Пункт узлёту

- 13:07Культура

Пра што нагадала абарона дыпломных работ у навучальнай установе, якая падарыла некалькіх лаўрэатаў першай Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.

Сёлета ў Беларусі ўпершыню была прысуджана Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Сярод тых, хто яе атрымаў, былі і тыя, чый шлях у мастацтва пачынаўся ў сценах унікальнай навучальнай установы, цяпер яна называецца ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка”. Тут вучацца адораныя дзеці з усёй Беларусі. У намінацыі “Графіка” прэмію атрымаў старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца, які шмат гадоў назад хлапчуком прыехаў вучыцца ў сталіцу з Петрыкаўскага раёна (адным з першых настаўнікаў у яго быў выдатны жывапісец П.П.Шарыпа), у намінацыі “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” — сакратар Саюза беларускіх мастакоў Глеб Отчык (ён зусім юным прыехаў у сталіцу з Гомеля, вучыўся ў майстэрні вядомага жывапісца, цяпер намесніка дырэктара Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка П.С.Багданава), у намінацыі “Скульптура” — сёння выкладчыкі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Паліна Пірагова і Васіль Цімашоў (выхаванцы вядомага маладога скульптара П.В.Ляонава, якія прыехалі вучыцца з Наваполацка). Сёлета ў Паліны Піраговай у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка быў першы выпуск. І, углядаючыся ў дыпломныя работы яе выхаванцаў, кожны міжволі лавіў сябе на думцы, што, магчыма, бачыць першыя творы будучых вядомых ва ўсім свеце майстроў. А я падумала пра тое, што самае дарагое ў сістэме нашай адукацыі — гэта традыцыі, якія складваюцца гадамі і перадаюцца з рук у рукі.

У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, куды прыязджаюць паступаць на музычнае аддзяленне ў 2 клас, а на мастацкае — у 5 клас таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі з розных вёсак і гарадоў нашай рэспублікі, за больш чым 50 гадоў плённай працы склалася шмат добрых і вельмі важных для выхавання адораных дзяцей традыцый. Будзе нагода, абавязкова падзелімся вопытам выхавання юных музыкантаў і спевакоў (імёны многіх вядомыя далёка за межамі нашай краіны). Сёння ж мы паспрабуем выявіць некаторыя традыцыі ў галіне выхавання мастакоў. Але спачатку назавём знакавыя імёны выпускнікоў — скульптараў (аўтар помніка Францыску Скарыну ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Дранец, аўтар помніка Сымону Буднаму ў Нясвіжы, рэльефаў у Палацы Незалежнасці Святлана Гарбунова), жывапісцаў (у свой час выпускнікі майстэрні народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага Алесь Ксяндзоў, Віктар Альшэўскі, Фелікс Янушкевіч, выдатны эксперыментатар Руслан Вашкевіч), графікаў (Уладзімір Вішнеўскі, Павел Татарнікаў, якія не толькі ствараюць станковыя кампазіцыі, але і аформілі шмат кніг), майстроў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (аўтар выдатных кампазіцый у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у многіх музеях і грамадскіх будынках Ула­дзімір Крываблоцкі), мастакоў па тканінах, мадэльераў, дызайнераў (мастак ансамбля “Харошкі” Валянціна Піскун, дызайнер Сяргей Войчанка, загадчык кафедры аб’ёмнага дызайну БелАМ Алесь Фаменка). Але з не меншым гонарам выкладчыкі Гімназіі-кале­джа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка расказваюць пра тых выпускнікоў, якія працуюць у розных куточках Беларусі, знаходзяць, выхоўваюць таленавітых дзетак, а самых-самых адораных прывозяць паступаць у іх родную навучальную ўстанову.

Калі па праўдзе, то ўпершыню сістэму бесперапыннай прафесійнай адукацыі напоўніцу выкарысталі на пачатку ХІХ стагоддзя ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, да паступлення ў якую дзяцей рыхтавалі з 12 гадоў (як цяпер у Гімназіі-каледжы мастацтваў). У такой сістэме вучыліся А.Кіпрэнскі, К.Брулоў, А.Іванаў і інш. Але склаліся свае прыступкі да пункта ўзлёту кожнага з адораных прыродай вучняў і ў беларускай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, пра якую мы вядзём гаворку.

Прыступка першая

Юны талент шукае Майстра

Хаця наяве сёння хутчэй Майстар шукае юныя таленты. Ужо некалькі гадоў калектыў Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, які цяпер узна­чальвае кандыдат педагагічных навук М.А.Пазднікаў, рэалізуе праект “Мы — для дзяцей!”. “Настаўніцкая газета” і іншыя СМІ пісалі пра тое, як лепшыя выкладчыкі музыкі і выяўленчага мастацтва выязджаюць у раённыя гарады, вёскі і праводзяць сустрэчы з таленавітымі дзецьмі, іх настаўнікамі і бацькамі, майстар-класы, канферэнцыі… Многія потым едуць пасту­паць у Гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і менавіта тут знаходзяць свайго Майстра.

Як знайшлі яго выпускнікі майстэрні скульптуры Паліны Піраговай.

На сёння каля будынка Гімназіі-каледжа мастацтваў, які ператвараецца ў са­праўдны музей, складваецца парк скульптуры. І сёлета пад кіраўніцтвам Паліны Піраговай і яе настаўніка Паўла Ляонава былі выкананы дыпломныя работы, якія ўспрымаюцца як застылыя вобразы-сімвалы роднай для іх навучальнай установы. Валерыя Бірала ў сваёй кампазіцыі “Адбітак” быццам адкрыла свету душу каменя, які апрацавала так, што ён нагадвае сілуэт жанчыны, якая ахоўвае сваё дзіця. А Ілья Лаўніковіч, з’яднаўшы асобныя кавалкі металу, “Гісторыю ў метале” ўвасобіў у шчыце, на якім выяўляецца ахоўны крыж. У гэтым творы адчуваецца рэха выдатнага праекта, рэалізаванага год назад пад кіраўніцтвам выдатнага скульп­тара і выкладчыка Івана Арцімовіча “Час магнатаў”, пра які пісала і “Настаўніцкая газета”.

Арыгінальна прадставіла “Міфалогію” ў шамоце Хрысціна Макаранка. Арына Лазар стварыла з дрэва “Кроплю жыцця”, дзе адлюстроўваецца цэлы свет. А Анастасія Канашэвіч распрацавала выключную па арыгінальнасці дзіцячую пляцоўку з пясочніцай “Анімалістычны свет”, якая, хочацца верыць, будзе заўважана і рэалізавана.

Прыступка другая

Майстар дапамагае стаць на крыло

У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка пра­цуюць сапраўдныя майстры сваёй справы. Практычна ўсе выкладчыкі мастацкага аддзялення з’яўляюцца сябрамі Саюза беларускіх мастакоў, шмат працуюць творча, актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах, выстаўках, конкурсах. Маладыя вучацца ў магістратуры і аспірантуры, на курсах, павышаюць свой досвед у педагогіцы. Потым пішуць метадычныя распрацоўкі, кнігі, ладзяць выстаўкі. Дарэчы, сярод сёлетніх выпускнікоў ёсць некалькі пераможцаў Рэспубліканскага мастацкага конкурсу. І гэта дзякуючы таму, што ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе паводле праграмы паступова засвойваюцца ўсе асновы акадэмічнай школы малюнку, жывапісу, скульптуры, кампазіцыі. Дарэчы, летась з-за таго, што не было набору на аддзяленне скульп­туры ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, адзін з лепшых выпуск­нікоў Ян Леўша паехаў паступаць у вышэйшую мастацкую навучальную ўстанову ў Львоў (Украіна) і быў прыняты адразу на… 3 курс.

У вядомай мастачкі Алены Бараноўскай кожны выпуск непаўторны. Калі яна, ужо прызнаны майстар жывапісу, толькі прыйшла выкладаць, у яе майстэрні побач з тымі, хто ўжо спасцігаў сакрэты майстэрства ў студыях ці мастацкіх школах, вучыўся юнак, які прыехаў з вёскі і не меў нават уяўлення, што значыць вучыцца жывапісу. Але праз паўтара года ён паказваў на праглядах творы, якія былі ніяк не горшыя за творы яго аднакурснікаў. Цяпер ён заканчвае аддзяленне жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вядзе заняткі ў мастацкай студыі, і яго юныя выпускнікі паступілі ўжо і вучацца ў Гімназіі-каледжы мастацтваў. А малады мастак Вадзім Богдан, цяпер калега Алены Бараноўскай, пасля Акадэміі мастацтваў, магістратуры выкладае ў роднай навучальнай установе. У свой час менавіта група Алены Бараноўскай праходзіла майстар-класы ў Маскве.

Сёлета ўсіх уразіла, як Алена Бараноўская, перадаўшы майстэрства, дапамагла кожнаму з выпускнікоў пакінуць свой непаўторны голас. І лепшыя жывапісныя творы “Нясвіж. Зімовая вандроўка” Ксеніі Красневіч, “Новы дзень” Ганны Краўцовай, “Пленэр” Дар’і Тугай, “Дзяды. Памяць” Андрэя Салівончыка і іншыя хутка з’явяцца ў экспазіцыі Мастацкай галерэі імя І.В.Ахрэмчыка. А самі выпускнікі, можна быць упэўненым, здо­леюць, калі пажадаюць, паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы або пачаць весці заняткі ў адной з мастацкіх школ або студый (дыплом ССНУ і кваліфікацыя “мастак, настаўнік” дазваляюць ім адразу пачаць сваю педагагічную кар’еру).

Прыступка трэцяя

Права на эксперымент

Творы вядомага беларускага жывапісца Уладзіміра Клімушкі, прадстаўніка посттрадыцыі, на ўсіх выстаўках вылучаюцца арыгінальнасцю прачытання, здавалася б, звычайных рэчаў і відарысаў. Ён валодае сакрэтам адкрыцця ўнутранага святла колераў і гарманізацыі іх свячэння. І гэта пры яго схільнасці да абстрактных кампазіцый. Але яго вучні выдатна засвой­ваюць, як прынята казаць, “школу” малюнка, жывапісу, кампазіцыі. І зноў жа сёлета кожны з яго выпускнікоў прадэманстраваў у сваіх творах свой непаўторны талент, свой непаўторны голас. І пры гэтым, як заўжды, творы выпускнікоў майстэрні У.Клімушкі, калі з’явяцца на выстаўцы, будуць вылучацца канструктыўнасцю будовы, містычным свячэннем. І гэта датычыцца і твораў пра сучаснасць, і тых, дзе выпускнікі вядуць дыялог з гісто­рыяй. Гэта і “Трызна” Уладзіслава Яраслаўцава, і “Вечаровыя таямніцы” Анастасіі Чадзій, і “Дыялог” Паліны Хацяновіч, і “Францыск Скарына” Ганны Мінёнак, і “Скрыжаванні” Юліі Бардун, і “Альгерд і Кейстут” Веранікі Ткачовай, і “Альма-матар” Валерыі Зязюлькі…

А вось ідэя дыпломнай работы “Фарбы горада” Аляксандры Руткоўскай, прысвечанай далёкай, здавалася б, Венесуэле, нара­дзілася падчас рэалізацыі праекта, які быў ініцыіраваны Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. На выстаўцы-конкурсе адзін з твораў А.Руткоўскай быў адзначаны як лепшы.

Мацуюцца сувязі навучальнай установы з Італіяй (Турын, Фларэнцыя, Рым), Швецыяй (Ньючопінг). Але як бы ні ўражвала крэатыў­насць замежных калег, і выкладчыкі, і навучэнцы пераконваюцца, што без засваення асноў акадэмічнай школы ніякі эксперымент не будзе мець поспеху.

Прыступка чацвёртая

Свет мастацтва бязмежны

Яшчэ адзін былы выпускнік Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Юрый Пеўнеў прэзентаваў сёлета сваіх выпуск­нікоў аддзялення “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Сам Юрый Пеўнеў вядомы і як мастак-графік, жывапісец, і як майстар манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (ён прымаў удзел у стварэнні мазаік для будынка Савета Рэспублікі (былая бібліятэка імя У.І.Леніна), для храма Усіх Святых і інш.), а таксама выключных па філасофскай задуме і канструктыўным выкананні інсталяцый. Творы яго выпускнікоў аздабляюць калідоры Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.

Яго выпускнікі, сярод якіх пераможца Рэспубліканскага мастацкага конкурсу Цімафей Шэлег (ён прэзентаваў серыю работ у змешанай тэхніцы “Ход гульні”), літаральна заваражылі ўсіх бязмежнасцю прадэманстраваных магчымасцей дэкаратыўнага мыслення і ювелірным майстэрствам працы з самымі рознымі матэрыяламі. Станіслаў Бандарчык прадставіў да абароны вялізную кампазіцыю ў змешанай тэхніцы “Зямля маіх продкаў”, Маргарыта Буяк — серыю “Кадры жыцця” (папера, туш, пяро), Стафанія Шэршань — “Нізку нацюрмортаў” (папера, акрыл), Вольга Набебіна — серыю дрэварытаў “Святло і цень”.

Галіна БАГДАНАВА.

P.S. Першае, што здзіўляе тых, хто падымаецца на другі, трэці паверх мастацкага аддзялення, гэта лесвіца, адмыслова аздобленая металічнымі хвалістымі лініямі з устаўкамі з рознакаляровых шкельцаў. Гэта дыпломная работа Васіля Цімашова. Так-так, таго самага, што нядаўна стаў адным з лаўрэатаў першай Нацыянальнай прэміі па выяўленчым мастацтве.

Фота Васіля ЦІМАШОВА
і Уладзіміра КЛІМУШКІ.