Прафесійны шлях настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 4 Шклова Алены Галынец быў наканаваны загадзя. Яна ў літаральным сэнсе вырасла ў педагагічным асяроддзі, таму і над выбарам прафесіі не разважала. Імкненне было толькі да настаўніцкай працы.
— Галоўным прыкладам у прафесіі для мяне стала мая мама. Яна доўгі час працавала выхавальнікам. Потым была загадчыцай дзіцячага сада — школы. У працы мама заўсёды імкнулася быць лепшай. Укараняла ў адукацыйны працэс сучасныя перадавыя тэхналогіі навучання, накіраваныя на максімальнае і ўсебаковае развіццё дзяцей. Маміна захопленасць педагагічнай працай цалкам захапіла і мяне, — расказвае Алена Міхайлаўна.
І сапраўды, педагогіка захапіла яе настолькі, што, ледзь скончыўшы восем класаў школы, Алена Галынец адправілася працягваць адукацыю ў цяперашні Горацкі педагагічны каледж. Гады вучобы там праляцелі для яе незаўважна.
— Азам прафесіі нас навучалі майстры сваёй справы Паліна Яфімаўна Клімчынская, Зінаіда Уладзіміраўна Харанжэвіч, Уладзімір Уладзіміравіч Мяжэўскі. Гэтыя Настаўнікі з вялікай літары не проста раскрывалі перад намі ўсе сакрэты педагагічнага майстэрства, але ўмелі запаліць нашы маладыя сэрцы, — адзначае Алена Міхайлаўна.
У каледжы яна атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў і пасведчанне настаўніка музыкі і спеваў. Можна было адразу адправіцца настаўнічаць, але Алене Галынец хацелася працягнуць адукацыю. Выпускнікі педкаледжа мелі права на навучанне па сваёй спецыяльнасці ў МДУ імя А.А.Куляшова па скарочанай праграме. Але да таго часу Алена Міхайлаўна больш выразна вызначылася з педагагічным профілем і зразумела, што хоча быць настаўнікам гісторыі. Да сваёй мары яна пайшла мэтанакіравана. З поспехам здала ўступныя экзамены, таксама паспяхова на працягу шасці гадоў завочна вучылася на гістарычным факультэце.
Адметна, што з самага пачатку вучобы ў ВНУ Алена Галынец прыступіла непасрэдна і да педагагічнай дзейнасці. Працаваць стала ў сярэдняй школе № 4 роднага райцэнтра. Адразу з энтузіязмам выкладала ўрокі музыкі і спеваў. А пасля атрымання запаветнага ўніверсітэцкага дыплома з радасцю перавялася на пасаду настаўніка гісторыі і грамадазнаўства. Першыя часы, нягледзячы на ўжо існуючы вопыт, Алена Міхайлаўна сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Вельмі дапамаглі ёй тады педагогі школы Валянціна Іосіфаўна Белавусава, Тамара Сяргееўна Дабранская. Падтрымку ў прафесійным станаўленні аказвала і кіраўніцтва навучальнай установы.
— Вельмі спатрэбіліся і маміны метады падрыхтоўкі да заняткаў. Усе свае педагагічныя задумкі, ідэі апрабоўвала на сваёй дачцэ. Вынік быў імгненным: дзяўчынка заваявала прызавы дыплом на раённай алімпіядзе па грамадазнаўстве. Далей выніковасць навучання толькі павялічвалася, — успамінае Алена Галынец.
На сваіх занятках гэтая настаўніца імкнецца зацікавіць навучэнцаў, абудзіць у іх творчую актыўнасць, накіраваць на самастойны пошук ведаў.
— Грамадазнаўства і гісторыя — тыя прадметы, якія фарміруюць грамадзянскую самасвядомасць, адказную сацыяльную пазіцыю ў дзяцей. Грамадству і дзяржаве зараз патрэбны менавіта такія людзі. Таму задача настаўніка — здолець пры дапамозе ўрокаў выхаваць з вучня развітую адукаваную асобу, якая змагла б правільна арыентавацца ва ўмовах сучаснага свету. Каб дасягнуць гэтай мэты, педагог павінен не толькі валодаць пэўнымі эфектыўнымі адукацыйнымі методыкамі, але і ўмець знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Не падаўляць іх індывідуальнасць, а спрыяць раскрыццю здольнасцей кожнага, — упэўнена Алена Міхайлаўна.
Урокі Алены Галынец — гэта сумяшчэнне разнастайных тэхналогій у комплексе. Менавіта такі падыход, на яе думку, дапамагае дасягнуць лепшага вучэбнага, выхаваўчага і развіццёвага выніку.
— Практычна ўсе заняткі я будую па ўласнай методыцы абагульнення. Кожная хвіліна ўрока выкарыстоўваецца з карысцю, а таксама насычана разнастайнымі тэхналогіямі, — падкрэслівае настаўніца.
Так, на розных этапах урока Алена Міхайлаўна актыўна прымяняе інтэрактыўныя метады, методыку навучання дыялогу, якія дапамагаюць дзецям навучыцца мастацтву зносін, уменню выразна фармуляваць свае думкі.
— Шырока выкарыстоўваю таксама тэхналогіі крытычнага мыслення, дэбатаў, праблемнага і праектнага навучання. Гэта дапамагае развіць разумовыя навыкі навучэнцаў, неабходныя не толькі пры вывучэнні вучэбных прадметаў, але і ў звычайным жыцці. Тэхналогіі добрыя яшчэ і тым, што дзеці вучацца кантактаваць адно з адным, працаваць у камандзе, атрымліваць веды самастойна, браць на сябе адказнасць, — тлумачыць Алена Галынец.
У ходзе заняткаў Алена Міхайлаўна не забывае і пра здароўезберагальныя тэхналогіі. Для зніжэння стомленасці навучэнцаў яна праводзіць для іх дыдактычныя гульні, фізкультхвілінкі. Такія ўрокі абагульнення або комплекснае сумяшчэнне найбольш прагрэсіўных адукацыйных тэхналогій дазваляюць дасягаць максімальнага выніку ў навучанні. Пацвярджэнне гэтага — досыць высокая паспяховасць у класах Алены Галынец, поспехі яе вучняў у алімпіядным руху.
Дарэчы, з адоранымі навучэнцамі Алена Міхайлаўна працуе індывідуальна, імкнучыся знайсці свой падыход, максімальна раскрыць таленты кожнага з іх. У яе гэта вельмі добра атрымліваецца. На працягу дзесяці гадоў яе вучні стабільна перамагаюць на раённых алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве. Прызавыя месцы яны ўпэўнена займаюць таксама на трэцім і заключным этапах рэспубліканскіх алімпіяд па гэтых прадметах. Вынікова навучэнцы выступаюць і на інтэлектуальных конкурсах, канферэнцыях навукова-даследчых работ, рэгіянальных краязнаўчых чытаннях.
Акрамя штодзённых заняткаў і факультатываў, работы з адоранымі дзецьмі, Алена Міхайлаўна перыядычна сустракаецца з навучэнцамі пасля ўрокаў у школьным музеі. Разам яны вывучаюць гісторыю свайго краю, папаўняюць музей новымі экспанатамі, складаюць маршруты экскурсій па горадзе і наваколлях, ходзяць у паходы і экспедыцыі. Па словах педагога, такая дзейнасць далучае дзяцей да родных вытокаў, прывівае ім любоў да малой радзімы.
Алена Галынец ніколі не забывае і аб самаадукацыі. Скарыўшы адну вяршыню, імкнецца да наступнай, асвойвае новыя веды і навыкі. І не проста сама знаходзіцца ў няспынным рэжыме развіцця, а праз метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, якім доўгі час кіравала, дзеліцца сваім станоўчым вопытам з калегамі.
…Плённая праца Алены Галынец неаднаразова адзначалася шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але для яе больш значныя поспехі вучняў. А яшчэ — іх удзячнасць ёй як педагогу. Для асобных сваіх выпускнікоў Алена Міхайлаўна стала прыкладам выдатнага настаўніка, паўплываўшы такім чынам на іх прафесійны выбар. Вельмі ганарыцца яна і тым, што дачка Наталля таксама вырашыла стаць педагогам. Менавіта гэта яна лічыць сваім галоўным дасягненнем.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Алены ГАЛЫНЕЦ.