У Дзяржынскім раёне якаснае аздараўленне дзяцей — адна з прыярытэтных задач. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнтаў “Настаўніцкай газеты”.
Сакрэты “Дружбы”
Дзіцячы аздараўленчы лагер “Дружба” ў пасёлку Энергетыкаў — адзін з самых папулярных у раёне. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіна Гапанькова расказала, што сёлета ў ім упершыню працуе атрад з ліку студэнтаў БДПУ. Дзякуючы такой форме ўзаемадзеяння з выхаванцамі, будучыя педагогі вучацца важнай якасці — знаходзіць падыход да розных па характары і тэмпераменце дзяцей.
“Нават калі да нас на работу прыходзяць маладыя педагогі, выпускнікі УВА, каледжаў, мы ім прапаноўваем адразу паспрабаваць сябе ў якасці важатых ці іншых работнікаў лагера”, — гаворыць Галіна Уладзіміраўна.
Работа з дзецьмі загартоўвае і паказвае, наколькі будучы спецыяліст гатовы да ўзаемадзеяння з вучнямі. Гаворачы пра маладых спецыялістаў, Галіна Гапанькова мае на ўвазе не толькі педагогаў, але і кухараў, сакратароў. Кожны з іх, прыходзячы ў сістэму адукацыі, уносіць свой уклад у яе развіццё. Што тычыцца летняга адпачынку, то ў “Дружбе” сёлета таксама працуюць розныя маладыя спецыялісты.
Адразу на некалькі змен у “Дружбу” прыехала выпускніца БДПУ настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 6 Фаніпаля Марыя Пякарчык.
“Упершыню ў лагеры ў якасці важатай была год назад, калі праходзіла практыку пасля 3 курса, — расказвае пра сябе Марыя Вадзімаўна. — Мне адразу спадабалася, таму вырашыла, што праз год абавязкова сюды вярнуся. Выхавальнікам працую другую змену запар. Калі вучылася ў школе, вельмі любіла адпачываць у загарадных лагерах. У “Дружбу” прыязджала два разы, калі вучылася ў старшых класах. Мне заўсёды было цікава пабыць у ролі важатай, папрацаваць з дзецьмі гэтак жа, як калісьці мае выхавальнікі. Мары, як бачыце, здзяйсняюцца”.
Разважаючы наконт таго, ці кожны педагог камфортна сябе адчувае ў лагеры, мяняючы школьны кабінет, дзе ўсё строга і дакладна, на прастору, у якой дзеці могуць сваволіць і не слухацца, настаўнік-дэфектолаг падзялілася сваімі назіраннямі: “Каб работа ў лагеры прыносіла задавальненне, педагог павінен умець падтрымліваць дысцыпліну незалежна ад месца, у якім ён знаходзіцца. Таксама трэба вучыцца будаваць з дзецьмі дыялог на роўных, паважаць іх меркаванні і ўмець ісці на кампраміс, калі гэта насамрэч патрэбна”.
Па праграмах LEGO
Заняткі ў STEM-класе, профільны тэхнічны лагер, работа ў студэнцкім атрадзе — у навучэнцаў негарэльскай сярэдняй школы № 1 дастаткова варыянтаў, чым заняцца падчас летніх канікул.
Рабоце ў студэнцкіх атрадах часцей за ўсё аддаюць перавагу вучні старшых класаў, і зразумела чаму.
“Дякуючы занятасці ў атрадзе, дзеці могуць зарабіць грошы, якія пасля патрацяць на сябе, — расказвае дырэктар школы Таццяна Кудзіна. — Найбольш папулярны ў нашых школьнікаў — студэнцкі атрад “Імпульс”. Жадаючых трапіць у яго вельмі многа. Навучэнцы — удзельнікі БРСМ — на працягу 14 дзён працуюць у Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе, дзе займаюцца праполкай хваёвых дрэў. Гэтай традыцыі — рабоце ў студатрадзе БРСМ — пяць гадоў, і, безумоўна, яна будзе працягнута”.
Для дзетак, якія вучацца ў пачатковых класах, летам працуе профільны тэхнічны лагер, у межах якога яны працягваюць займацца робататэхнікай у STEM-класе.
“Захапленне робататэхнікай пачынаецца з факультатыўных заняткаў, на якіх вучымся ствараць гульні, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Ганна Цітова. — Спачатку вывучаем інтэрфейс, а пасля пішам невялікія коды”.
Тыя, хто вучыцца ў 1—2 класе, знаёмяцца з праграмаваннем, пачынаючы з мовы Scratch. Гэты кірунак фарміруе не толькі лагічнае і алгарытмічнае мысленне, але і навыкі для далейшай работы з мультымедыя.
“Падчас заняткаў ствараем умовы для актыўнага, пошукавага вывучэння, разнастайнага праграмавання, — дадае настаўніца пачатковых класаў. — На занятках дзеці вучацца разумець і ствараць камп’ютарныя праграмы, выкарыстоўваць камп’ютар для вырашэння розных задач, а значыць, становяцца стваральнікамі і суаўтарамі інфармацыйнай прасторы”.
На наступны этап — робататэхніка LEGO Wedo 2.0 — пераходзяць навучэнцы 3—4 класаў. Дзякуючы ўжо набытым пачатковым ведам, дзеці больш падрабязна знаёмяцца з праграмаваннем і асновамі робататэхнікі. Гульні і віктарыны — гэта самае простае, што пасля праходжання LEGO Wedo 2.0 могуць стварыць школьнікі. Акрамя таго, LEGO Wedo 2.0 — гэта выдатны інструмент для вывучэння выхаванцамі пачатковай школы навуковага метаду даследавання, мадэлявання рэальнасці, правядзення даследчых і дызайнерскіх работ.
Ведамі, якія атрымліваюць на занятках у STEM-класе, школьнікі карыстаюцца падчас удзелу ў шматлікіх ініцыятывах. У мінулым навучальным годзе каманда хлопчыкаў, у якую ўвайшлі Аляксандр Цітоў, Аляксандр Чабан і Яраслаў Бурак, прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе лічбавага мастацтва “Сімфонія космасу”. У намінацыі “Інавацыя” (калектыўная работа) юныя праграмісты занялі 2-е месца, а гэтым дакладна можна ганарыцца.
Старонкі ваенных гадоў
У Путчынскай пачатковай школе рэалізуецца педагагічны праект “Дзіцячая кніга Памяці “Ля вечнага агню”. Яе стваральнікі — 9 і 10-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі.
Навучэнцы школы пачалі рэалізоўваць гэты праект у чэрвені. Кожны дзень вучні 3 і 4 класаў разам са сваімі настаўнікамі працавалі над стварэннем кніг. Яны шукалі інфармацыю ў энцыклапедыях, падручніках і інтэрнэце, падбіралі ілюстрацыйны матэрыял і творча афармлялі кожную старонку. У выніку было створана 20 кніг, кожная з якіх прысвечана пэўнай значнай падзеі Вялікай Айчыннай вайны, памятнаму мемарыялу альбо герою.
Кожная кніга нясе памяць пра абаронцаў нашай краіны — тых, хто аддаў жыццё ў імя светлай будучыні, і, вядома, аб ахвярах генацыду беларускага народа. Так, на кніжных старонках можна даведацца пра пяць спаленых вёсак раёна, мемарыяльныя комплексы “Трасцянец”, “Хатынь”, “Лінія Сталіна”, “Курган Славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, сталічную плошчу Перамогі і іншыя. А яшчэ асобныя кнігі прысвяцілі піянеру-герою Марату Казею і ракетнай устаноўцы “Кацюша”.
— Перад стварэннем кожнай новай кнігі нашы настаўнікі расказвалі вучням пра тую ці іншую падзею ваенных гадоў. Думаем, што, дзякуючы гэтаму, на ўроках гісторыі нашым выпускнікам будзе значна прасцей зразумець многія тэмы Вялікай Айчыннай вайны. А затым мы стараліся ўсю неабходную інфармацыю выкласці сцісла і даступнай мовай, каб яе лёгка ўспрымалі маленькія чытачы. Кожная кніга аздоблена фатаграфіямі ваенных гадоў, сучаснымі фотаздымкамі і пунцовымі кветкамі, створанымі рукамі дзяцей. Да таго ж ля кожнага помніка не забыліся, так бы мовіць, запаліць Вечны агонь з фаамірану. Мы будзем гэты праект працягваць і дадаваць у яго малюнкі, сачыненні, вершы падчас тэматычных урокаў, інфармацыйных гадзін і іншых мерапрыемстваў, — расказала ідэйны натхняльнік праекта па стварэнні такіх кніг дырэктар установы Зоя Мацкевіч.
Дарэчы, прэзентацыя праекта “Дзіцячая кніга Памяці “Ля вечнага агню” адбылася ў значны для ўсёй нашай краіны дзень — 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзеці і педагогі прынялі ўдзел у святочным шэсці, трымаючы ў руках тыя самыя чырвона-зялёныя кнігі, якія сімвалізуюць сувязь паміж пакаленнем пераможцаў і іх нашчадкамі.
Новы навучальны год хлопчыкі і дзяўчынкі з Путчына пачнуць у тым ліку з агульнашкольнага ўрока “Ля Вечнага агню” з выкарыстаннем гэтых кніг Памяці.
Наталля САХНО, Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА