Прыгожым почыркам

- 10:00Авторские колонки, Мнение
Ігар ГРЭЧКА

Вы звярталі ўвагу на почырк у вучнёўскіх сшытках савецкага часу? Кожная літара як сапраўдны шэдэўр каліграфіі.

З вынаходствам камп’ютараў, смартфонаў мы развучыліся прыгожа пісаць. Ды і робім гэта не так часта. Нават журналісцкія матэрыялы нам зручней набіраць на клавіятуры, чым запісваць думкі ад рукі. Недалёка адышлі і нашы дзеці. Ручкай яны пішуць звычайна толькі ў школе. А вось у вольны час з аднакласнікамі, бацькамі перапісваюцца з дапамогай віртуальных клавіятур на экране смартфонаў.

Перад вамі здымак вучнёўскага сшытка Бабініцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна. На палях можна ўбачыць дату — 1949 год. Паглядзіце, які прыгожы почырк! Кожная літара напісана акуратна, старанна, усе чарнільныя “хвосцікі”, “птушачкі” ідэальна роўныя, аднолькавыя. Здаецца, гэты аркуш быў раздрукаваны на прынтары спецыяльным рукапісным шрыфтам.

Такі прыгожы почырк калісьці мелі многія школьнікі. І ўсё дзякуючы ўрокам чыстапісання, якія шырока практыкаваліся ў савецкай школе. Ды і потым чыстапісанню настаўнікі ўдзялялі асаблівую ўвагу. Добра памятаю, як мая мама, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, прыносіла дадому правяраць вучнёўскія сшыткі. Памылкі яна выпраўляла заўсёды акуратна, нярэдка пісала заўвагі. Асабліва запомнілася такая заўвага-пажаданне: “Пішы акуратней!”.

Фота аўтара

Сёння, на жаль, гэтаму аспекту настаўнікі ўдзяляюць менш увагі. І дарэмна.

Навучанне каліграфіі развівае ў школьнікаў не толькі маторыку, але і стараннасць, дысцыплінаванасць, уседлівасць, чаго сучасным дзецям так не хапае.

Ці шмат сённяшніх вучняў піша акуратна? Канечне, такія ёсць, за што дзякуй іх настаўнікам, бацькам. Аднак многім дзецям хочацца як мага хутчэй выка­наць у сшытку дамашняе практыкаванне і нарэшце  заняцца любімай справай: узяць у рукі смартфон, дзе і віртуальныя гульні, і віртуальная размова з сябрамі.

Але вернемся да пісьма рэальнага. Памятаеце металічнае пяро-зорачку, падзеленае на канцы на дзве паловы? Калі націскаеш на яго падчас пісьма, лінія становіцца шырэйшая. Калі прыкладаеш менш сілы, то лінія тонкая, як нітачка. Такімі пёрамі пісалі вучні малодшага і сярэдняга звяна. А вось старшакласнікі, авалодаўшы майстэрствам прыгожага пісьма, карысталіся іншым пяром. Потым на змену ім прыйшлі аўтаручкі. Іх ужо не трэба было макаць у чарніліцу, бо чарніла залівалася ўнутр. Затым з’явіліся шарыкавыя аўтаручкі са стрыжнямі ўнутры… Урокі чыстапісання — гэта наша гісторыя, якую трэба не толькі не забываць, але і практыкаваць.

Кожны з нас ведае выраз “У чалавеку ўсё павінна быць прыгожым”. Почырк — таксама.