У чацвер прэм’ер-міністр нашай краіны А.У.Кабякоў наведаў філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”. У сустрэчы прымалі ўдзел міністр адукацыі І.В.Карпенка, рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, члены нацыянальнай зборнай, якія хутка адправяцца на Міжнародны чэмпіянат WorldSkills у Абу-Дабі (ААЭ).
У пачатку сустрэчы І.В.Карпенка на прыкладзе каледжа прадставіў сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны і яе магчымасці ў падрыхтоўцы канкурсантаў да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, а таксама паведаміў аб укараненні міжнародных адукацыйных стандартаў у сферы прафесійнай адукацыі.
А.У.Кабякоў азнаёміўся з вучэбнай базай каледжа, дзе вядзецца падрыхтоўка канкурсантаў па кампетэнцыях “Аўтамабільныя тэхналогіі”, “Такарныя і фрэзерныя работы” і “Мехатроніка”, а таксама з арганізацыяй адукацыйнага працэсу навучэнцаў, з вучэбнымі кабінетамі, майстэрнямі і лабараторыямі. Кіраўнік урада наведаў рэсурсны цэнтр, на базе якога праводзіцца прафесійная падрыхтоўка кадраў для аўтасэрвісу і машынабудаўнічай галіны, павышэнне кваліфікацыі інжынерна-педагагічных работнікаў і майстроў вытворчага навучання.
Прэм’ер-міністра цікавіў змест заданняў, якія будуць выконваць удзельнікі нацыянальнай каманды, непасрэдна працэс падрыхтоўкі канкурсантаў, а таксама наяўнасць неабходных матэрыялаў і абсталявання. А.У.Кабякоў звярнуў увагу на неабходнасць пастаяннага ўдасканалення адукацыйных праграм з улікам сусветнага вопыту, новых тэндэнцый і запытаў рынку працы.
Эксперты, якія ўваходзяць у міжнародную экспертную супольнасць WorldSkills, расказалі, якія патрабаванні прад’яўляюцца да ацэнкі выканання конкурсных заданняў, а таксама пра асаблівасці правядзення конкурсных мерапрыемстваў па міжнародных стандартах. На пытанне прэм’ер-міністра ўдзельнікам беларускай зборнай, што дае ім рух WorldSkills, яны адказалі: конкурс прадастаўляе магчымасць прафесійна расці і развівацца, знаёміцца з новымі тэхналогіямі, абменьвацца вопытам з прадстаўнікамі іншых краін, ацэньваць свой узровень прафесійных уменняў на фоне міжнародных набыткаў. Акрамя таго, канкурсанты адзначылі, што іх удзел у міжнародных спаборніцтвах станоўча ўплывае на працаўладкаванне, іх запрашаюць працаваць на вядучыя прадпрыемствы і ў арганізацыі.
— Вашы перамогі з пункту гледжання эканамічнага эфекту і ў цэлым для грамадства я ацэньваю вельмі высока, — заявіў Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў. — Вынікі вашай работы прымнажаюць наш эканамічны патэнцыял і дапамагаюць забяспечваць рост дабрабыту людзей, паляпшаць наша жыццё. Таму Беларусь павінна дастойна выступіць на сусветным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства ў Абу-Дабі. І я жадаю вам поспеху!
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота БелТА.