Прызёр — Дар’я ЗаЛЕСкая, якая перажывае За ЛЕС

- 12:10Навіны рэгіёнаў, Рознае

Дар’і Залескай, здаецца, лёсам было наканавана ўдзельнічаць у Міжнародным юніёрскім лясным конкурсе. І нездарма ў яе прозвішчы схавалася слова “лес” — дзяўчына стала прызёрам гэтага конкурсу.

Міжнародны юніёрскі лясны конкурс праводзіцца Раслясгасам з 2004 года для прыцягнення ўвагі сусветнай грамадскасці да праблем захавання лясоў. Конкурс дае магчымасць моладзі розных краін свету абменьвацца экалагічнымі ведамі і практычным вопытам. З 2015 года конкурс атрымаў афіцыйную падтрымку ўрада Расійскай Федэрацыі.

На конкурсе, які адбываўся ў Пецяргофе пад Санкт-Пецярбургам, прадставілі свае даследчыя работы маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 22 гадоў з Еўропы, Азіі, краін СНД, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Конкурсныя работы былі прысвечаны тром тэмам: “Лесазнаўства і лясная гаспадарка”, “Экалогія лясных жывёл” і “Экалогія лясных раслін”.

З 45 юніёрамі з 29 краін свету спаборнічала і беларуска Дар’я Залеская — навучэнка Старобінскай сярэдняй школы Салігорскага раёна. Дзяўчына вучыцца ў 10 класе, але ўжо зараз яе можна назваць сур’ёзным даследчыкам, у яе багаты вопыт стварэння грунтоўных даследчых работ. Яе імя значыцца ў спісе прызёраў мноства конкурсаў і канферэнцый. Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Наталлі Мікалаеўны Грынько Даша стварыла рэчыва, якое можа папярэдзіць лясныя пажары, пры гэтым яно вырабляецца з простых кампанентаў і не наносіць лесу ўрон. Усё гэта дзяўчына адлюстравала ў сваёй конкурснай рабоце “Прафілактыка лясных пажараў з дапамогай экалагічна чыстага інгібітару гарэння”, за якую была ўдастоена 2-га месца XIII Міжнароднага юніёрскага ляснога конкурсу. Ад лідара конкурсу — Аляксея Грыгор’ева, прадстаўніка Расійскай Федэрацыі, — Дашу аддзяляў усяго адзін бал. Другую прыступку п’едэстала гонару дзяўчына раздзяліла з удзельніцай конкурсу з Кітая. Акрамя прызавога месца, Дар’я атрымала таксама спецыяльны прыз — сертыфікат на льготнае паступленне ў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны лесатэхнічны ўніверсітэт імя С.М.Кірава і павышаную стыпендыю пры навучанні ва ўстанове.

Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва Д.Залескай.