцы амаль 4,3 тысячы чалавек, а намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў склала Br1043.

Прырост па паўгоддзі ў прадукцыі сельскай гаспадаркі — 2 працэнты, у будаўнічых і мантажных работах — больш як 16 працэнтаў, у рознічным тавараабароце — каля 9 працэнтаў.

Памочнік прэзідэнта Аляксандр Косінец звярнуў увагу на пытанні патэнцыялу вобласці. У прыватнасці, па развіцці гарадоў-спадарожнікаў. “У Мінскай вобласці ёсць вельмі вялікія рэзервы і магчымасці ўзняць выніковасць работы і сацыяльна-эканамічнага развіцця, але развіццё гарадоў-спадарожнікаў пакуль ідзе павольна”, — лі­чыць ён.

Аляксандр Косінец бачыць патэнцыял у развіцці ў такіх гарадах бізнесу — ад дробнага да буйнога, для чаго ёсць і неабходныя працоўныя рэсурсы. Акрамя таго, важна дакладна бачыць стратэгію развіцця прамысловасці. “Акрамя Мінскага авіярамонтнага завода, вынасу іншых прадпрыемстваў не плануецца. Значыць, трэба самім развіваць гэтыя напрамкі”, — адзначыў ён.

“Гэта правільна. Гэта ў перспектыве нам трэба бачыць”, — зга­дзіўся прэзідэнт.

Яшчэ адно пытанне, на якое звярнуў увагу Аляксандр Косінец, — гэта стварэнне новых вытворчасцей у заходніх раёнах Мінскай вобласці, дзе ў хуткім часе з’явіцца дадатковая электраэнергія ад БелАЭС.

У цэлым пры разумным падыходзе ў пытаннях стратэгічнага развіцця тэрыторый краіны, мэтанакіраванай рабоце са стратнымі прадпрыемствамі памочнік прэзідэнта лічыць выканальнай задачу па дасягненні ў 2025 годзе аб’ёму ВУП Беларусі ў эквіваленце $100 млрд.

У час рабочай паездкі ў Старадарожскі раён Аляксандр Лукашэн­ка пацікавіўся, як у раёне ідзе ўборка каласавых збожжавых. Яму далажылі, што засталося прыкладна 5 працэнтаў, у тым ліку авёс і ячмень. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым заўважыў, што такія культуры трэба ўбіраць у больш раннія тэрміны, чым астатнія збожжавыя, асабліва з улікам дажджлівага надвор’я.

“Авёс і ячмень, вядома, трэба было даўно ўбраць. Я спецыяльна закранаю гэтае пытанне. Я вас папярэджваў, што галоўнае — стратэгія ў гэтую ўборачную кампанію. Мы ўвесь час гаворым: уборка, уборка… І журналісты (яны ж не спецыялісты) падхапілі гэта і раздулі да касмічных памераў. Гэта нават не першы, а другі этап уборкі. Першы — травы. Другі этап — уборка збожжавых. Яна перастала ўжо быць у нас галоўнай, таму што мы збожжавыя паўрэзалі, а астатняе аддалі пад кукурузу, рапс. Каласавыя ў нас — не галоўнае ва ўборцы. Да ўборкі яшчэ вялікія плошчы бульбы, цукровых буракоў. Вось дзе яшчэ ўборка, яна толькі пачалася”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Таму я і гаварыў аб стратэгіі, асабліва цяпер. Не чакайце, што ў нас будзе добрае надвор’е. Усё, што ў нас засталося, — 10—13 працэнтаў, а гэта добрае збожжа. І гэтае збожжа трэба ўзяць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, згодна з планам, у бягучым годзе павінны сабраць больш за 9 млн т збожжа, уключаючы кукурузу і рапс. “Таму каласавыя збожжавыя трэба ўбраць. Убяром — атрымаем 7 млн т збожжа каласавых — будзем з хлебам”, — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на падрыхтоўку да ўборкі кукурузы: “У бягучым годзе кукуруза добрая, страціць нельга. А, па-другое, мы павінны да 9—9,5 млн т дабіраць за кошт кукурузы. Мы ж нездарма плошчы такія пад кукурузу адвялі. І ў бягучым годзе ў нас няма выхаду з улікам таго, што нам трэба рэзервы папоўніць. У нас ёсць такая магчымасць”.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў закупляць у рэзерв не каля 850 тысяч т збожжа, а да 1 млн т. “Адзін мільён мы павінны закупляць і пакласці ў рэзерв. Накарміць народ (гэта не шмат трэба нам хлеба), і астатняе застанецца ў рэзерве. Таму ў гэтыя дні — сёння-заўтра-паслязаўтра — мы павінны напружыцца настолькі, каб убраць усё са збожжавых каласавых”, — заявіў беларускі лідар.

Пры гэтым ён падкрэсліў недапушчальнасць ірваць тэхніку. “Калі вы бачыце балота, не трэба заганяць туды камбайн, а потым тросам цягнуць двума трактарамі. Не трэба! Камбайн даражэйшы, чым мяшок збожжа, які застаўся там. Пачакайце. Не — значыць, уручную касіце і выносьце, як гэта было раней. І ўсюды трэба мець, асабліва ў Віцебскай вобласці, камбайны на гусенічным ходзе”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці захоўваць культуру земляробства. І гэта ўмеюць рабіць. Адпаведны вывад прэзідэнт зрабіў, бачачы, наколькі якасна ідуць справы на палях да яго прыезду. “Калі ўмееш, як трэба рабіць, прывязі сюды старшынь выканкамаў і прымусь іх зрабіць так. Не адкладвай на заўтра. Культура земляробства — кожны кавалак павінен быць апрацаваны, як вакол гэтай фермы, — сказаў ён. — Вы робіце, каб паказаць. З аднаго боку, гэта добра, з іншага — дрэнна. Думаю, умееце ж. Дык зрабіце гэта ўсюды!”

Профільным віцэ-прэм’еру і міністру Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць адпаведныя пытанні на кантроль. “Каб мы нарэшце перасталі гаварыць аб культуры земляробства”, — адзначыў ён.

Звярнуў увагу прэзідэнт і на важнасць аператыўнай уборкі з палёў саломы, чаго раней не дало зрабіць надвор’е.

Яшчэ адно даручэнне — кантраляваць якасць узворвання, ад чаго залежаць далейшыя работы на зямлі. “Мы развучыліся араць. Калі поле ўзарана цераз пень-калоду і заўтра трэба грэйдарам раўна­ваць, то лепш не трэба араць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Ніякая сеялка не выраўнуе, нават калі шматаперацыйная. За ўзворванне, я памятаю, яшчэ ў мае часы партыя патрабавала (малайцы, правільна патрабавалі), трэба вельмі шмат плаціць механізатарам. Больш нават, чым на ўборцы. Калі роўна ўзарана — затраты меншыя на пасеў”.

“Гэта не дробязі. На гэта неабходна звяртаць сур’ёзную ўвагу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер вельмі вялікія аб’ёмы трэба будзе падняць. Сплануйце ўсё. Дзе трэба, значыць, трэба і ноччу працаваць. Трэба своечасова пасеяць”.

Наведваючы Старадарожскі доследны лясгас Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць у краіне праграму па ўключэнні ў абарот нізкаякаснай дзелавой драўніны.

Стаіць задача перапрацоўваць увесь драўняны рэсурс. Яе неабходна рэалізаваць у асноўным на працягу найбліжэйшых трох гадоў. Размова ідзе пра драўніну, якая не можа выкарыстоўвацца на іншыя патрэбы, акрамя як вытворчасць шчэпак і паліўных пелет. Гэта рэнтабельна як з пункту гледжання павышэння ўзроўню выкарыстання мясцовых паліўных рэсурсаў, так і ў якасці экспартнага складніка. Попыт на паліўныя пелеты за мяжой даволі высокі.

“Толькі гэты, будучы год, яшчэ 2021-ы. Усё! Мы ўбачым патрэбнасці на ўзроўні краіны. І вы павінны спланаваць, каб на канец 2022 года ўсё перапрацоўвалі. Гэта галоўнае пытанне. І мы павінны на наступную пяцігодку спланаваць такім чынам, каб перапрацоўвалі ўсё, каб не было буралому. Гэта наша найвялікшае багацце (лес. — Заўвага БелТА.), дадзенае Богам. Усё павінны перапрацаваць. Што не атрымліваецца ацыліндраваць і іншае — трэба ў пелеты і пра­даць”, — запатрабаваў беларускі лідар.

“Мы ўжо некалі падышлі да пытання, што рабіць у лесе, як яго перапрацаваць, каб не згніло. Трэба выпрацаваць дакладную праграму з улікам існуючых ведаў. І за пяць гадоў вы павінны вырашыць усе пытанні ў лесе, каб было па-гаспадарску. Гэтая праграма павінна быць напружаная”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, назіраецца дадатная тэндэнцыя ў частцы павелічэння колькасці лесу. Нараўне з гэтым Беларусь закранула праблема ўсыхання асобных участкаў лесу пад уздзеяннем караеда. “Па бягучым годзе сітуацыя выпраўляецца. Па стане на гэты час у два разы менш плошчы з усохлымі пасадкамі”, — адзначыў міністр.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць рацыянальнага выкарыстання ўбраных у выніку санітарнай высечкі дрэў.

У частцы развіцця перапрацоўкі нізкаякаснай дзелавой драўніны цяпер у краіне вядзецца работа па будаўніцтве і мадэрнізацыі безадходных дрэваапрацоўчых вытворчасцей у розных рэгіёнах Беларусі. “Ужо рэалізоўваецца праграма па будаўніцтве шасці пелетных заводаў. Яны вырашаюць праблему выкарыстання нізкаякаснай драўніны. У першым паўгоддзі наступнага года ўсе ўжо будуць працаваць. Мы ставім задачу да канца года атрымліваць першыя пелеты з некаторых заводаў”, — расказаў Віталь Дрожжа.

Ён таксама далажыў, што аб’ём вытворчасці паліўных пелет у найбліжэйшай перспектыве будзе як мінімум падвоены. “Гэта практычна на 100 працэнтаў экспартна арыентаваная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю”, — адзначыў міністр.

“Гэта першы этап — гэтыя шэсць заводаў. Калі мы бачым, што гэтага мала, а перспектыва добрая і Еўропа купіць, то не трэба ця­гнуць з другім этапам. Трэба займацца і далей, патанняць абсталяванне ў тым ліку”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У Старадарожскім доследным лясгасе прэзідэнту прадэманстравалі мясцовую прадукцыю, пачынаючы ад бярозавага соку, ягад і грыбоў, мёду, заканчваючы паліўнымі пелетамі і піламатэрыяламі. Займаецца лясгас і вырошчваннем саджанцаў дрэў і дэкаратыўных раслін для азелянення тэрыторый. Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць гэтага напрамку, асабліва з улікам, што 2020 год стане апошнім у трохгодцы Года малой радзімы. “Гэта тое, што нам трэба. Лес — гэта святое”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прадэгуставаў атрыманы ў лясгасе мёд. Яму таксама падарылі скрыню мясцовага мёду ў сотах. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым расказаў, што рэгулярна ўжывае ў ежу гэты прадукт: “Мёд у мяне заўсёды на стале”.

Акрамя таго, прэзідэнт наведаў цэх перапрацоўкі драўніны, азнаёміўся з тэхналагічным працэсам.

У адпаведнасці з дзяржпраграмай “Беларускі лес” на 2016—2020 гады найважнейшымі мэтавымі паказчыкамі, што характарызуюць дзейнасць арганізацый галіны, з’яўляюцца лясістасць, нарыхтоўка драўніны на 1 га лясных зямель і энергазберажэнне. Штогод выконваюцца ўсе паказчыкі праграмы.