Пялёсткі здароўя

- 16:36Дашкольная адукацыя, Рознае

Мне думаецца, што кожны педагог імкнецца да самаадукацыі і самаўдасканалення. А многія з педагагічных работнікаў — яшчэ і да самапрэзентацыі. А дзе яшчэ можна паказаць свае веды, уменні і навыкі, як не ў конкурсе прафесійнага майстэрства.
Такіх конкурсаў — рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню — у сістэме адукацыі Беларусі ладзіцца шмат. Не ведаю, як вас, а мяне заўсёды цікавіла, як склаўся далейшы прафесійны лёс пераможцаў гэтых выпрабаванняў. Ці пайшла ўгару іх кар’ера? Ці даў конкурс яго пераможцу пэўны шанс да максімальнага раскрыцця сваіх магчымасцей? Цікава, што аднаго з пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” я сустрэла ва ўстанове дашкольнай адукацыі побач з маім домам. У дзіцячым садзе № 17 Мінска Марына Алегаўна Залатарова працуе загадчыцай.

Пялёстак першы. Хачу працаваць з дзецьмі

Памятаеце дзіцячую лічылачку: “Лети, лети, лепесток, через запад на восток, через север, через юг, возвращайся, сделав круг…”? Хто з нас у дзяцінстве не марыў пра такую цуда-кветачку, якая выконвае ўсе нашы пажаданні? Марына Алегаўна Залатарова, тады яшчэ звычайная мінская дзяўчынка Марына, марыла не пра цуды, а пра тое, як вырасце і будзе сама выконваць дзіцячыя мары.
— Я заўсёды хацела звязаць сваё жыццё з педагогікай, — успамінае наша гераіня, — працаваць з дзецьмі. Думаю, што мяне ўлюбіла ў будучую прафесію мая першая настаўніца — Ганна Якаўлеўна Шышко. Пасля школы я паступіла ў сталічнае педагагічнае вучылішча № 1, пасля якога адразу пайшла працаваць выхавальніцай у дзіцячы сад. Адначасова паступіла на вячэрняе аддзяленне дашкольнага факультэта тады яшчэ Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага (зараз БДПУ імя Максіма Танка).
Марыне Алегаўне шанцавала з самага пачатку працоўнай дзейнасці. Лёс зводзіў яе з мудрымі дарадцамі і добрымі людзьмі. Нявопытнага маладога спецыяліста, які толькі пачынаў быць педагогам, падтрымала загадчыца дзіцячага сада № 526 Мінска Аксана Анатольеўна Яроменка. Гэта важна — сустрэць у пэўны момант жыцця чалавека, які падтрымае.

Пялёстак другі. Хачу пазнаць свае магчымасці

У адзін з момантаў свайго жыцця Марына Алегаўна Залатарова вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці кіраўніка фізічнага выхавання ў дашкольнай установе. Неабходныя веды пасля інстытута былі, жадання ўмацоўваць дзіцячае здароўе і дарыць малым радасць ад заняткаў фізкультурай было яшчэ больш, і Марына Алегаўна вырашыла: “Паспрабую”.
І ўсё атрымалася. Новая дзейнасць захапіла, у галаве нараджалася мноства ідэй, як умацаваць здароўе выхаванцаў, як далучыць іх бацькоў да заняткаў фізкультурай разам з малымі. Сумесна з плённай працай прыйшло і жаданне паказаць сябе, прадэманстраваць калегам свае творчыя здабыткі. Гэтае жаданне ў 2005 годзе прывяло кіраўніка фізічнага выхавання дзіцячага сада № 492 Мінска М.А.Залатарову на конкурс прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Яна перамагла ў намінацыі “Педагог дашкольнай установы”. Перамагла, хаця не да канца верыла ў тое, што мацнейшая, што зможа абысці іншых, вельмі моцных канкурсантаў. Гэты конкурс стаў самым яркім момантам у жыцці нашай гераіні. Яна і зараз, успамінаючы пра той час, не хавае эмоцый і паўтарае, што гэта не яе перамога, а перамога ўсяго калектыву дзіцячага сада.
— Конкурс даў веру ў сябе і свае сілы, — расказвае Марына Алегаўна. — Пасля яго я зразумела, што валодаю ведамі і ўменнямі, якімі магу падзяліцца з іншымі. З’явілася вера ў тое, што змагу ўзяць адказнасць не толькі асабіста за сябе, але і за калектыў.

Пялёстак трэці. Хачу пачаць новую справу

У той час у Мінску адкрывалася чарговая ўстанова дашкольнай адукацыі ў мікрараёне новабудоўляў Чырвоны Бор. Яркую пераможцу сталічнага конкурсу, зразумела, заўважылі і прапанавалі ёй стаць у новым дзіцячым садзе № 17 намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. Давялося пачынаць сваю кіраўніцкую дзейнасць разам з загадчыцай названай установы Галінай Рыгораўнай Парэцкай. І сёння Марына Алегаўна раз-пораз падкрэслівае пры размове, што лічыць Галіну Рыгораўну не проста калегай і кіраўніком — сваім настаўнікам. Зноў лёс звёў яе з чалавекам, які шчодра дзяліўся ведамі і быў сапраўдным паплечнікам.
— Пачынаць працу ў новай установе заўсёды няпроста, — расказвае М.А.Залатарова, — пакуль яшчэ няма згуртаванага калектыву. Гэта падобна на пазл, які неабходна сабраць, каб атрымаць патрэбную карцінку. Дзеткі прыйшлі ў новы сад з розных месцаў, таму кожны з выхаванцаў перажываў пэўны адаптацыйны перыяд. Нас вельмі непакоіла, што ў дзіцячым садзе на першым часе была вельмі высокая захваральнасць. Хоць мы з Галінай Рыгораўнай і разумелі, што для захваральнасці ёсць аб’ектыўныя прычыны, але вырашылі для сябе, што будзем усімі сіламі ўмацоўваць здароўе дзетак. Нам дапамагло тое, што наша ўстанова на момант адкрыцця мела паглыблены фізкультурна-аздараўленчы напрамак.
Аднак як вырашыць такую няпростую задачу? Патрабавалася сістэма работы і каманда аднадумцаў.

Пялёстак чацвёрты. Хачу стварыць каманду

Марына Алегаўна гатова гаварыць пра свой калектыў гадзінамі. Ён, гэты калектыў, малады, ёсць і праблема пэўнай цякучкі кадраў, але каля 60% педагагічных работнікаў працуюць у дзіцячым садзе № 17 з дня яго адкрыцця. Гэта людзі, якія ўжо даўно сталі камандай, тым пазлам, які склаўся, спрацаваўся, зжыўся ў адзіны працоўны арганізм.
У фізкультурна-аздараўленчай рабоце ў дашкольнай установе асноўная нагрузка кладзецца на кіраўніка фізічнага выхавання. Такіх спецыялістаў у дзіцячым садзе трое: кіраўнік фізічнага выхавання ў басейне Вольга Міхайлаўна Казей і кіраўнікі фізвыхавання Іна Віктараўна Бяляева і Наталля Валер’еўна Арустамава. Дзякуючы супрацоўніцтву названых спецыялістаў з выхавальнікамі дзіцячага сада, удалося не толькі далучыць дзяцей да заняткаў фізічнай культурай, але і зрабіць крок да фарміравання культуры здароўя ў сем’ях выхаванцаў.

Пялёстак пяты. Хачу сябраваць са спортам

Бацькі спачатку вельмі неахвотна ішлі на фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы ў дзіцячы сад. Але час ішоў, і супрацоўнікі дзіцячага сада сталі заўважаць, што лаўкі балельшчыкаў на спартыўных святах максімальна запоўнены. Значыць, пара перакваліфікаваць дарослых балельшчыкаў у актыўных удзельнікаў спаборніцтваў. Так і было зроблена. І зараз, як з гордасцю прызнаецца загадчыца ўстановы, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы з удзелам бацькоў выхаванцаў праводзяцца ва ўсіх групах без выключэння, а не толькі ў старшых. Прычым гаворка тут не толькі пра спартыўныя спаборніцтвы, але і пра віктарыны, КВЗ, гульні, выставы дзіцячых вырабаў. Сярод самых яркіх мерапрыемстваў апошніх месяцаў — гульня-віктарына “Пялёсткі здароўя” і Малыя Алімпійскія гульні, прымеркаваныя да Алімпійскіх гульняў у Сочы, “Ад гульні — да вяршынь Алімпа”. Дарэчы, на апошнім з названых мерапрыемстваў дзеці навучыліся спаборнічаць у дзвюх алімпійскіх дысцыплінах — кёрлінгу і скелетоне. Зразумела, што, прыняўшы ўдзел у эстафетах, дзеці дома з бацькамі з задавальненнем глядзелі трансляцыю Алімпійскіх гульняў у Сочы.
— Марына Алегаўна, а калі я зараз зайду ў групу і спытаю ў вашых выхаванцаў, хто такая Дар’я Домрачава, яны адкажуць на маё пытанне? — цікаўлюся ў загадчыцы дзіцячага сада.
— Думаю, адкажуць, — ні секунды не задумваючыся, гаворыць яна. — Яны ведаюць пра галоўныя перамогі беларускага спорту. Больш за тое: мы зараз рыхтуемся да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў нашай краіне, і запланавалі серыю мерапрыемстваў пад агульным дэвізам “Калі з Волатам пасябраваць — хваробы будуць уцякаць”.

Пялёстак шосты. Хачу падзяліцца вопытам

У дзіцячым садзе № 17 рэалізуецца сістэма менеджменту якасці прафілактыкі захваральнасці і фарміравання здаровага ладу жыцця навучэнцаў. Па словах М.А.Залатаровай, установа дашкольнай адукацыі прымала ўдзел у апрабацыі інтэграванай сістэмы сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу “Здароўе і фізічнае развіццё дзяцей Мінска”. Акрамя гэтага, калектыў установы з’яўляецца ўдзельнікам рэгіянальнага праекта “Сістэма работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі сталіцы” і ўладальнікам гранта Мінгарвыканкама. Таксама дашкольная ўстанова заняла 2 месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей і навучэнскай моладзі. Калектыў супрацоўнічае з выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, супрацоўнікамі МНС, ДАІ Фрунзенскага раёна Мінска, медыцынскімі работнікамі 25-й дзіцячай паліклінікі сталіцы. Такім чынам, відавочна, што ў дзіцячым садзе № 17 да захавання і ўмацавання здароўя хлопчыкаў і дзяўчынак падыходзяць сістэмна і з вялікай адказнасцю. А значыць, пра сваю работу можна расказаць калегам.
— У 2010 годзе, — гаворыць Марына Алегаўна, — на базе нашай дашкольнай установы быў арганізаваны абмен вопытам з калегамі з Масквы. Мы паказвалі сваю сістэму работы ўстановы па фарміраванні здаровага ладу жыцця выхаванцаў. Для масквічоў наша сістэма стала адкрыццём, бо мы дзяліліся не толькі тэарэтычным вопытам, але і паказвалі, як сістэма можа працаваць на практыцы, кожны дзень.
М.А.Залатарова адзначае, што заўсёды знаходзіла падтрымку ў начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Ірыны Аляксандраўны Чарняўскай, а таксама ў Наталлі Рыгораўны Шыньковай, намесніка начальніка аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі.

Пялёстак сёмы. Хачу натхніць калег

Напрыканцы нашай размовы прашу Марыну Алегаўну ўспомніць яе словы на пачатку сустрэчы і сказаць, ці змянілася зараз сітуацыя з дзіцячай захваральнасцю ў яе дашкольнай установе. Ці спрацавала сістэма? Ці вырашана тая галоўная задача, якую восем гадоў назад паставілі перад сабой Г.Р.Парэцкая і М.А.Залатарова?
— Карціна сёння зусім іншая. Тое, што зараз захваральнасць дзяцей у нашай установе знаходзіцца пад кантролем, я звязваю менавіта з праведзенай фізкультурна-аздараўленчай работай, — упэўнена Марына Алегаўна. — Педагагічны патэнцыял нашага калектыву надзвычай высокі, і мая задача як кіраўніка — забяспечыць калегам камфортныя ўмовы для работы. Канечне, мне б хацелася натхніць калег на ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства. У маіх творчых калег ёсць патэнцыял росту. Упэўнена: заўсёды важна імкнуцца да новых вышынь.

 

Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.