Прыгажуня, спартсменка, разумніца

- 12:15Навіны рэгіёнаў, Рознае

Усе гэтыя словы — аб Валерыі Махлай, вучаніцы слуцкай гімназіі № 1 і выхаванцы Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі. Валерыя не толькі выбрала ў якасці любімай справы нетыповы для дзяўчыны занятак, але і дасягнула ў ім незвычайных вышынь. Яна стала бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы па суднамадэльным спорце.

Чэмпіянат Еўропы па суднамадэльным спорце ў класах радыёкіруемых мадэлей-копій секцыі NS прайшоў у Гатчыне, што ў Расійскай Федэрацыі. Удзел у ім бралі спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Венгрыі, Чэхіі, Казахстана і Германіі. Валерыя Махлай заваявала “бронзу” ў катэгорыі F2А — мадэлі даўжынёй да 900 мм.

Выхаванцы Віктара Васільевіча Патоцкага, педагога дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці, часта прывозяць медалі са спаборніцтваў па суднамадэльным спорце. Віктар Васільевіч аддана любіць сваю справу, і гэта прыносіць відавочны плён. Ён вельмі вопытны педагог — працуе з юнымі суднамадэлістамі больш за 40 гадоў, аднак гаворыць, што гэта першая дзяўчына сярод яго выхаванцаў, ды і наогул, дзяўчаты ў гэтым спорце — з’ява рэдкая. Прызнаецца, што, калі Валерыя прыйшла займацца ў аб’яднанне, не верыў, што гэта ўсур’ёз і надоўга, аднак сёння суднамадэлістка дае фору хлопцам.

— Яна надзвычай настойлівая і мэтанакіраваная, — расказвае Віктар Васільевіч пра Валерыю, — яе няма неабходнасці матываваць, угаворваць. Калі паставіла перад сабою мэту — будзе ісці да яе, пераадольваючы любыя перашкоды.

Валерыя займаецца суднамадэлізмам ужо шосты год. Тры разы на тыдзень па тры акадэмічныя гадзіны яна праводзіць за любімым заняткам. І менавіта гэтым тлумачыць свае поспехі — яна знайшла справу па душы.

— Я займалася плаваннем, маляваннем, музыкай, танцамі. Паспрабавала аднойчы ствараць мадэлі і зразумела, што гэта — маё, — расказвае Валерыя. — Я займаюся гэтым з задавальненнем, і цікавасць мая з цягам часу не згасае. Мне падабаецца тое, што мадэлі караблёў такія дэталізаваныя, гэта захапляе.

Валерыя вучыцца ў 9 класе гімназіі, атрымлівае добрыя адзнакі і займаецца даследчай дзейнасцю па фізіцы. Аднак заўсёды знаходзіць час для свайго захаплення. Дзяўчына на занятках у цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці стварыла 4 мадэлі суднаў. Над апошняй мадэллю, з якой удзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы, працавала больш за год. На чэмпіянат у Гатчыне Валерыя ехала кандыдатам у майстры спорту, вярнулася ўжо майстрам. Яна станавілася пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў па суднамадэльным спорце, цяпер мае прыз еўрапейскага ўзроўню, у планах — удзел у чэмпіянаце свету. Жадаем Валерыі і Віктару Васільевічу Патоцкаму новых перамог.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва В.В.Патоцкага і В.Махлай.