Прыгожы спеў

- 10:36Навіны рэгіёнаў

Звонкай шматгалосай нотай адзначылі пачатак Года культуры юныя таленты Гродзеншчыны. Абласны этап агляду-конкурсу харавых калектываў у межах Рэспубліканскага конкурсу харавога мастацтва “Спяваем разам” аб’яднаў 12 творчых груп.

На сцэне гучалі творы класікаў сусветнага мастацтва і сучасныя песні, беларускія народныя творы і нават амерыканскі спірычуэлс, фрагменты з опер і духоўнае песнапенне.
— Прадстаўлены рэпертуар сведчыць аб высокіх здольнасцях выканаўцаў і прафесіяналізме дырыжораў, — сказала член журы загадчык цыклавой камісіі харавога дырыжыравання, вакалу і тэарэтычных дысцыплін гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Таццяна Перасадзька. — Многія калектывы спявалі а капэла. Радуе, што ўсе хары ўключылі ў свой рэпертуар беларускія народныя творы. А вось хор Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку зрабіў народную творчасць асновай свайго выступлення. У яго выкананні прагучалі тры народныя беларускія песні.На конкурсе сваё мастацтва прадставілі творчыя калектывы са школ Гродна, Слоніма, Ваўкавыска, Ліды, Смаргоні і навучальных устаноў з невялікіх населеных пунктаў — Вялікабераставіцкай, Абухаўскай сярэдніх школ Гродзенскага раёна. Такая геаграфія паказвае, што харавыя спевы і сёння цікавыя для дзяцей і моладзі. І яшчэ адно пацвярджэнне гэтага — удзел адразу трох харавых калектываў сярэдняй школы № 3 Гродна ў конкурсе, і ўсе яны ўзорныя: хор “Расінка”, хор хлопчыкаў і юнакоў “Светач”, хор “Світанак”.
Кожны калектыў выконваў па пяць твораў, і гэта давала магчымасць журы высветліць розныя бакі творчасці юных выканаўцаў і іх музычных кіраўнікоў. У выніку Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе будзе прадстаўляць хор сярэдняй школы № 3 Гродна “Расінка” (педагог Святлана Галась). Хор створаны ў 1980 годзе. За гады існавання неаднаразова мяняўся яго склад, але нязменным застаецца высокае выканаўчае майстэрства юных удзельніц, якое падкупляе гледачоў дзіцячай непасрэднасцю, яскравасцю і шчырасцю.
Хор “Бельканта” (што ў перакладзе з італьянскай мовы азначае “прыгожы спеў”) з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, якім кіруе Вера Яроміч, на 100 працэнтаў апраўдаў сваю назву. І хаця калектыў існуе з 2011 года, ён змог, як кажуць, спецца і атрымаць пуцёўку ў фінал.
Дыпломамі таксама былі адзначаны ўзорны хор “Званочак” з сярэдняй школы № 8 Слоніма (педагог Марына Валадковіч), узорны хор “Глорыя” з сярэдняй школы № 5 Смаргоні (педагог Вольга Сініковіч) і ўзорны хор “Світанак” з сярэдняй школы № 3 Гродна (педагог Ірына Дзейкала).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.