«Прымаем з любоўю, выпускаем з гордасцю»: Ірына Суровая – пра канцэпцыю школы № 6 Бабруйска

- 11:00Персона, Приложение, Школа управления

Інавацыі вельмі важныя, бо спрыя­юць прафесійнаму росту педагога і ўздымаюць установу адукацыі на прыступку вышэй, таму ў сярэдняй школе № 6 Бабруйска ніколі не адмаўляюцца ад удзелу ў інавацыйных праектах, падкрэсліла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар Ірына Суровая.

— Ірына Уладзіміраўна, ваш шлях да дырэктарства быў шматступеньчатым, таму, каб асэнсаваць набыты вопыт, пачнём з самага пачатку.

— У педагогіку я прыйшла ў 1989 го­дзе, будучы студэнткай завочнага аддзялення Смаленскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Карла Маркса. Прафесійную дзейнасць пачынала на пасадзе лабаранта кабінета фізікі і хіміі, працавала старшай піянерважатай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Затым перайшла на пасаду метадыста ў гарадскі вучэбна-метадычны кабінет (курыравала рускую і беларускую мовы і літаратуры). Пасля была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў вячэрняй школе № 8 Бабруйска і дырэктарам вячэрняй школы № 7 Бабруйска. Са жніўня 2013 года я кіраўнік сярэдняй школы № 6.

Пра тое, што буду настаўнікам, ведала яшчэ са школьных гадоў. Мяне ў гэтым цвёрдым рашэнні падтрымалі бацькі, а давер, які табе аказваюць у дзяцінстве, заўсёды імкнешся апраўдаць. Вядома, на выбар прафесіі паўплывалі і мае настаўнікі — першая нас­таўніца Лідзія Трафімаўна Стэль­мак і класны кіраўнік Галіна Васільеўна Батрак. Гэта мае дзве пуцяводныя зоркі ў педагогіцы, якія паказалі, якім павінен быць настаўнік.

— Як адчуваеце сябе ў ролі дырэктара?

— Сёння дырэктар школы — асоба пуб­лічная, гэта менеджар, чалавек, які працуе з вялікай колькасцю людзей і адказвае не толькі за сябе, але і за прафесійны рост сваіх калег. Дырэктар арганізоўвае, каардынуе намаганні кожнага для вырашэння задач, пастаўленых перад калектывам, вядзе яго да поспеху. Для яго аднолькава каштоўныя як працэс, так і вынік. І, канечне, самы важны напрамак работы кіраўніка — стратэгічны, калі ёсць мэта і разуменне, як яе дасягнуць.

Калі ты прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы і разумееш кампетэнцыі тых, хто стаіць за тваёй спінай, то кіраваць, канечне, прасцей. Але не так лёгка, як можа здацца на першы погляд. На кіраўніку ляжыць уся адказнасць за прыняцце рашэнняў і за вынік. І мне, прызнацца, было страшна браць на сябе такую адказнасць. Але страх спараджае імкненне рабіць усё не проста добра, а выдатна, каб людзі, якія ў цябе паверылі, не расчараваліся. А калі ў цябе вераць, вельмі хочацца стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для працы. Таму імкнуся, каб усім было камфортна.

— Якія мэты ставіце на новы навучальны год?

— Паглыбіцца ва ўсе тыя змяненні, якія мы перажылі ў мінулым навучальным го­дзе, і выпрацаваць аптымальныя для сябе шляхі адаптацыі. Гаворка ідзе найперш пра цэнтралізаваны экзамен. Нам неабходна распрацаваць сістэму падрыхтоўкі да гэтага выпрабавання. Акрамя таго, мы не павінны забываць, што поспех школы ў трыадзіным падыходзе да навучання і выхавання — у супрацоўніцтве педагогаў, дзяцей і бацькоў. Канечне, вельмі прыемна, калі нас хваляць за высокія балы нашых выпускнікоў на ЦТ (дзеці набіраюць па 95—98 балаў). Мы разумеем, да чаго трэба імкнуцца, бо ёсць вынік. Безумоўна, важна захаваць тое, што ёсць, і прымножыць. Наша школа актыўна развівае інклюзіўную адукацыю. У нас ёсць інтэграваныя, спецыяльныя класы, таму будзем імкнуцца зрабіць для нашых дзяцей усё магчымае, каб яны паспяхова сацыялізаваліся.

— Падрыхтоўка да новага навучальнага года ў разгары. Дырэктары і іх намеснікі шмат часу ўдзяляюць вывучэнню дакументаў, якія падрыхтавала Міністэрства адукацыі. Якія з іх заўсёды на вашым рабочым стале?

— Дакумент, якім я карыстаюся кожны дзень, — гэта статут установы адукацыі. Вядома, на маім стале ляжыць і Кодэкс аб адукацыі (з закладкамі). Яшчэ вельмі важнымі з’яўляюцца правілы ўнутранага працоўнага распарадку для работнікаў і навучэнцаў. Заўсёды пад рукой — інструктыўна-метадычныя пісьмы, важнымі з’яўляюцца тыпавыя штаты, вучэбныя планы. Цяпер мы вывучаем усю нарматыўную базу, якую для нас падрыхтавалі ў галіновым ведамс­тве, каб правільна запусціць новы навучальны год.

— Пашпарт гатоўнасці школы да новага навучальнага года атрымалі?

— Канечне. Мы гатовы прымаць вучняў.

— Ірына Уладзіміраўна, вы лаўрэат абласнога фестывалю кіраўніцкага вопыту кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ведаю, што ў мінулым навучальным годзе кіравалі школай маладога рэзерву кадраў. Які ён, пачынаючы дырэктар? Чаго яму не хапае?

— Першасныя ўяўленні маладых кад­раў пра кіраўніка, магчыма, крыху кіношныя. Бо калі я прашу скласці партрэт дырэктара, то амаль усе гавораць пра чалавека, які сядзіць у мяккім крэсле, падпісвае дакументы, дае даручэнні… Такія ўяўленні, канечне, вельмі хутка развейваюцца, калі мы пачынаем з імі вывучаць службовую інструкцыю дырэктара. Затым я ім гавару, што самае галоўнае для дырэктара — гэта кантроль. Але ўсё кантраля­ваць аднаму чалавеку не пад сілу. Трэба дэлегаваць свае паўнамоцтвы. Зона адказнасці кіраўніка — аналіз вынікаў і выбудоўванне вектара далейшага развіцця.

Канечне, вялікае значэнне мае асоба дырэктара, яго тактоўныя адносіны з педагагічным і вучнёўскім калектывам. Прынцыпова важна хутка вывучыць імёны сваіх калег (дарэчы, Ірына Уладзіміраўна ў гэтым плане — узор для пераймання, бо ўжо на другі дзень свайго дырэктарства да ўсіх педагогаў звярталася па імені і імені па баць­ку і імёны вучняў запомніла вельмі хутка. — Заўвага аўтара.). Таксама неабходна запамінаць і вучняў школы, каб, сус­тракаючы іх раніцай на ўваходзе, не проста павітацца, але і спытаць пра справы.

Дырэктар павінен сачыць за матэ­рыяльна-тэхнічным абсталяваннем, станам вучэбных кабінетаў, калідораў, ве­даць, што адбываецца ў школьнай сталовай. Некалі, калі я толькі пачынала працаваць кіраўніком, мне параілі хадзіць па школе з блакнотам і запісваць убачанае. Спачатку я не ведала, што канкрэтна, а пасля зразумела: убачыла, што патрэбны рамонт санвузлоў, вучэбных кабінетаў. Пачала запісваць ідэі па ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчага працэсу, паляпшэнні ўмоў працы для калектыву.

Важна заўсёды быць побач са сваім калектывам і за межамі школы. Экскурсіі, турзлёты, велапрабегі, суботнікі — гэта тыя мерапрыемствы, якія не проста збліжаюць, а дазваляюць убачыць у настаўніку чалавека. Вялікае значэнне для паспяховай дзейнасці дырэктара мае яго каманда намеснікаў. Тут я магу пахваліцца, бо мае намеснікі Зоя Іванаўна Патачыц, Алена Аляксандраўна Якаўлева, Марыя Паўлаўна Пракаповіч і Міхаіл Іванавіч Емяльянаў працуюць зладжана.

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?

— Інавацыі вельмі важныя, бо спрыя­юць прафесійнаму росту педагога і ўздымаюць школу на прыступку вышэй, таму мы ніколі не адмаўляемся ад ўдзелу ў інавацыйных праектах. Хоць гэта, канечне, пат­рабуе вырашэння цэлага комплексу задач: навуковых, фінансавых і тэхнічных. З мінулага года мы ўдзельнічаем у інавацыйным праекце “Укараненне кластарнай ма­дэлі ўзаемадзеяння рэгіянальных устаноў адукацыі розных тыпаў для фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”. Высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці нашых настаўнікаў-дэфектолагаў дазваляе школе працаваць у рэжыме інавацый. І тут варта звярнуцца да гісторыі.

Пяць гадоў назад, літаральна за пару тыдняў да новага навучальнага года, нам быў кінуты выклік — адкрыць клас для дзяцей з аўтыстычным спектрам парушэнняў. Выклік быў сур’ёзны, таму што з такімі дзецьмі мы яшчэ не працавалі. У нас былі інтэграваныя класы, дзе выкладалі выдатныя педагогі. Але гэта іншае. За кароткі тэрмін нам трэба было стварыць адпаведнае асяроддзе для гэтых дзяцей: асобныя сталы з кабінамі, каб не парушаць іх асабістую прастору. Патрэбен быў спецыяльны педагог. Мы справіліся. На сёння ўжо выпусцілі адзін клас вучняў з такімі парушэннямі. У мінулым годзе набралі новы.

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі дазволіла адкрыць спецыяльны клас для такіх дзяцей. З імі працуе выдатны педагог Таццяна Генадзьеўна Хадневіч. Яна задзейнічана і ў інавацыйным праекце, і вядзе майстар-класы ў горадзе і вобласці, лічыцца лепшым настаўнікам-дэфектолагам у Бабруйску. Цяпер у адным кластары працуем з Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцячым садам, каб прааналізаваць сумесную дзейнасць па суправаджэнні асаб­лівых дзяцей.

— Інклюзіўная адукацыя патрабуе прыняцця і разумення з боку бацькоў здаровых дзяцей. Як працуеце з бацькамі?

— Законныя прадстаўнікі як сацыяльныя партнёры аказваюць вялікі ўплыў на павышэнне якасці адукацыі, таму для нас яны вельмі важныя. Нашы школьныя баць­коўскія сходы праходзяць пры поўным аншлагу, што сведчыць пра зацікаўленасць і ўключанасць мам і татаў ва ўсе школьныя працэсы. Мае зносіны з баць­камі заўсёды адкрытыя. Калі ўзнікаюць пытанні, вырашаем іх унутры ўстановы. Тут важны індывідуальны падыход. Увогуле, у нас выдатныя бацькі. Мы з імі пастаянна на сувязі.

— Вы ўжо адзначалі, што ў вас працуюць добрыя настаўнікі, таму, думаю, пагодзіцеся з тым, што кадры вырашаюць усё.

— Безумоўна. Я вельмі ганаруся тым, што ў нашым калектыве працуюць выпускнікі нашай школы. Гэта пацвярджэнне паспяховасці нашай дзейнасці, імідж школы. Нам вельмі прыемна працаваць з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Аляксандрам Каванёвым, настаўніцай рускай мовы і літаратуры Таццянай Сапега, настаўнікамі пачатковых класаў Таццянай Грыгор’евай і Святланай Гайшун, настаўніцай англійскай мовы Ганнай Табулінай, настаўніцай музыкі і харавых дысцыплін Святланай Бузько. Дарэчы, хочацца адзначыць, што нашы настаўнікі пачатковай школы — адны з лепшых у горадзе.

У гэтым годзе да нас прыходзіць малады спецыяліст — педагог сацыяльны. Як правіла, маладыя пасля адпрацоўкі ад нас не сыходзяць. Нават пасля службы ў арміі вяртаюцца. Так, мы дачакаліся настаўнікаў гісторыі, фізікі і беларускай мовы і літаратуры. Вельмі важна, каб у школе былі педагогі-мужчыны. Працуем з імі індыві­дуальна, дапамагаем развіваць прадметныя, метадычныя, арганізацыйныя кампетэнцыі. У выніку многія з іх хутка трапляюць у рэзерв кадраў.

Ёсць настаўнікі, якія праяўляюць сябе ва ўсіх напрамках: даследчай дзейнасці, алімпіядным руху, падрыхтоўцы да ЦТ. А ёсць тыя, хто працуе толькі ў адным, але вельмі паспяхова. Напрыклад, настаўніцы пачатковых класаў Алена Вячаславаўна Наркевіч і Алена Уладзіміраўна Міхайлава штогод разам са сваімі выхаванцамі заваёўваюць дыпломы на даследчых конкурсах і канферэнцыях. У старшай школе скарбонку перамог у галіне школьнага даследавання пастаянна папаўняюць настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Кардаш і настаўніца англійскай мовы Таццяна Іванаўна Лабадзесава.

Настаўніца біялогіі Жанна Юр’еўна Мамоніна падрыхтавала стыпендыята спе­цыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Штогод яе вучні з’яўляюцца пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Настаўніца працоўнага навучання Людміла Міхайлаўна Фёдарава штогод рыхтуе пераможцаў другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Анатольеўна Касценіч пастаянна рыхтуе пераможцаў розных творчых конкурсаў. Настаўніца інфарматыкі Таццяна Іванаўна Сурган з’яўляецца кіраўніком школы маладога педагога горада, яе вучні актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у анлайн-конкурсах па інфарматыцы. Многія педагогі дзеляцца сваім вопытам на метадычных аб’яднаннях горада. Карацей, не стаім на месцы — пастаянна развіваемся.

— А якімі вучнямі школа асабліва ганарыцца?

— Наша гордасць — выпускнікі Вячаслаў Краўчанка і Паліна Трапянок, стыпендыяты спецфонду Прэзідэнта.

— Дзякуй за размову. Поспехаў вам у новым навучальным годзе!

***

У сярэдняй школе № 6 Бабруйска працуе 61 педагог і вучыцца больш за 600 дзяцей. Старшакласнікам прапаноўваюцца два профілі — гуманітарны (руская мова і англійская) і хіміка-біялагічны. Запатрабаваны абодва. Шмат гадоў у школе дзейнічае этнаграфічны музей “Скарбы бацькаўшчыны”, пляцоўка якога актыўна выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах. Візітнай карткай установы з’яўляецца ўзорны хор “Крынічка”, кіраўнік якога Святлана Эдуардаўна Бузько. Нядаўна творчы калектыў чарговы раз пацвердзіў званне ўзорнага.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва школы