Прыроджаныя даследчыкі

- 12:03Дашкольная адукацыя

Нястомная прага новых уражанняў, дапытлівасць, імкненне эксперыментаваць, самастойна шукаць новыя звесткі пра свет з’яўляюцца неад’емнымі рысамі дзіцячых паводзін. Даследаванне дае магчымасць дзіцяці самому шукаць адказы на пытанні “як?” і “чаму?”. Падчас эксперыментавання дашкольнікі вучацца супрацоўніцтву як з дарослымі, так і з аднагодкамі. Выхавальнік ясляў-сада № 53 Магілёва Святлана Анатольеўна Шантарова распрацавала картатэку доследаў і эксперыментаў для дзяцей: гульні-эксперыменты з пяском, вадой, снегам і каменьчыкамі. Вопыт пошукавых дзеянняў малышы набываюць у гульні.

Падчас даследчай дзейнасці дзіця знаёміцца з рэальным навакольным светам, з уласцівасцямі аб’ектаў і прычынна-выніковымі сувязямі, якія існуюць у свеце, асвойвае разнастайныя разумовыя аперацыі, мадэлюе свае паводзіны ў розных жыццёвых сітуацыях. Арганізоўваючы гульні, выхавальнік падахвочвае дзяцей да даследавання, параўнання, усталявання сувязей. Працуючы з дзецьмі, Святлана Анатольеўна прытрымліваецца наступных правіл: не прымушаць дзіця гуляць, а стварыць умовы для ўзнікнення цікавасці да гульні, не стрымліваць рухальную актыўнасць дзяцей, хваліць дзіця за поспехі.Належным чынам арганізаваная даследчая дзейнасць дазваляе дашкольнікам самім здабываць інфармацыю пра аб’екты і з’явы, якія вывучаюцца, а педагогу рабіць працэс навучання максімальна эфектыўным.
Эксперыментуючы з вадой, дзеці пераконваюцца ў тым, што ёй можна не толькі мыцца. У ваду можна апускаць розныя прадметы, вада можа ліцца, а можа пырскаць, яна не мае смаку і колеру, можа быць цёплай і халоднай і г.д. У сваёй дзейнасці Святлана Анатольеўна шырока выкарыстоўвае кінетычны пясок. Дзецям падабаецца, як ён свабодна “працякае” паміж пальцаў, не прыліпае да рук і паверхняў. Перабіраючы і перасыпаючы пясок рукамі ці лапаткай, дзеці развіваюць маторыку рукі, а таксама пазбаўляюцца эмацыянальнай напружанасці і адмоўных перажыванняў.Прыярытэтным у рабоце выхавальніка з’яўляецца выкарыстанне метаду праектаў у фарміраванні вобраза малой радзімы праз знаёмства выхаванцаў з прыродай роднага краю. Святлана Анатольеўна далучыла да гэтага праекта не толькі малышоў, але і іх сем’і. Вопыт работы выхавальніка па падрыхтоўцы разам з бацькамі эколага-краязнаўчых праектаў быў надрукаваны ў метадычных рэкамендацыях “Выкарыстанне метаду праектаў у эколага-краязнаўчай рабоце са старэйшымі дашкольнікамі” Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Людміла КІРКАЛАВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 53 Магілёва.