Нядаўна ва ўрачыстай атмасферы прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны. Больш за 50 годных працаўнікоў былі ўзнагароджаны, і сярод іх Уладзімір Уладзіміравіч Полех, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Уладзімір Уладзіміравіч адзначаны медалём “За працоўныя заслугі” за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё прафесійнай адукацыі.
Уладзіміра Уладзіміравіча ў Слуцкім раёне ведае бадай што кожны, хто так ці інакш па прафесіі звязаны з сельскай гаспадаркай. Многія спецыялісты гэтай галіны звяртаюцца да яго па кансультацыі і парады як да сябра. Навучэнцы і педагогі ставяцца да яго з бязмернай павагай. Усё гэта ён заслужыў сваёй шматгадовай сумленнай і самаадданай працай. Амаль паўстагоддзя ён працуе ў сістэме прафтэхадукацыі, і 44 з іх — у Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.
На работу ў ліцэй, які тады меў назву СПТВ № 9, Уладзімір Уладзіміравіч трапіў якраз з поля, дзе працаваў трактарыстам. За паўтара года да таго ён скончыў Бераставіцкае СПТВ № 37 і пачаў працаваць у Свіслацкім раёне на Гродзеншчыне. Прызнаецца, што прапанова стаць майстрам вытворчага навучання тады вельмі здзівіла, бо вопыту такой работы не было аніякага. Аднак, паразважаўшы, ён згадзіўся. Дастаткова было двух месяцаў работы, каб зразумець, што ведаў — метадычных, педагагічных, псіхалагічных — не хапае. Таму Уладзімір Уладзіміравіч паступіў і паспяхова скончыў Пінскі індустрыяльны тэхнікум і прадоўжыў працаваць ужо з новым багажом ведаў.
Яго імпэт і працавітасць ніколі не заставаліся незаўважанымі: праз чатыры гады яму прапанавалі стаць старшым майстрам. Якраз у гэты час за ўстановай замацавалі калгас “Перамога”, што пад Слуцкам, і Уладзімір Уладзіміравіч займаўся арганізацыяй на яго базе вучэбнай гаспадаркі. Атрымалася так спраўна, што гаспадарка стала ўзорнай, і ў хуткім часе на яе базе было вырашана правесці Усесаюзны семінар па арганізацыі заняткаў па рабоце на машынатрактарных агрэгатах. Прыехалі на яго спецыялісты з розных куткоў Саюза — ад Далёкага Усходу да Прыбалтыкі. У арганізацыі семінара непасрэдны ўдзел прымаў і Уладзімір Полех, мерапрыемства прайшло бездакорна. У хуткім часе ў навучальнай установе і яе вучэбнай гаспадарцы адбыліся іншыя конкурсы, сустрэчы і семінары высокага ўзроўню. Пасля гэтых падзей Уладзімір Уладзіміравіч атрымаў нагрудны знак “Выдатнік прафтэхадукацыі СССР”.
Уладзімір Уладзіміравіч — чалавек, якому заўсёды хочацца зрабіць больш, чым патрабуюць яго абавязкі. Так, дзякуючы яму ў ліцэі з’явіўся сад лекавых раслін. Па драбніцах ён сабраў багатую калекцыю відаў, быў заключаны дагавор, згодна з якім сабраныя расліны адпраўляліся на завод медыцынскіх прэпаратаў, а гэтая справа няпростая — ліцэнзія, строгія санітарныя нормы, пэўныя тэрміны збору і асаблівасці нарыхтоўкі… Пазней быў закладзены ягадны сад, на тэрыторыі ліцэя пасаджаны алеі з хваёвымі дрэвамі. І яшчэ многа чаго было зроблена.
Сёння Уладзімір Уладзіміравіч курыруе пытанні арганізацыі вытворчага навучання. У ліцэя ёсць 26 гектараў зямлі, дзе вырошчваецца агародніна, сельскагаспадарчыя культуры. Практычныя навыкі навучэнцы атрымліваюць і падчас работы на базавых прадпрыемствах. Сам Уладзімір Уладзіміравіч гаворыць, што яго жыццё літаральна праходзіць тут, у ліцэі. Нават у водпуску, на выхадных і бальнічных, ён заўсёды на сувязі і гатовы прыехаць на работу, калі справы патрабуюць яго прысутнасці.
Навучэнцы ліцэя звяртаюцца да яго не толькі па пытаннях навучання, часам ідуць і з асабістымі праблемамі. І ён па-бацькоўску, ветліва і добразычліва дапамагае кожнаму. Відавочна, што аўтарытэт гэтага чалавека непахісны, яго паважаюць, яму давяраюць. Уладзімір Уладзіміравіч гаворыць, што дасягнуць такіх адносін да сябе можна адзіным спосабам — быць прафесіяналам сваёй справы і ўсё рабіць сумленна.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.