Прыярытэт дзяржаўнай палітыкі

- 12:39Апошнія запісы, Рознае, Якасць адукацыі

Міжнародны кангрэс “Падтрымка адоранасці — развіццё крэатыўнасці” адбыўся ў Віцебску. Арганізатарам маштабнага навуковага форуму на базе ВДУ імя П.М.Машэрава выступіла Міжнародная акадэмія гуманізацыі адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Віцебскага аблвыканкама.

Як сёння вырашаецца ў розных краінах праблема ўзаемадзеяння з адоранымі і крэатыўнымі навучэнцамі школ, студэнтамі ВНУ, слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі, супрацоўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый? Якія дыягнастычныя інструменты выкарыстоўваюцца, каб раскрыць і развіваць асабовы патэнцыял такіх людзей? Якім чынам падтрымка адоранасці суадносіцца з вядомай у сусветнай педагогіцы канцэпцыяй інклюзіўнай адукацыі? Як павышаецца кваліфікацыя педагогаў у галіне ўзаемадзеяння з асабліва адоранымі і крэатыўнымі дзецьмі? Што змянілася ў падыходах да падтрымкі адоранасці і развіцця крэатыўнасці дзякуючы ўкараненню інфармацыйных тэхналогій? Ці ёсць узаемасувязь паміж ступенню праяўлення таленту маладых людзей і іх жыццёвымі ўстаноўкамі? Сваё бачанне і вопыт вырашэння задач у рамках тэмы “Педагагічнае ўзаемадзеянне ў гетэрагенным асяроддзі” прапанавалі калегам навукоўцы з 10 краін свету. У рабоце кангрэса таксама прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Будкевіч; намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Міхаіл Волкаў; прафесар Фондавага ўніверсітэта Хільдэсхайма (Германія) прэзідэнт Міжнароднай акадэміі гуманізацыі адукацыі (МАГА) Вольга Граўман; доктар педагагічных навук, прафесар, прарэктар па міжнароднай дзейнасці НаўДУ, віцэ-прэзідэнт МАГА, сапраўдны член Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі Міхаіл Пеўзнер; начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка; кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў; дырэктар гімназіі № 1 Віцебска Валянціна Шырокава; дырэктар гімназіі № 4 Віцебска Анатоль Аглушэвіч.

Арганізатарамі адзначана, што прапанаванае да абмеркавання праблемнае поле выклікана надзвычайнай актуальнасцю пытанняў сацыяльнай гетэрагеннасці, інклюзіі і талерантнасці ва ўсім свеце, што з’яўляецца вынікам уздзеяння розных фактараў — ад павелічэння патокаў міграцыі, эскалацыі міжэтнічных і міжканфесійных канфліктаў у полікультурным соцыуме да абвастрэння праблем інтэграцыі ў грамадства індывідаў і груп з асаблівымі патрэбамі. Адпаведна расце попыт на педагогаў, здольных праектаваць і развіваць інклюзіўную адукацыйную прастору ва ўстановах адукацыі і ўзаемадзейнічаць у гэтым асяроддзі з групамі навучэнцаў. Важным таксама з’яўляецца фарміраванне ў кіраўнікоў устаноў, прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй кампетэнцый, якія забяспечваюць іх здольнасць ствараць і развіваць карпаратыўную культуру гетэрагеннай арганізацыі, што забяспечвае працэс інклюзіі розных сацыяльных груп у адзіную супольнасць.
— Ідэя развіцця творчасці з’яўляецца канцэптуальнай для развіцця адукацыі ў многіх еўрапейскіх краінах. Упершыню кангрэс Міжнароднай акадэміі гуманізацыі адукацыі праходзіць у Беларусі. Трэба сказаць, што выбар месца правядзення і тэмы невыпадковыя, — паведаміла Вольга Граўман. — Вядома, што ў ВДУ ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага падтрымцы адоранай моладзі, наладжана трывалая сувязь са школамі ў гэтым напрамку дзейнасці. Да таго ж мы разам з’яўляемся ўдзельнікамі вялікага еўрапейскага праекта па праграме “Тэмпус”, прысвечанага праблеме гетэрагеннасці, адной з праяўленняў якой з’яўляюцца адоранасць і талент.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў кангрэса Аляксей Ягораў заўважыў, што нават у эпоху ІТ-тэхналогій жывыя зносіны застаюцца галоўным сродкам адукацыі, і пажадаў гасцям і партнёрам ВДУ плённай працы.
— У многіх краінах свету сістэма работы з адоранымі дзецьмі з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. І для Беларусі задачы яе далейшага развіцця і росквіту непасрэдна звязаны з фарміраваннем у краіне інтэлектуальнай эліты будучыні, — расказаў Васіль Будкевіч. — Таму мы падтрымліваем адукацыйныя праекты, накіраваныя на стварэнне спрыяльных умоў для падтрымкі творчай дзейнасці таленавітых навучэнцаў і студэнтаў. У нашай краіне праводзіцца вялікая работа па выяўленні і далейшым развіцці адоранай моладзі на ўсіх этапах навучання. На ўзроўнях агульнай сярэдняй, прафесійнай, дадатковай адукацыі ў навучэнцаў закладваюцца асновы фарміравання даследчых, інавацыйных навыкаў, выяўляюцца асабістыя здольнасці ў розных прадметных абласцях, удзяляецца вялікая ўвага развіццю інтэлектуальных здольнасцей. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі функцыянуюць школы юных — для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе не толькі выкладаецца тэорыя, але і праводзяцца заняткі ў вучэбных лабараторыях УВА, ажыццяўляецца падрыхтоўка да ўдзелу ў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах даследчых работ, алімпіядах па вучэбных прадметах.

Асобную ўвагу намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь засяродзіў на адным з прыярытэтных напрамкаў — алімпіядным руху. Многія гады зборныя каманды рэспублікі перамагаюць на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах, якія вызначаюць падмурак навукі, і тым самым уносяць неацэнны ўклад ва ўмацаванне аўтарытэту нашай дзяржавы на міжнародным узроўні. Так, за апошнія 5 гадоў прадстаўнікі Беларусі сталі ўладальнікамі 27 медалёў па матэматыцы, 23 — па фізіцы, 18 — па інфарматыцы, 16 — па хіміі, 12 — па біялогіі. Але недастаткова толькі знайсці таленавітых людзей, важна яшчэ прасачыць іх творчы рост да таго моманту, калі талент пачне прыносіць плён. Васіль Антонавіч нагадаў, што падтрымка маладых талентаў замацавана ў нашай дзяржаве на заканадаўчым узроўні, з’яўляецца сістэмнай і пастаянна ўдасканальваецца. Важнейшы складнік гэтай сістэмы — функцыянаванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Так, за 18 гадоў існавання фонду было вынесена больш за 28 тысяч рашэнняў аб заахвочванні навучэнцаў і студэнтаў, інтэлектуальных і творчых аб’яднанняў, педагагічных і навуковых работнікаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў. Толькі ў 2013 годзе савет фонду прыняў больш за 2 тысячы рашэнняў аб заахвочванні на агульную суму каля 5 мільярдаў рублёў.
— У нашай краіне, і ў прыватнасці на Віцебшчыне, робіцца вельмі многае для фарміравання агульнанацыянальнай сістэмы станаўлення талентаў, беражлівых адносін і эфектыўнага выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу нашага народа, — падкрэсліў Васіль Будкевіч.
У рамках кангрэса прайшлі пленарнае пасяджэнне і пасяджэнні секцый, панэльная дыскусія “Крэатыўнасць і шляхі яе развіцця”, працавала выстава вучэбна-метадычнай літаратуры, прысвечаная рабоце з адоранай асобай, праводзіліся майстар-класы па праблеме суправаджэння адоранай асобы, круглыя сталы, прэзентацыі вучэбна-навукова-кансульта-цыйных цэнтраў, інавацыйных пляцовак, Цэнтра псіхалагічнай дапамогі ўніверсітэта. Удзельнікі форуму наведалі і азнаёміліся з арганізацыяй суправаджэння адоранай моладзі ў гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 46 Віцебска, Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна. Па матэрыялах кангрэса будзе выдадзены зборнік артыкулаў.

Таццяна БОНДАРАВА.