Прыярытэт — моладзі

- 10:41Выхаванне

Клопат пра падрастаючае пакаленне — у прыярытэце дзейнасці выканаўчых улад на Магілёўшчыне. Праблемам і інтарэсам моладзі ўдзяляецца асаблівая ўвага на ўсіх узроўнях. У рэгіёне робіцца многае, каб кожны малады чалавек мог праявіць сябе ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі. Маладыя людзі паспяхова рэалізоўваюць сябе ў розных сферах жыцця грамадства. Значны ўклад Магілёўскага аблвыканкама ў рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі надоечы быў адзначаны граматай Міністэрства адукацыі.

Пры вылучэнні рэгіёна на першае месца ў краіне па ажыццяўленні мала­дзёжнай палітыкі ўлічвалася плённае міжведамаснае супрацоўніцтва, паспяховая рэалізацыя тэматычных праектаў, правядзенне маштабных маладзёжных міжнародных мерапрыемстваў.

— Дзяржаўная маладзёжная палітыка ў рэгіёне праводзіцца з улікам сучасных умоў, рэгіянальных магчымасцей, а таксама ініцыятыў самой моладзі. Мінулы год для Магілёва і ўсёй вобласці стаў асабліва знакавым. Горад прыняў эстафету мала­дзёжнай сталіцы Беларусі. Мы сталі рэспубліканскай і міжнароднай пляцоўкай для актыўных зносін моладзі, пошуку новых форм і метадаў уключэння моладзі ў сацыяльна-эканамічнае і грамадскае жыццё. У нас прахо­дзіла мноства акцый, фестываляў, праектаў. Характэрна, што часцяком ідэі правядзення акцый зыходзілі непасрэдна ад саміх маладых людзей, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Анатольеў­на Музычэнка.

 — Істотная роля ў працы з моладдзю — за педагогамі. Магілёўскія ўстановы адукацыі сёння функцыянуюць з улікам патрэб і інтарэсаў дзяцей. Арганізоўваецца мноства мерапрыемстваў, каб кожны малады чалавек мог паказаць сябе, выказацца і быць пачутым, — дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.

Па іх словах, выключнае значэнне сёння надаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. У рэгіёне гэтаму спры­яюць функцыянаванне ваенна-патрыятычных, культурна-гістарычных клубаў і цэнтраў, арганізацыя профільных лагераў, правядзенне зорных турыстычных паходаў, вахт Памяці, патрыятычных мерапрыемстваў. Моладзь дапамагае не толькі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, але і састарэлым, адзінокім людзям.

Амаль у кожнай навучальнай установе ёсць музей, зала, пакой або куток, у якім размешчаны сабраныя моладдзю матэрыялы пра родны край. Так, праект “Камсамол у маім лёсе”, прысвечаны 100-годдзю УЛКСМ, дазволіў злучыць два пакаленні. Водгук сярод мола­дзі атрымаў таксама праект “Нашы справы табе, мая малая радзіма!”.

Сваю грамадзянскую актыўнасць маладыя людзі могуць праявіць і ў маладзёжных парламентах, якія існуюць амаль ва ўсіх раёнах вобласці. Яны маюць магчымасць на справе паказаць свае арганізатарскія здольнасці, навучыцца кіраўніцкай дзейнасці. Самасцвярджэнню моладзі спры яе ўдзел у грамадскіх аб’яднаннях “БРСМ”, “БРПА” і іншых. Па выніках праведзенага па вобласці апытання, пераважная боль­шасць магілёўскай моладзі лічыць, што Беларусь — годная краіна для жыцця.

Фарміраванне ў моладзі прынцыпаў здаровага ладу жыцця таксама ў рэгіёне ў прыярытэце. Сёння Магілёўская воб­ласць валодае сучаснай спартыўнай базай. Ствараюцца ўмовы для развіцця папулярных экстрэмальных спартыўных кірункаў: варкаўта, велатрыяла, скейтбордынга. Спартсменамі рэгіёна на чэмпіянатах, першынствах свету і Еўропы ў мінулым годзе заваявана 107 медалёў, у тым ліку 6 — па алімпійскіх відах спорту.

— Значная ўвага ўдзяляецца развіццю кадравага патэнцыялу рэгіёна. Нам патрэбны як таленавітыя навукоўцы, так і маладыя і ініцыятыўныя лідары, прадпрымальнікі і аграрыі, урачы і настаўнікі. Таму сістэма адукацыі працуе на практыкаарыентаванасць падрыхтоўкі спецыялістаў, паглыбленне сувязей з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Ужо арганізавана работа па падборы прафесійна арыентаваных абітурыентаў. У мэтах удасканалення сістэмы бесперапыннай адукацыі сёлета працягнулі функцыянаваць 42 педагагічныя класы, якія налічваюць звыш 400 навучэнцаў. Для павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій адкрыты аграрныя класы на базе 53 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Прафесійная падрыхтоўка вучняў старшых класаў арганізавана ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У гэтым навучальным годзе амаль 2500 навучэнцаў атрымліваюць спецыяльнасць па 29 прафесіях, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.

На базе ўніверсітэта імя А.А.Куляшова арганізавана работа рэгіянальнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі з улікам асаблівасцей рэгіёна.

— Магілёўскі ўніверсітэт харчавання праводзіць значную работу па павышэнні кампетэнтнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Як вынік — 3 залатыя медалі на III Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018. У Беларуска-Расійскім універсітэце ствараецца мадэль “Універсітэт 3.0”. Развіццю навукі ва ўстанове вельмі спрыяе функ­цыянаванне Цэнтра трасферу тэхналогій, а таксама адкрыты летась новы вучэбны корпус са шматлікімі навукова-эксперыментальнымі лабараторыямі, — расказаў У.У.Рыжкоў.

У выніку правядзення маладзёжнай кадравай палітыкі звыш 600 маладых людзей уключаны ў перспектыўны кадравы рэзерв гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

— Штогод лепшым навучэнцам, студэнтам і маладым работнікам прысуджаецца спецыяльная прэмія Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы з уручэннем дыплома і грашовай узнагароды ў памеры 50 базавых велічынь. Стыпендыі пераможцам алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, моладзі, якая мае высокі ўзровень дасягненняў у працоўнай і грамадскай дзейнасці, заснаваны ў многіх гар(рай)выканкамах. Сацыяльная падтрымка ажыццяўляецца таксама шэрагам прадпрыемст­ваў і арганізацый. Разам з гэтым штогод каля 200 маладых лю­дзей заахвочваюцца спецыяльным фондам прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, — падкрэсліла Кацярына Анатольеў­на Музы­чэнка.

Клопат пра моладзь на Магілёўшчыне — у цэнтры ўвагі. Работа з маладымі людзьмі вядзецца на належным узроўні і прыносіць чаканыя вынікі. Аднак яе ўдасканаленне будзе працягнута. У перспектыве — далейшае развіццё патэнцыялу моладзі праз прадукцыйнае міжведамаснае супрацоўніцтва, бо менавіта адчуванне ўсебаковай падтрымкі матывуе маладых людзей станавіцца ініцыятарамі пазітыўных змен у грамадстве.

Адрэй Міхайлавіч КУНЦЭВІЧ, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама:

— У рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне мы працуем па ўсіх напрамках, але адштурхоўваемся ад трох асноўных задач. Найважнейшая з іх — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі моладзі. Па-новаму паглядзець на формы ўзаемадзеяння з моладдзю нам дапамагло прыняцце ў мінулым годзе эстафеты маладзёжнай сталіцы Беларусі. Дзякуючы гэтай ініцыятыве, у горадзе былі рэалізаваны праекты, якія матывавалі магілёў­скую моладзь на актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі”, фестывальны праект “Звездочёт”, фестываль маладзёжнай творчасці “Усе таленты табе, мой Магілёў!”, фестывалі “Вялікі дзень фізічнай культуры”, “Вялікі гарадскі пікнік”, інклюзіўны праект “Магілёў — горад дабра”. Многія з іх ініцыіравалі самі маладыя людзі, частка гэтых праектаў нарадзілася на пасяджэннях гарадскога маладзёжнага парламента.

Яшчэ адна з найбольш важных задач у рабоце з моладдзю — эфектыўная праф­арыентацыя. Сур’ёзную ролю ў вырашэнні гэтага пытання адыгрываюць установы адукацыі. Займаючыся прафесійным навучаннем старшакласнікаў сёння, мы ўплываем на сітуацыю на рынку працы заўтра.У прыярытэце ў кіраўніцтва вобласці таксама работа, накіраваная на замацаванне маладых кадраў. Тут рэй вядзе старшыня аблвыканкама Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі. Мы разумеем, што далейшае развіццё рэгіёна завязана на патэнцыяле маладых людзей, таму органы ўлады адкрыты для іх. Усюды праводзяцца сустрэчы з маладымі спецыялістамі і працоўнай моладдзю, навучэнцамі і студэнтамі. Нефармальныя зносіны дазваляюць паглыбляцца ў інтарэсы і праблемы маладых людзей, аказваць ім неабходную своечасовую падтрымку.

Не забываем мы і пра патрыятычнае выхаванне. Гэта трэцяя з прыярытэтных задач у рэалізацыі ў рэгіёне маладзёжнай палітыкі. Напярэдадні такіх важных дат, як 75- годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 25-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выхаванне падрастаючага пакалення патрыётамі становіцца асабліва значным.

У цэлым жа ў рабоце з моладдзю ў рэгіёне робіцца ўпор на міжведамаснае су­працоўніцтва. Сёння гаварыць пра тое, што пытанні маладзёжнай палітыкі — гэта прэрагатыва толькі сістэмы адукацыі або нейкага іншага ведамства, няправільна. У рэалізацыі маладзёжнай палітыкі задзейнічана шырокае кола спецыялістаў рознага профілю. Маладзёжная палітыка вельмі шматгранная, і нельга абмяжоўваць яе нейкімі канкрэтнымі рамкамі. Гэта досыць рухомая сістэма, і яна павінна пастаянна мяняцца, зыходзячы з сучасных жыццёвых рэалій.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.