Прысвячэнне Купалу

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Прыгожыя вяночкі адпраўлены ў падарожжа па возеры, на школьнай сцэне паказваюць “Паўлінку” і ўсюды гучаць неўміручыя радкі вершаў класіка… Так у Сеніцкай сярэдняй школе прайшлі літаратурныя чытанні, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

Месца сустрэчы было абрана невыпадкова — некалі юны Іван Луцэвіч наведваў Сеніцкае двухкласнае народнае вучылішча, сёння Сеніцкая школа носіць імя паэта. У школе працуе літаратурны музей, які стаў цэнтрам патрыятычнага і грамадзянскага выхавання ўстановы. Экспазіцыі музея расказваюць аб жыццёвым і творчым шляху класіка беларускай літаратуры. У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, музейныя ўрокі, літаратурныя віктарыны і канферэнцыі, літаратурныя чытанні і гасцёўні, творчыя конкурсы, акцыі, сустрэчы. Матэрыялы музея выкарыстоўваюцца педагогамі пры падрыхтоўцы ўрокаў. Музей натхняе навучэнцаў на шматлікія даследаванні жыцця і творчасці Купалы. Літаратурныя чытанні пачаліся з экскурсіі па школьным музеі, якую правяла кіраўнік Марына Аляксандраўна Мазепіна.

Увазе ўдзельнікаў чытанняў прапанавалі цікавыя, змястоўныя выступленні. Галіна Юр’еўна Варонава, навуковы сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прадставіла прэзентацыю “Дарогамі Янкі Купалы”. Ігар Аляксандравіч Кунцэвіч, кіраўнік Музея транспартных войскаў, што ў Слуцку, у прэзентацыі “Ваенны дзённік Івана Луцэвіча” расказаў аб службе паэта ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай вайсковай акругі падчас Першай сусветнай вайны.

Выступілі на чытаннях і сеніцкія школьнікі — члены аб’яднання па інтарэсах “Музеязнаўства” Ксенія Лапко і Віта Седы прадставілі даследчую работу “Сеніцы — 450: старонкі гісторыка-культурнай спадчыны аграгарадка”. Дзяўчаты расказалі аб настаўніцы Янкі Купалы Алімпіядзе Сонцавай, а таксама сябрах і знаёмых, з якімі паэт меў зносіны падчас вучобы ў Сеніцкім вучылішчы.

У літаратурных чытаннях бралі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паэткі Святлана Быкава, Людміла Круглік і Рэгіна Рэўтовіч прачыталі свае творы, прысвечаныя Янку Купалу і роднай старонцы.

Цудоўнымі падарункамі ўсім удзельнікам чытанняў сталі творчыя выступленні навучэнцаў і педагогаў Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы. Дзеці прадставілі тэатралізаваную краязнаўчую рэканструкцыю “Яська Луцэвіч — вучань Сеніцкага народнага двухкласнага вучылішча”, а педагогі — інсцэніроўку п’есы “Паўлінка”. Госці мерапрыемства з задавальненнем узялі ўдзел у акцыі “Чытаем Купалу разам”, якую правяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы Тамара Іванаўна Прышчэпа.

У завяршэнне чытанняў яго ўдзельнікі запусцілі ў возера вяночкі. І словы, і справы, і кветкі — усё ў гэты дзень было прысвячэннем вялікаму таленту нашага паэта.

Фота прадастаўлена Сеніцкай сярэдняй школай імя Янкі Купалы.

Дар’я РЭВА.