Прымерка прафесій

- 11:23Прафарыентацыя, Сацыяльны ракурс

Гасцінна расчыніла свае дзверы сярэдняя школа № 3 Шчучына для ўдзельнікаў профільнага аздараўленчага лагера. 

Сорак крэатыўных і вясёлых, мэтанакіраваных і зацікаўленых навучэнцаў з профільных педагагічных, аграрных і прававых класаў сабраліся ў аздараўленчым лагеры “Сузор’е”, каб не толькі адпачыць у камандзе равеснікаў, але і паглыбіцца ў будучыя прафесіі.

Гэтаму садзейнічала насычаная праграма, распрацаваная камандай педагогаў-прафесіяналаў лагера пад кіраўніцтвам Марыі Іванаўны Конан і Ірыны Іосіфаўны Бяляўскай.

Прыцягненне сацыяльных партнёраў прадпрыемстваў, арганізацый рэгіёна па напрамках работы лагера стала важнай умовай яго паспяховасці. Кожны дзень лагернай змены тры атрады выхаванцаў і каманда педагогаў адпраўляліся на праф­арыентацыйныя экскурсіі, дзе станавіліся ўдзель­нікамі майстар-класаў, прафесійных проб, сустрэч з прафесіяналамі на іх рабочых месцах. У занальным інстытуце раслінаводства навуковыя работнікі з такім натхненнем расказвалі ўдзель­нікам сустрэчы аб дасягненнях інстытута і аб навуковых даследаваннях, якія праводзяцца, што дзеці пераканаліся: гэтыя людзі жы­вуць сваёй справай, сваёй прафесіяй. На сучасным прадпрыемстве “Праймілк” старшакласнікі цікавіліся пытаннямі экалогіі і энерга­зберажэння, умовамі і формамі матывацыі працы работнікаў, запатрабаванымі прафесіямі, і, вядома ж, пачаставаліся смачнай прадукцыяй прадпрыемства.

Алена Аляксандраўна Федасеева, Людміла Анатольеўна Куралёва, Наталля Сямёнаўна Маліноўская і многія іншыя прафесіяналы дзяліліся з выхаванцамі сакрэтамі іх прафесійнага поспеху, арганізаваўшы для дзяцей майстар-класы. А прафесійныя пробы для будучых педагогаў, аграрыяў і правазнаўцаў дапамаглі атрымаць вопыт “пражывання” прафесіі і сфарміраваць сваю пазіцыю адносна сябе ў ёй. Здзейсніць адкрыцці ў галіне псіхалогіі асобы дапамог удзель­нікам лагернай змены гульнявы праф­арыентацыйны мультыпарк “Я і прафесія”, арганізаваны педагогам-псіхолагам Кацярынай Войцехаўнай Гайдукевіч.

Экскурс у гісторыю рэгіёна для выхаванцаў лагера адбыўся ў музеі “Гісторыя ўтварэння Шчучыншчыны”, музеі жанчыны, музеі гісторыі Шчучыншчыны, падчас пазнавальных квест-гульняў і віртуальных экскурсій.

Кожны дзень выхаванцаў акружалі вопытныя педагогі, дзяліліся сваімі ведамі, прафесійным вопытам, як роўныя абмяркоўвалі са старшакласнікамі праблемы сучаснай педагогікі, аграрнай справы, права. Культурна-адпачынкавыя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, працоўныя і экалагічныя дэсанты, гульня “Зарніца” і інтэлектуальныя турніры, экскурсіі па знакавых месцах Шчучыншчыны і майстэрня прафесійных адкрыццяў — усё гэта зрабіла незабыўным адпачынак і наблізіла да свету прафесій удзель­нікаў лагернай змены “Сузор’е”.

Гелена БАРОНІК, 
метадыст Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.