Прыгажосць душы і цела — праект з такой назвай рэалізуецца ў Велікарыцкай сярэдняй школе імя П.В.Саевіча

- 14:31Новости

Прыгажосць душы і цела — праект з такой назвай рэалізуецца ў Велікарыцкай сярэдняй школе імя П.В.Саевіча Маларыцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гэты праект ажыццяўляецца ў рамках рэспубліканскага конкурсу маладзёжных сацыяльных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці” ў намінацыі “Моладзь за здароўе дзеля жыцця!”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце школы Валянціна Шыцікава. — Яго мэта — сфарміраваць у сучасных юнакоў і дзяўчат каштоў­насныя адносіны да будучага бацькоўства.

У праекце задзейнічаны 5 вучняў, якія пад кіраўніцтвам куратара займаюцца прапагандай здаровага ладу жыцця і актыўных форм вольнага часу, адказных адносін да ўласнага здароўя і адмоўных адносін да шкодных звычак сярод равеснікаў, знаёмяць іх з пралайф-рухам, прыцягваюць увагу да праблемы абортаў, а таксама праводзяць комплексныя прафілактычныя мерапрыемствы з дзевяцікласнікамі і адзінаццацікласнікамі і іх бацькамі з удзелам спецыялістаў розных службаў.

Работы ў праектнай каманды хапае. Яна не толькі вядзе акаўнт у Instagram (@socproekt_velikoritaschool), але і рэгулярна абнаўляе тэматычны стэнд, ладзіць мерапрыемствы “У пачатку прыгажосці душы і цела” і “Лесвіца дабрыні”, спартыўныя гадзіны, гутаркі пра ролю Вялікага посту, каштоўнасць захавання цнатлівасці да шлюбу, наступствы абортаў, правільны рэжым дня школьнікаў, шкодныя звычкі, рацыянальнае харчаванне… Акрамя таго, вучні ўдзельнічаюць у акцыях “Формула добрага настрою”, “Што такое каханне?” і “Асноўныя правілы здаровага ладу жыцця”. Ціка­васць выклікаюць экскурсіі ў мясцовыя храмы і манастыры, амбулаторыю агульнай практыкі і інш.

Школьнікі штодзень ахвотна робяць зарадку, актыўна далучаюцца да фотачэленджаў #сумеснаясправа і #часзкарысцю ў Instagram, дзе вядуць рубрыку “Сям’я — гэта…”, распрацоўваюць тэматычныя бук­леты, здымаюць відэаролікі “Мнагадзетныя сем’і: + і –”, “Што такое цнатлівасць?”, “З чым у вас атаясамліваецца слова “сям’я”?”, “Што павінна быць у кожнай сям’і?”, а таксама дзеляцца вынікамі праекта з іншымі.

— Удзел у праекце — не фармальнасць, а частка жыцця, усвядомлены выбар і шчырае жаданне змяніцца ў духоўна-маральным плане. Гэта асабліва важна і актуальна для сучаснай моладзі, якая клапоціцца больш пра знешнасць, чым пра душэўную прыгажосць, — заўважае Валянціна Шыцікава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ