Прыгожыя і каварныя

- 11:53Культура

Мы вельмі любім тэлеканалы, дзе паказваюць дзівосы жывой прыроды, — National Geographic, Animal Planet, Nat Geo Wild… Амазонія, Занзібар, Галапагосы… Нам здаецца, што незвычайнае — дзесьці там, далёка за акіянам. А між тым у нашай беларускай прыродзе таксама ёсць дзівосныя таямніцы.

Пра гэтыя таямніцы не па чутках ведае Уладзімір Лябедзька, навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі. Вучоны пабываў у розных кутках нашай краіны, абышоў не адзін гектар балот, каб знайсці загадкавыя расліны, апісаць іх, вывучыць і намаляваць. Вынікам яго работы стала вельмі прыгожая кніга “Зялёныя паляўнічыя” — пра насякомаедныя расліны Беларусі.

Кніга багата ілюстравана, у ёй выкарыстаны малюнкі і фотаздымкі самога аўтара. Дзякуючы гэтаму можна ў дэталях разгледзець, як выглядае “расянка — камарыная смерць” (яе мы з дзяцінства ведаем праз апавяданне Віталія Біянкі), а таксама іншыя зялёныя драпежнікі.

Уладзімір Лябедзька робіць невялікі экскурс у гісторыю навукі і расказвае, што вучоныя звярнулі ўвагу на насякомаедныя расліны яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі. Аднак нават сам Карл Ліней адмаўляўся верыць у тое, што расліны харчуюцца плоццю. У ХІХ стагоддзі даследаваннем насякомаедных раслін захапіўся Чарльз Дарвін. Вучоны правёў цэлы шэраг цікавых доследаў, ён вывучаў “густы” расянак і нават складаў для іх разнастайныя меню. У адным са сваіх лістоў вядомы натураліст прызнаваўся, што “ў цяперашні час Drosera цікавіць мяне больш, чым паходжанне відаў на Зямлі”.

Аўтар кнігі “Зялёныя паляўнічыя” дае тлумачэнне, што драпежныя расліны прыстасаваліся да лоўлі насякомых не па сваёй ахвоце. Яны растуць на бедных глебах і, дзякуючы жывой здабычы, атрымліваюць дадатковыя карысныя рэчывы. Залозы, размешчаныя на паверхні іх лісця, выдзяляюць стрававальныя ферменты, якія хутка ператраўляюць ахвяру.

Як і любыя драпежнікі, піша аўтар, насякомаедныя расліны павінны лавіць і забіваць сваю здабычу, і яны развілі тры асноўныя спосабы палявання. Адны пакрыты ліпкім рэчывам, да якога прыстаюць насякомыя. Другія маюць лісце ў форме сасудаў. Трэція дзейнічаюць як пастка, захопліваюць ахвяру і ўтрымліваюць яе да канца.

Адна з найбуйнейшых насякомаедных раслін — бібліс гіганцкі — расце ў Аўстраліі і дасягае паўметра ў вышыню. У яе пасткі трапляюцца не толькі насякомыя, але і смаўжы, жабкі і нават яшчаркі. Ці трэба казаць, што аўстралійскія бабулі часцяком пужаюць біблісам дзяцей, і тыя стараюцца абыходзіць расліну бокам.

На тэрыторыі Беларусі выяўлена 10 відаў насякомаедных раслін.

Напэўна, самая вядомая з іх — расянка (Drosera). У нас растуць тры віды гэтай расліны і адзін гібрыд. Назву віду даў Карл Ліней ад грэчаскага drosos — “раса”. Гэта адзін з найбольш распаўсюджаных зялёных драпежнікаў. Сустракаецца на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды.

Уладзімір Лябедзька расказвае, што расянка выдзяляе спецыяльную клейкую слізь з тонкім водарам мёду. Калі насякомае садзіцца на лісток, то адразу прыліпае да яго. Лісток пачынае сціскацца, прыцягваючы ахвяру да сябе, і паступова раствараць яго тканкі. Цікава, што расянка рэагуе толькі на бялковую ежу. Ні кроплі дажджу, ні дотык іншых раслін не запускаюць механізм згортвання лістка. Кветкі расянкі размешчаны на высокіх (да 25 см) стрэлках. Лічыцца, што такім чынам прырода падстрахавалася, каб насякомыя-апыляльнікі не сталі здабычай расянкі.

Даследчыкі часта задумваліся, ці загіне расянка, калі не будзе атрымліваць жывёльную ежу. Доследы паказалі, што яна выжыве, сілкуючыся звычайным для раслін спосабам. Пры гэтым расянкі, якія дадаткова падмацоўваюцца бялковай ежай, мацнейшыя і даюць больш насення.

Альдраванда пузырыстая названа так у гонар італьянскага вучонага-батаніка Уліссе Альдравандзі. Гэтая драпежніца дзейнічае не так, як расянка. Паколькі яна жыве ў вадзе, то прываблівае ахвяр не ліпкай пахучай расой, а проста чакае, хто праплыве побач і дакранецца да яе лісточка. Менш чым за секунду спрацоўвае пускавы механізм і лісток ператвараецца ў пастку. У Беларусі альдраванда знаходзіцца пад аховай, яна ўключана ва ўсе выданні нацыянальнай Чырвонай кнігі. Таксама расліна знаходзіцца пад пагрозай знікнення ў Еўропе.

Плывунец, як і альдраванда, жыве ў вадзе. На тэрыторыі Беларусі заўважаны 4 віды плывунца (усяго 220 відаў). Аўтар кнігі піша, што механізм палявання гэтай расліны вельмі мудрагелісты. Пузыры-пасткі, размешчаныя на яе сцяблінках, полыя і непранікальныя для вады. Але як толькі які-небудзь маленькі насельнік вадаёма праплыве побач і закране адчувальныя валаскі на пузырку, той рэзка адкіне патаемны клапан — і ў яго хлыне плынь вады, уцягваючы за сабой ахвяру. Пасля гэтага клапан надзейна закрываецца. Нядаўна даследчыкі з Францыі і Германіі прызналі плывунец самай хуткай драпежнай раслінай у свеце: ён спрацоўвае менш як за мілісекунду.

Плывунец вельмі пражэрлівы, сцвярджае аўтар кнігі. Ён спажывае ўсё, што праплывае побач: цыклопаў, дафній, рачкоў, лічынкі камароў і інш. Можа ўпаляваць нават апалоніка, які нядаўна вылупіўся з ікры, і нават малька рыбы.

Тлушчанка — найбольш рэдкі прадстаўнік насякомаедных раслін на тэрыторыі Беларусі. Захавалася толькі ў Навагрудскім і Смаргонскім раёнах. Сваю назву тлушчанка атрымала з-за мясістых, бліскучых, нібы змазаных тлушчам, лісточкаў. Такі выгляд яны маюць з-за ліпкай, цукровай вадкасці, якая пакрывае іх зверху. Калі нейкае насякомае садзіцца на паверхню лісточка, то адразу прыліпае, і ліст пачынае згортвацца. Пасля таго, як насякомае будзе пераварана раслінай, ён зноў раскрыецца ў чаканні новых ахвяр. Тлушчанка з’яўляецца рэліктам ледніковага перыяду. Узята пад дзяржаўную ахову ў 1964 годзе і з таго часу ўключана ва ўсе выданні Чырвонай кнігі.

Некаторыя насякомаедныя расліны, у прыватнасці расянку, сёння можна купіць у магазіне. І яны карыстаюцца попытам, бо назіраць за гэтымі прыгожымі і каварнымі раслінамі надзвычай цікава. Уладзімір Лябедзька ў сваёй кнізе “Зялёныя паляўнічыя” дае парады, як можна вырасціць расянку дома ці ў школьным жывым кутку.

Галіна СІДАРОВІЧ.