«Прымнажай славу справамі!» — пад такім дэвізам працуе педагагічны калектыў Браслаўскай гімназіі

- 9:00Главная, Образование

“Прымнажай славу справамі!” — пад такім дэвізам працуе педагагічны калектыў Браслаўскай гімназіі Віцебскай вобласці, які, пераняўшы лепшыя традыцыі навучання і выхавання ў рэгіёне, сфарміраваў свае эфектыўныя педагагічныя практыкі, знаходзіцца ў пастаянным інавацыйным пошуку, развіваецца і дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі. Пра вызначальныя напрамкі дзейнасці ўстановы і праекты новага навучальнага года карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар Алена Гірон.

Па прыкладзе настаўніцы

— Алена Браніславаўна, як сталася, што вы звязалі сваё жыццё з педагогікай?

— З самага дзяцінства я хацела вучыць дзяцей. З намі па суседстве жыла мая настаўніца пачатковых класаў Ніна Антонаўна Яроцкая. Для мяне яна была ўвасабленнем дабрыні, мудрасці, чалавечнасці. Менавіта Ніна Антонаўна ўласным прыкладам дэманстравала, што педагог — гэта прэстыжна, ганарова. І я гуляла ў школу і імкнулася быць падобнай на сваю настаўніцу. 

Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і атрымання спецыяльнасці “Філолаг. Выкладчык рускай мовы і літаратуры” спачатку працавала бібліятэкарам і педагогам-арганізатарам у маленькай сельскай школе — Чэрнеўскай базавай Браслаўскага раёна. Потым выкладала там рускую мову і літаратуру, была метадыстам раённага ВМК, некаторы час узначальвала Браслаўскі цэнтр дзяцей і мола­дзі. У гімназію прыйшла працаваць у 2019 годзе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Гэта вельмі цікавая сфера дзейнасці, вельмі жывая, ты заўсёды ў руху, ва ўзаемадзеянні з дзецьмі і калегамі, у ідэях, праектах. А ў 2021 годзе мне прапанавалі ўзначаліць гімназію, і я пагадзілася. Зараз паступова набіраюся вопыту. Многае хочацца зрабіць, планаў і ідэй шмат.

— Не страшна было ўзначаліць інавацыйную ўстанову адукацыі, якую добра ведаюць у краіне?

— Шчыра скажу, напачатку было страшна. Вялікі дзякуй і начальніку аддзела адукацыі, былому дырэктару нашай гімназіі Людміле Іванаўне Каптур, і педагогам, якія дапамагалі мне. Дзякуючы таму, што я ўжо працавала ў нашым калектыве, мне было крыху прасцей: я ведала людзей, а яны мяне.

У аснове маёй кіраўніцкай дзейнасці пакладзена некалькі асноўных прынцыпаў: сіла — у камандзе (вельмі сур’ёзныя і складаныя пытанні агульнымі намаганнямі вырашаюцца хутчэй, бо ў кожнага педагога ёсць веды і жыццёвы вопыт); менш слоў, больш справы (калі людзі праяў­ляюць ініцыятыву, удзельніча­юць у рэалізацыі праектаў, уно­сяць свой уклад у развіццё гімназіі, гэта дарагога варта); камфортная спрыяльная атмасфера ва ўстанове адукацыі, дэмакратычны стыль зносін, дзе і вучні, і педагогі мо­гуць прапаноўваць свае творчыя ідэі і праекты. Яшчэ вельмі важна для кіраўніка слухаць і чуць сваіх падначаленых, выхаванцаў.

Сучасны кіраўнік — гэта і менеджар, і гаспадарнік, і дызайнер, і метадыст, і настаўнік. Аддзяліць адно ад другога вельмі складана. Аднак я перш за ўсё настаўнік-практык.

У адрыве ад дзяцей, пераканана, кіраўніку існаваць немагчыма. Працуючы з навучэнцамі, разумею, чым дыхае сучасная моладзь, якія тэндэнцыі ў яе пераважаюць, бачу ўзровень яе развіцця і ведаю, у якім ключы працаваць і што патрабаваць ад калег.

Калі выкладаеш сам, то гэта мяняе погляд на выкладанне іншых прадметаў. Трэба сказаць, што сённяшняя моладзь у некаторай ступені муд­рэйшая за нас: яна больш практычная, дакладна разумее, што ёй неабходна і чаму. У большасці сваёй навучэнцы добра ўмеюць размяркоўваць свой час і не трацяць яго дарэмна.

Сіла — у камандзе

— Вы сказалі, што сіла — у камандзе. Раскажыце, калі ласка, пра сваю каманду. 

Я ганаруся тым, што ў нас склаўся дасведчаны высока­кваліфікаваны калектыў, згуртаваная каманда. Безумоўна, у кожнага педагога ёсць свой пункт гледжання, аднак у цэлым, калі неабходна штосьці ўвасобіць у жыццё, усе лёгкапад’ёмныя, ініцыятыўныя, творчыя. Склаўся касцяк педагогаў, якія звычайна прымаюць удзел у распрацоўцы ідэі альбо праекта, а ёсць тыя, хто проста падтрымлівае, далучаецца да рэалізацыі і ідзе ў нагу. Дарэчы, з 2001 года гімназія працуе ў інавацыйным рэжыме. У мінулым навучальным годзе мы завяршылі работу ў рэспубліканскім эксперыментальным праек­це “Апрабацыя мадэлі фарміравання полікультурнай асобы навучэнцаў шляхам навучання другой замежнай мове на адзнакавым узроўні на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Шмат поспеху гімназіі прыносяць настаўнікі-метадысты члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” Дзмітрый Мацкевіч, Вольга Лукша. Яны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы вучэбных праграм, падручнікаў, рэцэнзаванні матэрыялаў да ЦЭ і ЦТ, право­дзяць майстар-класы і семінары для калег і інш. Вынікова працу­юць настаўніца біялогіі Лілія Кугно, настаўніца матэматыкі і фізікі Анжэла Дзянісава, якія сёлета пад­рыхтавалі навучэнцаў-стабальнікаў, настаўніца інфарматыкі Ганна Гаспаровіч, настаўніца хіміі Тэрэза Максімовіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аксана Сіўко.  

У кожнага педагога можна знайсці станоўчыя бакі, зразумець, што яму блізка і ў якім ключы развіваць. І калі ты зловіш гэтую хвалю, то настаўнік прынясе такую вялікую карысць калектыву, што можна толькі дзіву давацца.

У нас у гімназіі вельмі ды­намічны стыль жыцця. У мяне, як і ў маіх калег, дзень пралятае ў секунду, гэта пастаянны інтэнсіў урокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў, грамадскіх спраў. На базе гімназіі праводзяцца раённыя мерапрыемствы. Мабыць, дзякуючы гэтаму, нашы дзеці больш разняволеныя, адкрытыя, сацыя­лізаваныя. І калі прыходзяць новыя настаўнікі, то хтосьці ўліваецца ў калектыў адразу, а хтосьці не вытрымлівае і сыходзіць з дыстанцыі. Дарэчы, ніколі не вазьму да сябе ў каманду абыякавага непрафесіянала, якому нічога не цікава.

Да нас прыходзяць і маладыя спецыялісты, яны прыўносяць свежы струмень, новыя ідэі. Вось і сёлета ў нашу каманду прыйшоў настаўнік англійскай мовы Мікіта Мужаў. Гэта выпускнік нашай гімназіі, якому, будзем спадзявацца, родныя сцены дапамогуць уключыцца ў прадукцыйную работу.

— Алена Браніславаўна, якія новаўвядзенні з’явіліся ў гімназіі дзякуючы вам?

— Адным з найбольш паспяховых праектаў з’яўляецца ініцыя­тыва “Гімназічны канал “ОкоТВ”. Дзеці паглыбляюцца ў атмасферу журналістыкі, самі з’яўляюцца карэспандэнтамі, рэдактарамі, рэжысёрамі, гукааператарамі, здымаюць відэаролікі. Зараз ніводнае раённае мерапрыемства не абыходзіцца без гімназічнага тэлебачання. Акрамя таго, дзякуючы “ОкоТВ”, гімназія аб’ядноўвае вакол сябе іншыя ўстановы адукацыі раёна, якія свае навіны накіроўваюць сюды. Вопыт рэалізацыі праекта адзначаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі на ХІХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі. Гімназістам вельмі падабаецца займацца журналістыкай, гэта разнявольвае і развівае іх. Думаю, знойдуцца і такія вучні, хто выбера прафесію, звязаную з гэтай сферай.

У маі 2023 года ў гімназіі сумесна з Браслаўскім раённым аддзелам унутраных спраў створаны ваенна-патрыятычны клуб “МаршБрасОК”, які садзейнічае выхаванню сапраўдных патрыётаў сваёй краіны.

Адно з негалосных правіл гімназіі гучыць так: “Калі мы будзем жыць і вучыць сёння так, як мы жылі і вучылі ўчора, мы ўкрадзём у нашых дзяцей заўтра”. А таму за апошнія гады гімназія значна рушыла наперад у пытаннях выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. ІТ-тэхналогіі актыўна прымяняюцца і ў кіраўніцкай дзейнасці, і ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе. У нас добрая тэхнічная аснашчанасць установы: каля 60 камп’ютараў, аб’яднаных у лакальную сетку, лінгафонны кабінет з персанальнымі монаблокамі, інтэрактыўныя дошкі, пяць мультыбордаў. Гэта дазваляе арганізоўваць заняткі на зусім іншым узроўні: з выхадам у інтэрнэт, з сувяззю з іншымі школамі (арганізацыяй тэлемастоў). І гэта вельмі падабаецца вучням.

Ініцыятыва заахвочваецца

— Пералічыце напрамкі, якія вызначаюць развіццё гімназіі сёння?

Грамадзянскае, патрыятычнае выхаванне, развіццё дзіцячых ініцыятыў — прыярытэтныя напрамкі нашай работы. Сёння нашаму грамадству патрэбны адукаваныя, духоўна багатыя, творчыя, прадпрымальныя людзі, якія ўмеюць самастойна прымаць адказныя рашэнні, прагназуючы іх магчымыя наступствы, здольныя да супрацоўніцтва, мабільныя, з развітым пачуццём адказнасці за лёс краіны.

У сувязі з гэтым мы павінны падрыхтаваць нашых навучэнцаў не толькі да жыцця ў існуючых сацыяльна-эканамічных умовах, але і да выкарыстання тэхналогій, якія яшчэ не вынайдзены, да будучых прафесій, якія яшчэ не з’явіліся ў свеце, і да вырашэння праблем, якія мы не можам сёння нават уявіць.

За больш чым дзесяцігоддзе ва ўстанове распрацавана 47 вучнёўскіх ініцыятыў, створана каля 15 каманд па іх рэалізацыі, у склад якіх увайшлі 63 гімназісты, падрыхтаваны дзясяткі творчых актывістаў. Мы выхоўваем навучэнцаў адказнымі грамадзянамі і ініцыятыўнымі партнёрамі дзяржавы, нераўнадушнымі і бескарыслівымі людзьмі, сапраўднымі лідарамі.

Для распаўсюджвання вопыту выхаваўчай работы ў гімназіі ў 2015 годзе быў створаны рэсурсны цэнтр “Развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў”. Цэнтр узначальвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Лукша. Напрамкі работы разнастайныя: патрыятычны, сацыяльны, даб­рачынны, прафілактычны, экалагічны, культурны, спартыўны, асветніцкі і інфармацыйна-прапагандысцкі. Сярод яркіх праектаў апошніх 5 гадоў — сацыяльныя ініцыятывы валанцёрскага атрада “Данка”, сайт “Наша агульная Перамога”, відэафільм “Генацыд на Браслаўшчыне” і інш. Дарэчы, у 2023 годзе атрад “Данка” разам з цімураўскім атрадам “Гарачыя сэр­цы” стаў пераможцам абласной міратворчай адукацыйнай акцыі “Наш свет — у нашых руках”.

Для рэалізацыі задум гімназісты вучацца арганізоўваць каманды, здольныя вырашаць лакальныя праблемы рэгіёна, арганізоўваць падтрымку сваіх ідэй рознымі людзьмі і арганізацыямі. Так, была ўнесена прапанова па стварэнні на беразе возера парку адпачынку “Ціхі парк”, зараз там абсталявана пляцоўка для заняткаў спортам, устаноўлены лаўкі. Дзякуючы ініцыятыве дзяцей, на прыпыначных пунктах з’явіліся лозунгі па лініі МНС. Гімназісты наблізілі будаўніцтва аўтастанцыі ў Браславе. Менавіта яны выйшлі на начальніка райвыканкама з ідэяй правядзення школьных баляў для таленавітай моладзі. І зімой прайшоў першы такі баль.

Яркі напрамак работы — “Экалагічны менеджмент”, які мае на мэце экалагічнае выхаванне і прывіццё навыкаў энерга- і рэсурсазберажэння ва ўсіх навучэнцаў і супрацоўнікаў школы пры пастаянным паляпшэнні стану навакольнага асяроддзя, зніжэнне выкарыстання прыродных рэсурсаў. У нас створаны экалагічны клас, праводзіцца цыкл мерапрыемстваў, працу­юць спецыялізаваныя лагеры, якія мы арганізоўваем больш за 10 гадоў.

Яшчэ адзін важны напрамак — гэта работа з адоранымі і таленавітымі вучнямі. Педагогамі гімназіі вядзецца сістэмная мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і даследчай дзейнасці. Гімназісты вынікова выступаюць на розных этапах алімпіяды па беларускай мове, матэматыцы, фізіцы, біялогіі. За апошнія 5 гадоў 8 гімназістаў сталі дыпламантамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, 3 прынялі ўдзел у заключным этапе і атрымалі дыплом і пахвальны водзыў. У абласных навукова-практычных канферэнцыях “Эўрыка”, “Я спазнаю свет” прынялі ўдзел 15 чалавек, 12 з якіх заваявалі дыпломы рознай вартасці. Нашы навучэнцы, выпускніца Паліна Адахоўская і дзевяцікласніца Настасся Гаспаровіч, сталі ўдзельнікамі адукацыйных змен у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

У праекце — музей СМІ

— Як гімназія падрыхтавалася да новага навучальнага года? І якія надзеі ўскладвае­це на яго?

—  Кожны год мы імкнёмся абнавіць вучэбныя кабінеты, рэкрэацыі. І гэты год не стаў выключэннем. Сёлета ва ўстанове зроблены новыя гардэробы для навучэнцаў, адрамантаваны дах, праведзены касметычныя рамонты кабінетаў. У нас устаноўлена спліт-сістэма. Праведзена доб­раўпарадкаванне гімназічнай тэрыторыі, на якой радуюць вока кветкавыя кампазіцыі. У рэкрэацыях створаны куткі для дзяцей, дзе на перапынках яны мо­гуць  адпачыць.

У новым навучальным го­дзе за парты селі больш за 200 навучэнцаў. У нас адкрыты групы педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. На павышаным узроўні навучэнцы вывучаюць матэматыку і фізіку, хімію і біялогію, гісторыю Беларусі і замежную мову. Пададзена заяўка на рэалізацыю інавацыйнага праекта па кібербяспецы. Акрамя таго, мы падрыхтавалі памяшканне пад рэалізацыю праекта, які прадставілі на жнівеньскай педагагічнай нара­дзе: стварэнне музея, прысвечанага сродкам масавай інфармацыі. Плануем таксама працаваць над павышэннем кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў. Гэта натуральна ў сітуацыі сённяшняга дня, калі, з аднаго боку, растуць запыты бацькоў і дзяцей, а з другога — змястоўна, тэхнічна і тэхналагічна інтэнсіўна абнаўляецца адукацыйнае асяроддзе.

Хочацца, каб новы навучальны год прынёс новыя дасягненні, каб нашы выпускнікі выбралі правільную жыццёвую дарогу, каб з’явіліся сярод іх і будучыя педагогі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара