Птушыная экзотыка з беларускай прапіскай

- 11:35Навіны рэгіёнаў

Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Гэтую ісціну Сяргей Шакала ўсвядоміў яшчэ ў дзяцінстве, калі ў яго доме з’явіўся першы крылаты жыхар. І вось ужо больш за 30 гадоў яго дом і двор напаўнены птушыным шчэбетам. Сёння мы ў Нясвіжы ў гасцях у Сяргея Шакалы, арнітолага і прафесійнага разводчыка дзікіх і экзатычных птушак.

Захапленні родам з дзяцінства

Заварочваючы з асенніх пахмурных вуліц Нясвіжа ў двор Сяргея Ільіча, узнікае адчуванне нерэальнасці, быццам трапляеш у казку. Толькі створана яна не фантазіяй, а карпатлівай працай гаспадароў. Кастрычніцкі пейзаж саду ўтвараюць сотні, калі не тысячы раслін, якія перакачавалі сюды, на беларускую зямлю, з розных краін свету. Ядлоўцы і туі, кіпарысавікі і піхты, лістоўніцы і конікі, кактусы і архідэі, магноліі і рададэндраны, дзясяткі сартоў руж, лілей, клемацісаў і безліч іншых раслін, дзякуючы Сяргею і яго жонцы, біёлагу па адукацыі, пераўтварылі некалькі гадоў назад бульбяное поле ў батанічны міні-сад. Ён стаў домам для мноства экзатычных птушак. Сярод яркай квецені і зеляніны размясціліся прасторныя вальеры з летнімі і зімовымі цёплымі памяшканнямі, у якіх, нібы ў вітрынах, красуюцца не толькі аўстралійскія і афрыканскія, але і беларускія ара, жако, амазоны, какаду.

“Мне з маленства падабалася важдацца з кветкамі, каменьчыкамі, — расказвае Сяргей Ільіч пра свае захапленні. — Яшчэ да школы сабраў велізарную калекцыю акамянеласцей: белімнітаў, трэлабітаў, малюскаў і інш. Сур’ёзна захаплялі мяне матылі, а з 1 класа яшчэ і жукі, потым — акварыумныя рыбкі. Паралельна захапляўся вывучэннем раслін, выпісваў адпаведную літаратуру — яе мне дасылалі вялізнымі скрынямі на адрас бібліятэкі. Жыў тады ў Брэсце ў прыватным доме. На ўчастку высаджваў шмат лекавых, рэдкіх раслін і кожную раніцу, перад школай, выбягаў паглядзець, што ўзышло за ноч, што падрасло, што паспела. Эксперыментаваў з раслінамі, рабіў прышчэпкі, вырошчваў дома цытрусавыя”.

Цікава, што ніводнае дзіцячае захапленне Сяргея не засталося ў мінулым. У доме — калекцыі самых прыгожых матылькоў з усяго свету, два гіганцкія акварыумы (а хутка рыбы паселяцца і ў паўтаратонным акварыуме), калекцыя цытрусавых, у якой сёння больш за 90 відаў і гатункаў, сярод іх і ўласна выведзеныя. У садзе адточвае майстэрства ландшафтнага азелянення. Дарэчы, батаніка магла ста ць прафесіяй С.Шакалы, калі б яго брат не перадаў Сяргею ў дзяцінстве любоў да птушак.

“Барыс быў у 5 класе, а я толькі прыйшоў у школу. У брата было шмат агульных сшыткаў, у якіх ён маляваў птушак. Тады кніг-вызначальнікаў не было, і Барыс маляваў птушак па апісанні. Мяне раздражняла, што ён гэта ўмеў, а я — не. І я заўсёды, калі брата не было дома, раскрываў яго сшыткі і зрысоўваў птушак сабе. Ён цудоўна вызначаў птушак па галасах. Гуляем неяк па лесе, і брат кажа: “Чуеш? Гэта завірушка”. А я не магу здагадацца, хто там што спявае ў гэтым лясным хоры. Таму імкнуўся разабрацца, а Барыс мне ахвотна дапамагаў”, — успамінае Сяргей.

З 8—9 класа Сяргею было ўжо цікава не толькі назіраць за крылатымі сябрамі, але і ўтрымліваць іх дома. Аднойчы, калі ён сядзеў у бібліятэцы за кнігамі пра птушак, пазнаёміўся з арнітолагам. Ён даў хлопцу першага шчыгла. Потым з’явіліся канарэйкі, чарнабровы кенар. З кожным годам у братоў з’яўлялася ўсё больш і больш крылатых гадаванцаў: снегіры, зеляніцы, канарэечныя ўюркі, урагусы, шчуры, вусатыя сініцы, дубаносы…

Пазней, калі Сяргей вучыўся на геабіяфаку Брэсцкага педінстытута, ён з братам стварыў Брэсцкую секцыю аматараў пеўчых дэкаратыўных птушак. Яна аб’яднала з дзясятак зацікаўленых чалавек, і іх заўважыла таварыства аховы прыроды. Члены секцыі праводзілі першыя выставы дзікіх птушак у Брэсце, штогод па два разы прадстаўлялі Беларусь на міжнародных выставах, якія праходзілі ў Савецкім Саюзе і ў Еўропе. Менавіта дзякуючы гэтым паездкам у кампаніі дзікіх птушак з’явіліся і экзатычныя папугаі.

38 папугаяў… з гакам

Дробных папугаяў Сяргей з Барысам прывозілі найчасцей з Чэхіі і заўсёды марылі ўжывую ўбачыць вялікіх. І неяк старшыня таварыства аховы прыроды расказала пра сваю знаёмую, якая прывезла з Кубы амазона, але ён ёй надакучыў і яна хацела яго прадаць. Лепшага падарунка для свайго брата напярэдадні дня нараджэння Сяргей і прыдумаць не мог. Яго павышанай стыпендыі якраз хапіла на папугая. Праз год браты знайшлі яму пару, а яшчэ праз год з’явілася патомства. Гэта быў першы выпадак у СССР, калі кубінскія амазоны сталі бацькамі ў няволі.

Сяргей сур’ёзна захапіўся тэмай развядзення гэтых папугаяў. Пазней нават стварыў групу па захаванні кубінскага амазона ў Беларусі, бо птушка — чырванакніжніца. Ён ведаў каля 40 птушак у Беларусі, і 15 з іх тады набыў. Сваёй прыгажосцю амазон падкупляў многіх, але ўтрымліваць яго не ва ўсіх атрымлівалася. Трапічныя птушкі любяць паесці смачна і дорага, замена фруктовай экзотыкі і прывычных арэхаў на зерневую сумесь з заамагазіна прыводзіла іх да гібелі. У Сяргея ж яны цудоўна сябе адчувалі і адчуваюць сёння. Сваім гадаванцам арнітолаг ні ў чым не адмаўляе. З гаспадарскага стала аддае самае лепшае, а з кашалька — найбольшае. Кажа, што толькі так можна заваяваць іх любоў і атрымаць патомства.

Захапленне птушкамі перарасло не толькі ў прафесію (скончыўшы інстытут з адзнакай і аспірантуру, Сяргей 10 гадоў працаваў арнітолагам у Інстытуце заалогіі Акадэміі навук Беларусі, напісаў звыш 40 навуковых прац у галіне арніталогіі і батанікі), але і ў цікавасць да ўтрымання і развядзення птушак у няволі. З 1984 года Сяргей Шакала — член Інстытута па вывучэнні папугаяў (Оберхаўзен, Германія), аўтар публікацый па ўтрыманні і развядзенні птушак.

Пачынаючы экскурсію ля вальераў з дзясяткамі птушак, Сяргей адзначае, што гэта толькі частка птушак. Прыкладна столькі ж у яго брата ў Брэсце. Колькі ўсіх, Сяргей нават не ведае, для яго галоўнае не колькасць, а ўнікальнасць.

“Чым складаней птушку развесці, тым мне гэта цікавей, — гаворыць Сяргей Ільіч. — Набываць птушку я не мог, бо яны вельмі дарагія. Мне ў гэтым дапамагалі птушаняты ўжо разведзеных папугаяў. Так, патомства кубінскіх амазонаў я абмяняў у Германіі на жако. Ад жако мы чакалі патомства 12 гадоў. Птушанят какаду, вельмі складаных у развядзенні, мы чакалі 8 гадоў. Толькі зеленакрылыя ара Дэста і Марсік, якіх я купіў у 15 і 18 гадоў, што ў папугаяў лічыцца палаваспелым узростам, вывелі сваё патомства ўжо праз 2 гады, пасля таго як я іх прывёз з Масквы.

Прадаўшы патомства розных птушак, я мог дазволіць сабе патраціць 6 тысяч долараў за аранжавахохлага какаду. Гэта ўжо яго дачка Прынцэса, а там, за перагародкай — самец Шах, таксама з нашага вывадка. Бяда ў тым, што самцы вельмі азартныя, нават агрэсіўныя, у няволі ў 6 выпадках з 10 самец забівае самку, таму мы размяжоўваем іх перагародкай. Каб гэтага не адбывалася, ім трэба вальер, зарослы кустарнікамі, дрэвамі з дупламі, каб самка магла хавацца. Але стварыць такія ўмовы могуць нямногія, таму гібель самак высокая.

А гэта мая любімая птушка — кардынал чырвоны паўночнаамерыканскі. Я заўсёды хацеў набыць сабе гэтую птушку і некалькі гадоў назад купіў. У Паўночнай Амерыцы ён такі ж распаўсюджаны, як у нас верабей, але разводзіць, дакладней, гадаваць кардынала ў няволі вельмі складана. Штогод я атрымліваў па 3—4 вывадкі, але за 4 гады выжылі толькі двое птушанят. Усе гінулі. Галоўная праблема ў корме. Зімой яны харчуюцца толькі зернем — і праблем ніякіх няма. Затое ўвесь летні сезон сілкуюцца толькі насякомымі, прычым розных відаў. Кардыналаў неабходна карміць кожныя 2 гадзіны і кожныя 3—4 дні даваць новы від насякомых. А гэта стамляе, ты страчваеш пільнасць: калі, здавалася б, птушаняты ўжо падраслі, самі ядуць, лётаюць, і ты спрабуеш хаця б павялічыць інтэрвалы кармленняў — усе адно за адным гінуць. Прападаюць і птушкі, і каласальныя намаганні па іх гадоўлі таксама дарэмныя.

Я ўжо сабаку з’еў на выкормліванні рэдкіх птушак. І, без пахвальбы, ведаю, што ў Беларусі ніхто дакладна столькі рэдкіх птушак не выкормліваў (іх лік у мяне ідзе на сотні). Я прывожу для іх кармы з Англіі, Бельгіі, Галандыі, Італіі, Іспаніі, такія чарадзейныя сумесі раблю, а ўсё дарэмна — птушкі гінуць. Я сам разводжу насякомых на корм, але гэтага мала. Папугаям штодзень неабходна некалькі кілаграмаў прусакоў, цвыркуноў, заафобасаў, мучных чарвей і інш. Таму купляю іх у разводчыкаў насякомых — яны ўжо ёсць у Беларусі. Толькі сёлета, калі я стаў удзяляць ім шмат увагі, часам кругласутачна, папугаяў удалося выгадаваць.

А гэта какаду інкі. Іх нават у Еўропе мала разводзяць, упершыню там вывелі патомства ў 1992 годзе. Сваіх першынцаў гэтыя папугаі вывелі ў мяне 5 гадоў назад. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза гэта таксама было ўпершыню. А сёлета птушаняты вывеліся і ў Маскве. Праўда, гэтаму паспрыялі 87 рабочых гадавальніка. Пры развядзенні інкі галоўнае, каб пара была дружнай, іх з маленства трэба гадаваць і выхоўваць разам, для чаго неабходна па ДНК вызначаць пол самца і самкі. Складанасць у тым, што гэтага ў Беларусі не робяць. Я адпраўляю пер’е для аналізу у нямецкі Білефельд, дзе ёсць дзве спецыялізаваныя лабараторыі.

Увогуле, маім еўрапейскім калегам птушак утрымліваць прасцей, бо там ёсць усе неабходныя для гэтага ўмовы. У Беларусі, на жаль, нават надзейных кармоў няма. У нас прадаюць корм, пазначаючы “Для вялікіх папугаяў”. Гэта смешна. Такога быць не можа. Кожная птушка — індывідуальная. Рацыён амазонскіх папугаяў, якія жывуць у Цэнтральнай Амерыцы, будзе кардынальна адрознівацца ад рацыёну какаду інкі, які родам з пустыні Цэнтральнай Аўстраліі. У Еўропе на паліцах ужо даўно корм класіфікуецца па відах папугаяў — для ара, амазонаў, какаду і інш. Ёсць нават індывідуальны корм: асобны для ара гіяцынтавага, свой для ара сіне-жоўтай, для сінягорлай — іншы. Можна купіць корм для снегіроў, чыжыкаў, шчыглоў і інш”.

Сціпласць дзікіх птушак супраць каляровага шыку

Дарэчы, дзікія птушкі, якіх Сяргей любіць з дзяцінства, не перашкаджаюць яго захапленню экзотамі. Іх сціплая, хоць не такая яркая, як у папугаяў, прыгажосць замілоўвае Сяргея. Сёння ў яго жывуць ажно 12 соў, у прасторных вальерах, у якіх створаны блізкія да прыродных умовы і ландшафт з зараснікамі хмызнякоў і дрэў, паспяхова гняздуюцца белавочкі далёкаўсходнія і бурабокія, аўсянкі рэмез, канарэечныя ўюркі, мексіканскія чаронашнікі, жаўтагорлыя аўсянкі, некалькі кардыналаў. Многія птушкі знаходзяць прытулак у садзе Сяргея самі і, папоўніўшы свае сем’і, разлятаюцца па навакольных лясах. Так, сёлета гнездавалася нават зялёная перасмешка, а валасянка-завірушка выседзела ажно 4 вывадкі.

Як дома тут сябе адчуваюць і павялічваюць свае сем’і вялікія каўказскія чаронашнікі, якія могуць жыць толькі на горным Каўказе, далёкаўсходнія чорнагаловыя дубаносы, многія дробныя вераб’іныя, урагусы — даўгахвостыя снегіры. Сёлета Сяргей паспрабуе развесці малых чорнагаловых дубаносаў, каўказскіх чаронашнікаў і некаторых іншых. Потым арнітолаг зможа выпускаць іх у экалагічны запаведнік. А яшчэ ў планах Сяргея Шакалы — вучыць людзей, якія ўтрымліваюць у сябе экзатычных птушак, іх правільна даглядаць. Засталося толькі навучыцца знаходзіць у сваім шчыльным графіку хаця б невялікія паўзы для гэтага.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.