Прыгожыя перамогі

- 15:24Навіны рэгіёнаў

Дзве міжнародныя канферэнцыі адбыліся ў Расіі з удзелам прадстаўнікоў Мінскай вобласці. Тры дзяўчыны і тры іх настаўніцы забяспечылі прыгожае ва ўсіх сэнсах выступленне на гэтых прэстыжных мерапрыемствах.

Яна Сівакова і В.У.Афонская.

У Маскве адбылася ХХІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя для навучэнцаў 6—11 класаў “Мовазнаўства для ўсіх”. У гэтым годзе яе тэма гучала так: “Сур’ёзнае і займальнае ў мове розных сфер жыцця”. Гэтую тэму па-свойму раскрывалі ўдзельнікі з розных краін СНД, сярод якіх былі і дзве беларускія дзяўчыны.

Навучэнка Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Віталіна Віннік прадставіла даклад на тэму “Прыметнікі “занимательный” і “займальны” ў сучасных публіцыстычных тэкстах” у секцыі “Аналіз моўных сродкаў у СМІ і анекдотах”. Віталіна вучыцца ў 9 класе, але з’яўляецца вопытнай даследчыцай і не раз была адзначана ўзнагародамі на розных міжнародных конкурсах. Не стала выключэннем і згаданая канферэнцыя — дзяўчына адзначана на ёй дыпломам ІІ ступені. Даследаванне яна право-дзіла пад кіраўніцтвам настаўніцы Іны Рычардаўны Віннік.

Дыплома ІІ ступені ўдастоена работа Анастасіі Серады, якую яна прадставіла ў секцыі “Сур’ёзнае і займальнае ў мове літаратурных твораў”. Навучэнка сярэдняй школы № 14 Салігорска выбрала для вывучэння тэму “Ежа як мастацкая дэталь характарыстыкі літаратурнага героя” і разглядала яе пры дапамозе настаўніцы Валянціны Казіміраўны Главацкай.

XIII Адкрытая міжнародная навукова-даследчая канферэнцыя маладых даследчыкаў “Адукацыя. Навука. Прафесія” прайшла ў Атрадным Самарскай вобласці. Мерапрыемства сабрала больш за 500 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Расіі і краін блізкага замежжа — Латвіі, Казахстана, Беларусі і інш. Яны прадставілі на суд журы 534 даследчыя работы.

Удзельнікі працавалі на 7-і тэматычных пляцоўках па эколага-біялагічным, гуманітарна-лінгвістычным, навукова-тэхнічным, сацыялагічным, гуманітарна-гістарычным, культуралагічным і прыродазнаўчанавуковым намапрамку.

Па ўмовах правядзення канферэнцыі, выступаць у ёй можна вочна і дыстанцыйна. Гэтым і скарысталася Яна Сівакова, навучэнка беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава. Дзяўчына прадставіла сваю работу анлайн. Яе даследаванне пад назвай “Афарызмы, што кінуліся ў камерцыю” ўдастоена дыплома ІІ ступені канферэнцыі. Дапамагла дзяўчыне дасягнуць поспеху настаўніца Вольга Уладзіміраўна Афонская. Педагог узнагароджана граматай “За якасную падрыхтоўку ўдзельніка”. Дарэчы, навучэнцы згаданай гімназіі бяруць удзел у канферэнцыі трэці год запар.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіву ўдзельнікаў мерапрыемства.